Трактарыст СВК “Маяк-Заполле” Мікалай Сялецкі адпрацаваў на жніве 39 сезонаў

Трактарыст СВК “Маяк-Заполле” Мікалай Сялецкі сапраўдны чалавек працы. На яго рахунку самая вялікая колькасць уборачных кампаній у раёне. На жніве мужчына адпрацаваў 39 сезонаў. Мы знайшлі Мікалая Сяргеевіча за працай у полі. Хлебароб сцвярджае, што не можа сядзець склаўшы рукі.

— Я нарадзіўся ў Амневічах, — расказвае Мікалай Сяргеевіч. — Пасля школы адвучыўся на трактарыста, затым прыйшоў працаваць у калгас. Папрацаваў крыху на адным участку, затым перайшоў на другі да Вячаслава Аляксеевіча Трафімчыка. І да гэтага часу тут шчырую. Першая мая ўборачная была ў 1983 годзе. Спачатку працаваў на старэнькім камбайне “Ніва”, праз чатыры гады мне далі новенькі “Дон”, на якім я адкатаў шаснаццаць гадоў. Пасля атрымаў новы “CLAAS LEXION”,  на якім убіраю ўраджай і да гэтага часу. Не магу сядзець без працы. Калі дома бачу праз акно праязджаючы трактар, нешта варушыцца ўнутры. Хачу працаваць! Раніцаю прачнуўся, жонцы дапамог па гаспадарцы і за руль, адразу ў поле.

— Чым у сваім жыцці Вы ганарыцеся больш за ўсё?

— Сям’ёй. У мяне цудоўныя жонка, дачка і дзве ўнучкі, харошы зяць. Мая жонка працавала выхавальнікам у дзіцячым садку, цяпер ужо выйшла на пенсію, перабраліся з ёю жыць у вёску. Дачка з сям’ёй жыве ў Карэлічах, працуе поварам у тым самым садку, дзе калісьці жонка выхоўвала дзяцей. Зяць сваімі рукамі збудаваў дом у райцэнтры. Імі і ганаруся, яны маё ўсё!

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара