Вакол столькі цікавага, варта толькі прыгледзецца

У Карэліцкі раён я трапіў, можна сказаць, выпадкова. Калі вучыўся на пятым курсе ўніверсітэта, на другім паверсе нашага корпуса вывесілі спіс раёнаў, куды можна паехаць працаваць па размеркаванні.

Насупраць кожнага раёна значылася, што ім патрабуецца настаўнік рускай мовы. Я ж марыў выкладаць беларускую, таму нацэліўся ў “Зубронак”, дзе патрабаваліся важатыя. Дэкан сказала, што знойдзе мне месца выкладчыка роднай мовы, а праз тыдзень выклікала да сябе і спытала:

— У Карэлічы паедзеш?

Дзе знаходзяцца Карэлічы, я не ведаў, але згадзіўся. Мне прапанавалі два месцы ў родных Ляхавічах, але я прыехаў працаваць у Лукі. Прывітанне!

Пасля першага году працы набыў сабе ровар. Двухколавы сябра дазволіў мне бліжэй азнаёміцца з ваколіцамі. Старэйшыя калегі падказвалі, куды можна паехаць, расказвалі, што цікавага я там убачу. З сабой у “пакатушкі” браў дзяцей. Хутка сфарміравалася кампанія, якая аб’ехала са мною палову раёна. Хацелася б паехаць і далей, але вымушаны быў прымаць да ўвагі тое, што са мною дзеці. Самым далёкім падарожжам у той час была паездка ў Мірскі замак. Самай малодшай удзельніцы той вандроўкі было 13, але яна з гонарам вытрымала гэты іспыт і гатова была паехаць яшчэ і ў Нясвіж.

Мне спадабаўся раён, мне спадабалася тая колькасць цікавых прыгожых мясцін, раскіданых па ім. Дзецям таксама было цікава. Я стараўся не браць з сабой вялікую кампанію, таму наша групка была вельмі дружнай. З часам дзеці вырасталі, паступалі вучыцца далей і “пакатушкі” з дзецьмі станавіліся больш рэдкімі. Яны перараслі ў цікавыя і захапляльныя паездкі з атрадам “Турысты”.

Да чаго вяду? Размаўляю з многімі жыхарамі раёна, і часта чую аб тым, што яны не ведаюць тых ці іншых месцаў. Некаторыя нават ні разу не былі ў Мірскім замку. Азірніцеся вакол, карэліччане: вакол вас столькі цікавага, варта толькі прыгледзецца.

6