Староста деревень Красное, Быкевичи и Теравичи Мария Слинько стремится во всем помочь людям

Стараста вёскі — паважаны чалавек, і гэтую пасаду давяраюць людзям вялікай адказнасці і добрай душы. Пытанні ў людзей розныя, і падтрымка мясцовай улады дарэчы. Разам імкнуцца пачуць і дапамагчы вяскоўцам.

Грамадская пасада

Марыя Іосіфаўна Слінько — стараста вёсак Краснае, Быкевічы, Церавічы Цырынскага сельсавета. На гэтай пасадзе даўно, як толькі было аб’яўлена аб іх прызначэнні ў сельскіх населеных пунктах. У той час ішла размова аб навядзенні парадку ў вёсках — і жыхары імкнуліся яго падтрымліваць.

— Людзі ў Быкевічах асаблівыя, — гаворыць жанчына. — Да прыкладу, Валянціна Мікалаеўна Халупка мае дзевяноста гадоў, а яна — добры памочнік і дарадца. Калі пытанне хвалюючае, патэлефануе — і вырашаем яго разам. Стараста вёскі — грамадская пасада, грошай не плацяць, але падзякі  атрымліваю. Дарэчы, уручылі Падзячнае пісьмо ад старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў за работу з насельніцтвам і актыўны ўдзел у рабоце мясцовага самакіравання. Узнагарода і прызнанне акрыляюць.

Вопыт працы з людзьмі Марыя Іосіфаўна мела: больш дзесяці гадоў працавала памочнікам начальніка ўчастка ДП «Цырын-Агра». Ведала  запыты вяскоўцаў, таму дала згоду займацца грамадскай дзейнасцю і  дапамагаць ім у складаных жыццёвых сітуацыях.

 Сувязное звяно

— Стараста вёскі — сувязное звяно паміж вяскоўцамі і сельсаветам, —  апавядае субяседніца і нагадвае аб тым, што яе кандыдатуру ў свой час прапанаваў былы старшыня Цырынскага сельскага Савета Расціслаў Іванавіч Худоба. Затым падтрымала Любоў Фёдараўна Атрашкевіч, якая прадоўжыла яго справу. Менавіта ў сельсавет  паведамляе пра  запыты вяскоўцаў, а прадстаўнікі мясцовай улады стараюцца прыслухацца да іх. Падтрымлівае сувязі з цяперашнім старшынёй сельвыканкама Аксанай Віктараўнай Гомза і разам вырашаюць пытанні.

Важныя пытанні

Стараста вёскі лічыць галоўным пытаннем для сельскіх жыхароў забеспячэнне палівам на зіму. Свае заяўкі вяскоўцы звычайна падаюць па тэлефоне, аб  іх просьбах Марыя Іосіфаўна  паведамляе старшыні мясцовага  сельвыканкама — і яны бяруцца на ўлік.

Яшчэ адно важнае пытанне — спілоўванне аварыйных дрэў. Яго стараста вёскі вырашае таксама сумесна  з мясцовым сельвыканкамам. «Звяртаюцца нават дачнікі», — канстатуе важнасць пытання жанчына і сцвярджае, што гэтую праблему ўдаецца вырашыць.

Святое месца

Некалькі гадоў таму было вырашана навесці парадак на могілках вёскі  Быкевічы. З разуменнем аднесліся і самі жыхары населенага пункта: унеслі  пэўны ўклад — і могілкі абгарадзілі. Вяскоўцы ўбіраюць магілкі і абкошваюць прылягаючую тэрыторыю.

Яшчэ адзін цікавы факт. На гэтых могілках пахаваны жыхары вёскі Рудашы суседняга Баранавіцкага раёна. «З вяскоўцамі- суседзямі наладзілі добрыя адносіны ў пытанні навядзення парадку на святым месцы, — гаворыць стараста вёскі. — Аплату за ўстаноўку агароджы таксама ўнеслі. Гэта святое месца, і адносіны да яго павінны быць належнымі.»

Хлеб і да хлеба

— Быў час, калі замятала дарогі, і па просьбе вяскоўцаў тэлефанавала ў сельсавет, — успамінае Марыя Іосіфаўна. — Старшыня сельвыканкама  ў сваю чаргу — кіраўніцтву КСУП «Лукі-Агра». Дарогі чысцілі — і аўтамагазін прыходзіў у вёску. Наведваецца два разы ў тыдзень: аўторак і чацвер. У продажы хлеб і да хлеба, можна даць заяўку на іншы тавар — яе выканаюць.

Па меркаванні старасты, аўтамагазін чакаюць у вёсцы, тут жывуць у асноўным людзі састарэлага ўзросту. Работнікам спажыўкааперацыі адрасуюць словы ўдзячнасці.

*       *        *

Стараста вёскі Марыя Іосіфаўна Слінько выказала словы ўдзячнасці Карэліцкаму раённаму Савету дэпутатаў, старшыням Цырынскага сельвыканкама, жыхарам вёсак Краснае, Быкевічы, Церавічы і пажадала ўсім
моцнага здароўя, мірнага неба і Боскай літасці.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА