У Карэліцкай раённай бібліятэцы адсвяткавалі юбілей Якуба Коласа

У ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка» праведзены вечар-партрэт «Маіх радкоў няма без Беларусі», прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа.

«Слова — радасць, слова — чары…»

Народны паэт Беларусі Якуб Колас нарадзіўся 3 лістапада (па старым стылі 22 кастрычніка) 1882 года ў сям’і лесніка непадалёку ад вёскі Мікалаеўшчына, у засценку Акінчыцы (цяпер уваходзіць у тэрыторыю горада Стоўбцы).

Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў Альбуці. «Альбуць запомнілася мне найбольш яскрава, — пісаў Якуб Колас у «Аўтабіяграфіі». — Там была цікавая прырода. Леснікова пасада стаяла на бойкай дарозе, ішлі і ехалі людзі. Многа рознага люду перабывала ў нашай хаце. Нязмоўклыя цікавыя гутаркі новых людзей пашыралі мой запас ведаў аб людзях наогул і далі мне багаты матэрыял для назірання».

Свой першы верш «Вясна» напісаў, калі яму было 12 гадоў, на роднай беларускай мове і прачытаў бацьку. «Бацька паслухаў мяне ўважліва, — успамінаў паэт, — потым запытаў, ці праўда, я гэта напісаў, і даў рубель гасцінцу»…

Прырода роднага краю для паэта заставалася на працягу ўсяго жыцця жыватворнай крыніцай творчага натхнення. У сваіх творах успамінае пра «малады алешнік», «старыя вербы», «каржакаваты дуб», «зялёны луг», «зрэзанае сахамі, баранамі, плугам поле…

«А вось пра Яго Вялікасць Слова Якуб Колас у аднайменным вершы піша:
Слова — радасць, слова — чары,
Вобраз вечна юных вёсен,
Ёсць ты ўсюды: ў сонцы, ў хмары,
Ты глядзіш праз неба просінь…

Якуб Колас разам з народам радаваўся, калі адкрыліся першы Беларускі дзяржаўны тэатр, Беларуская дзяржаўная бібліятэка, акадэмія навук БССР, віцэ-прэзідэнтам якой быў пясняр з часу яе заснавання.
Народны паэт адгукаўся на ўсе падзеі жыцця Беларусі. Гучала яго слова і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 24 чэрвеня ў газеце «Правда» быў надрукаваны на беларускай мове верш «Фашысцкага пса на ланцуг». Верыў у перамогу і ў тое, што родная зямля загоіць раны:

«Я ведаю … загояцца ўсе раны.
З пажарышч край паўстане, расцвіце
Ва ўсёй сваёй красе і паўнаце!»

У пасляваенны час не толькі выконваў абавязкі віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР, але займаўся грамадскай дзейнасцю, быў членам урада, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і СССР. Шмат увагі ўдзяляў дзецям, моладзі, маладым літаратарам.

«Кнігі Коласа нам і калыскай, і школай былі», — словы Пімена Панчанкі паўтаралі і будуць паўтараць новыя пакаленні. Заўсёды патрэбна яго багатая спадчына: паэмы, вершы, апавяданні, драматургія, публіцыстыка…

І выканальніцкае майстэрства, і гасціннасць па-карэліцку

… Слова за словам удзельнікі вечарыны ўспаміналі творы любімага паэта. Слухала вершаваныя радкі — і на сэрцы станавілася па-асабліваму лагодна. Ускалыхнулі вершы і ўрыўкі з паэм, якія чыталі Наталля Адамцэвіч, Марыя Касцюкевіч, Васіліна Буй, Ганна Рудзяк. Заінтрыгавала і выканальніцкае майстэрства ўдзельнікаў сцэнічных пастановак. На пэўны час пераносішся ў далёкі коласаўскі час і пражывеш жыццё з яго героямі. Асаблівае ўражанне аказалі беларускамоўная п’еса «За дождж» і інсцэніроўка казкі «Леў і воўк».

Вядучыя вечарыны, работнікі культуры Аляксандр Чарапанаў і Вікторыя Балашэнка, вучні сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы Мілана Манкевіч і Дар’я Лагута пастараліся на славу: словы ішлі ад чыстага сэрца і заварожвалі слухачоў. Усё навокал: дрэвы, кветкі, лялькі, рушнікі, каласы ў прыгожай зале нагадвалі аб нашай беларускасці.

Да свята бібліятэкары ўсё прадумалі да драбніц. Цікавая выстава-ілюстрацыя Мікалая Селешчука да кнігі Якуба Коласа «Сымон-музыка» кранала па-свойму, а жадаючых сфатаграфавацца чакала фотазона «Сэрца пакідаю вам…»

Прадэманстравалі бібліятэкары і сваю гасціннасць: на гастранамічнай пляцоўцы гасцей чакалі стравы нацыянальнай кухні. Чаго тут толькі не было: бульба, яешня, агуркі салёныя, вантрабянка, дранікі бульбяныя, бліны мучныя, каўбаса вясковая, паляндвіца, гарбата з зёлкамі.»

«… І ўжо адтуль рукою маткі
На ўслон шпурляліся аладкі,
А дзеці іх даўно сачылі
І на ляту блінцы лавілі,
Заядла мазалі іх здорам.
Стаяў асобна ў місцы скорам
Сяго-таго для верашчакі
Хоць невялікія прысмакі
Цыбуля, перчык, ліст бабкоў
Ды сальца некалькі брускоў,
Мука і квас — і ўся прыправа,
Але ўсё снеданне цікава…»
(Якуб Колас. «Новая зямля»).

Дарэчы, пра адну адметнасць вечарыны хацелася б сказаць асобна: яе ўдзельнікамі ў пераважнай большасці былі вучні школ райцэнтра. У чытальнай зале раённай бібліятэкі, дзе ладзілася свята, яблыку не было дзе ўпасці. На дзіцячай гульнёвай пляцоўцы бібліятэкар Марына Вярбіцкая праводзіла віктарыны і гульні для дзяцей.

Дырэктар Лілія Арцюх адзначыла пераможцаў конкурсу «Лета і кніга», імі з’яўляюцца Дар’я Лабоцкая, Дар’я Шах, Мілана Манкевіч, Уладзіслава Клікоцкая, Ксенія Кузьміч, Ксенія Варанюк.

«Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю», — пісаў Якуб Колас. У прыгажосці і велічы Яе Вялікасці мовы давялося ў чарговы раз пераканацца на вечарыне. Свята разам з бібліятэкарамі ладзілі супрацоўнікі раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, дзіцячай школы мастацтваў, вучні школ райцэнтра, і яно атрымалася душэўным. ,

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА