Мірская народная вакальная група ветэранаў працы адзначыла 35-гадовы юбілей

12 лістапада глядзельная зала Мірскага гарадскога Дома культуры была напоўнена людзьмі, якія прыйшлі павіншаваць народную вакальную групу ветэранаў працы з 35-гадовым юбілеем.

35 год — гэта памяць і гісторыя, гэта імгненні, напоўненыя выдатнымі выступленнямі, цяплом зносін артыстаў і гледачоў, натхненнем і трапятаннем адзінства сэрцаў.

На сцэну падняліся віноўнікі ўрачыстасці. Усе віншаванні, песні і ўсмешкі ў гэты вечар былі для іх.

Першымі павіншаваць юбіляраў выйшлі загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Генадзій Карпаленка і дырэктар ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” Наталля Гароднік.

— Паважаныя сябры, дарагія ветэраны! Я думаю, што для такіх творчых і мэтанакіраваных людзей як вы, 35 год творчай дзейнасці — зусім няшмат, — сказаў Генадзій Анатольевіч. — Я веру, што ў вас усё яшчэ наперадзе, вы зможаце тварыць і далей. Сапраўды, песня — увасабленне душы. Тое, што вы займаецеся выкананнем народных песень, вельмі выдатна. Так вы захоўваеце нашы традыцыі, нашу культуру і робіце гэта толькі дзякуючы вашаму энтузіязму. Дазвольце ў ваш юбілей пажадаць многіх гадоў жыцця, моцнага здароўя, творчых поспехаў. Няхай у вашым калектыве пануюць дабро, узаемаразуменне, узаемадапамога, а вы сваёй творчасцю будзеце несці ў масы цеплыню, любоў і дасканаласць.

— Шаноўныя нашы юбіляры! Час ляціць вельмі і вельмі хутка. Колькі людзей прайшло праз гэты цудоўны калектыў! Некалі ён быў харавым, дзе былі цудоўныя салісты, быў цудоўны мужчынскі склад калектыву. Вы выступалі на ўсіх фестывалях, конкурсах і, дарэчы, выступалі годна, праяўлялі высокі ўзровень вакальнага майстэрства і высокі талент. Дай Бог вам, вашым родным і блізкім моцнага здароўя, а вашай душы — вясёлых, узнёслых, светлых пачуццяў. І каб яшчэ шмат год мы, гледачы, вамі натхняліся, натхняліся вашымі песнямі. Жадаю, каб такія юбілеі здараліся ў вашым калектыве яшчэ не раз. Шчыры дзякуй і творчых вам поспехаў, — павіншавала юбіляраў Наталля Мікалаеўна і ўручыла ім памятны падарунак.

У адказ на шчырыя віншаванні ўдзельніцы хору выканалі некалькі сваіх песень, якія прадэманстравалі сапраўдны майстар-клас і атрымалі як узнагароду апладысменты.

За такі вялікі час існавання калектыў змяніў мноства ўдзельнікаў. На юбілеі прадаставілі слова Тамары Нарбутовіч, якая стала ўдзельніцай хору з першых дзён яго стварэння.

— У нашым хоры было адзінаццаць мужчын, гэта быў наш гонар. А жанчын было ўдвая больш. Мы былі запатрабаваны паўсюль, — расказвае Тамара Васільеўна. — Нас усюды запрашалі, мы выступалі нават у Польшчы, дзе спявалі на польскай мове. Нам апладзіравалі стоячы.

Не абышлі на мерапрыемстве тых людзей, якія ў розныя часы кіравалі хорам. Цёплым словам успомнілі Лілію Міхайлаўну Лісіцу, Анатоля Анатольевіча Башко, Давіда Давідавіча Мурзіча, Вольгу Мікалаеўну Наумовіч, Алу Аркадзьеўну Крапіўніцкую. Асабліва выдзелілі галоўнага арганізатара і натхняльніка Любоў Рубінаўну Варановіч, дзякуючы якой 35 гадоў таму быў створаны хор ветэранаў вайны і працы.

На дадзены момант ідэйным натхняльнікам і кіраўніком гэтага самабытнага калектыва з 1998 года з’яўляецца Вольга Ведзянеева, якая таксама павіншавала калектыў з юбілеем.

— Калі ў 1998 годзе я прыйшла маладым спецыялістам працаваць у наш раён, Мікалай Аляксеевіч Савацееў прывёў мяне ў гэты Дом культуры, паказаў хор, — успамінае Вольга Анатольеўна. — Мне было страшна пачынаць, гэта быў сур’ёзны калектыў са званнем народнага. Я была маладая, ніколі не працавала з такім калектывам, а тут людзі ўсе вопытныя, але, дзякаваць Богу, мяне добра ўспрынялі, падказвалі, дапамагалі.

Важна адзначыць, што за высокі ўзровень выканання ў 1995 годзе калектыву было прысвоена званне “народны”. У 2006 годзе народны хор ветэранаў вайны і працы быў перайменаваны ў народную вакальную групу ветэранаў працы. Народны хор неаднаразова з’яўляўся ўдзельнікам абласных і раённых святаў і фестываляў, конкурсаў, дзе займаў пачэсныя месцы і атрымліваў заслужаныя ўзнагароды; з’яўляецца ўдзельнікам штогадовага абласнога фестывалю “Не старэюць душой ветэраны”. На базе калектыву створана аматарскае аб’яднанне “Собеседница”, якое прымае актыўны ўдзел ва ўсіх творчых мерапрыемствах Мірскага сельскага Савета і Дома культуры.

Са словамі віншавання выступіў старшыня Мірскага сельскага выканаўчага камітэта Аляксандр Маркевіч:

— Паважаныя жанчыны, прыгожыя, маладыя, добрыя, вясёлыя. Віншую вас з вашым юбілеем. Хочу пажадаць здароўя, творчых поспехаў, невычэрпнага душэўнага парыву і імкнення збірацца тут, рэпетыраваць, выступаць. Са святам!

Яшчэ адным госцем свята стала загадчык аддзела культуры і вольнага часу “Жухавіцкі Дом культуры” Святлана Абламейка, якая таксама павіншавала юбіляраў са святам і ўручыла памятны падарунак.

Для юбіляраў і ўсіх прысутных быў зладжаны канцэрт, на якім выступілі артысты Мірскай дзіцячай школы мастацтваў, Жухавіцкага дома культуры, Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Мне давялося пагутарыць з Тамарай Васільеўнай Нарбутовіч, якая спявае ў хоры з самага пачатку заснавання калектыву. 84-гадовая жанчына і сёння прымае ўдзел у жыцці хора.

— Мяне запрасіла Лілія Міхайлаўна Лісіца, наш першы кіраўнік, — успамінае Тамара Васільеўна. —  Ніякіх цяжкасцяў, ніякіх праблем не было. Мы заўсёды дружнымі былі, збіраліся разам, танчылі, спявалі. Выступалі на ўсіх мерапрыемствах і ў раёне, і ў вобласці. Вельмі падабаецца ў калектыве. Каб не ён, сумна было б жыць. А так мы сустракаемся, пасядзім, пагаворым, паспяваем песні. У мяне яшчэ шмат сіл. Каб патрэбна было, то і польку б станчыла!

 

Сяргей СТОЛЯР

Фота і відэа аўтара