У 2022 годзе экспарт турыстычных паслуг Карэліцкага раёна склаў 177,5 тыс. долараў ЗША

На пасяджэнні раённага каардынацыйнага савета па развіцці турызму падведзены вынікі работы за дзевяць месяцаў бягучага года.

Па словах загадчыка сектара спорту і турызму райвыканкама Аляксандра Галушкі, галоўным паказчыкам развіцця турызму ў рэгіёне з’яўляецца экспарт турыстычных паслуг.

— У сувязі з паляпшэннем эпідэміялагічнай сітуацыі і дзеяннем бязвізавага рэжыму на тэрыторыі Гродзенскай вобласці выраслі паказчыкі экспарту турыстычных паслуг, — адзначыў Аляксандр Аляксандравіч. — За дзевяць месяцаў 2022 года экспарт турыстычных паслуг Карэліцкага раёна склаў 177,5 тыс. долараў ЗША пры даведзеным плане 77,5 тыс. долараў ЗША, што склала 229% ад запланаванага.

Аляксандр Аляксандравіч расказаў і аб рабоце гасцініц у Карэліцкім раёне:

— Сярэдні працэнт загрузкі гасцініц за 9 месяцаў 2022 года склаў 30,4%. Усяго за дадзены перыяд паслугамі гасцініц нашага раёна скарысталіся 6 178 чалавек, 2 507 з іх замежныя грамадзяне. Большасць турыстаў выбрала для адпачынку гасцініцу ўстановы “Замкавы комплекс “Мір”.

Галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Юлія Ліхута расказала прысутным аб дзейнасці аграэкасядзіб у Карэліцкім раёне ў 2022 годзе і давяла Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 351 ад 4 кастрычніка 2022 года “Аб развіцці аграэкатурызму”:

— На тэрыторыі Карэліцкага раёна зарэгістравана 15 аграэкасядзіб. Сем сядзіб размяшчаюцца ў г. п. Мір, астатнія знаходзяцца ў сельскіх населеных пунктах. Колькасць пастаянна вар’іруецца.

Чацвёртага кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 351 “Аб развіцці аграэкатурызму”, які рэгламентуе дзейнасць у гэтай сферы. Юлія Аляксандраўна расказала, як зменіцца праца аграсядзіб пасля ўступлення яго ў сілу:

— Абноўлены дакумент у цэлым станоўча адаб’ецца на ўдасканаленні рэгулявання дзейнасці ў сферы аграэкатурызму, дазволіць павысіць якасць аказваемых паслуг. Адна з самых значных змен заключаецца ў тым, што з гэтага часу, каб сядзіба магла функцыянаваць, яе ўладальніку неабходна будзе атрымаць у райвыканкаме дазвол на вядзенне дзейнасці ў сферы аграэкатурызму. Такі прынцып дазволіць выключыць магчымасць весці гасцінічны або, напрыклад, рэстаранны бізнес пад выглядам працы аграэкасядзіб. Гэта тычыцца не толькі тых аграсядзіб, якія будуць адкрывацца пасля ўступлення ў сілу Указа, але і тых, што працавалі раней. Аформіць дазвол неабходна да 1 ліпеня 2023 года.

Указам таксама ўстаноўлена адказнасць уладальнікаў аграэкасядзіб за парушэнне грамадскага парадку і спакою тых, хто пражывае па суседстве. Калі раней адказнасць за парушэнне спакойства неслі самі госці, то пасля ўступлення ўказа ў сілу адказнасць за паводзіны сваіх гасцей нясе ўладальнік сядзібы.

Асноўныя палажэнні ўказа ўступаюць у сілу з 1 студзеня 2023 года.

Заслухалі таксама і пытанне аб разглядзе і зацвярджэнні міжведамаснага плана мерапрыемстваў па павышэнні ўзроўню турыстычнай прывабнасці Карэліцкага раёна на 2023 год. Сярод прапанаваных мерапрыемстваў можна выдзеліць правядзенне міжнароднай акцыі «Ноч музеяў», удзел у рэспубліканскім турыстычным конкурсе “Пазнай Беларусь!”, арганізацыю і правядзенне калядных і навагодніх прадстаўленняў у аграэкасядзібах і музеях і многае іншае.

Сяргей СТОЛЯР