Выставка «Сделано в СССР», работающая в средней школе №1 г.п. Кореличи, поможет вернуться на несколько десятилетий назад

Вярнуцца на дзясяткі гадоў у мінулае… Усё гэта магчыма, калі наведаць музейны пакой, які працуе ў  ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы”.  У экспазіцыі пад назвай “Зроблена ў СССР”, прымеркаванай да 100-годдзя ўтварэння СССР, якое адзначыцца 30 снежня,  сабраны  рэчы савецкіх часоў,  і каля іх няма таблічак «не чапаць рукамі» – усе экспанаты можна ўзяць у рукі і ўважліва разгледзець.

У час восеньскіх канікул у рамках акцыі “Дзень старэйшага пакалення” разам з наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання для састарэлых грамадзян ДУ ”Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” пабывалі ў ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы”,  дзе наведалі экспазіцыю музея “Спадчына”  пад  назвай “Зроблена ў СССР”. Кіраўнік музея Наталля Ляўковіч правяла экскурсію па  выставе,  усе экспанаты  ўдала размешчаны па тэматычных раздзелах.

–          30 снежня  –   юбілейная дата, якая паслужыла перадумовай сабраць рэчы і напоўніць музейны пакой ва ўстанове адукацыі  духам мінулага стагоддзя, а  дапамаглі  ўсё ажыццявіць  адміністрацыя, педагогі  і работнікі школы, – пачала свой аповед Наталля Леанідаўна. – У музейна-вобразным кутку, які імітуе пакой часоў СССР,  акно завешана шторамі і цюлем тых часоў,  славуты трэльяж, крэсла, насценны і напольны дываны,  лямпавы тэлевізар, гадзіннік, абрус з плюшавай тканіны ў кветкі,  невялікі стол, настольная лямпа з прыгожым абажурам,  плеценыя з лазы этажэркі, на якіх стаяць вазаніцы з хатнімі кветкамі. Для  сённяшніх вучняў усё эта незвычайна і цікава, а для вас,  людзей старэйшага,  – гэта ўспамін перажытага,  вяртанне ў дзяцінства і маладосць, – засяродзіла ўвагу кіраўнік музея.

Далей разам з экскурсаводам мы адправіліся на імправізаваную  кухню той далёкай эпохі, дзе ўбачылі мноства рэчаў: талеркі, вырабы са шкла, бутэлькі, тэрмас і шмат чаго іншага. А яшчэ  пачулі нешта накшталт міфа пра гранёны стакан, пра   торбу-авоську, якую заўсёды насілі ў кішэні, “а  вось, на што натраплю”.

Спыніліся  на экспазіцыі з тэкстылем. Там убачылі некаторыя вырабы, на якіх захаваліся этыкеткі з коштам. Тут да размовы далучыліся   прадстаўнікі старэйшага пакалення. Яны ўспомнілі і пра  модны абутак таго часу, і пра адзенне, якое любілі насіць самі і  ў якое прыбіралі сваіх дзяцей.

Добрым напамінкам мінулага сталі  савецкія цацкі.   Дызайн іх  тыповы, затое яны  надзейныя, неардынарныя, перадаваліся па спадчыне і заставаліся любімымі доўгія гады. У многіх дамах і сёння на паліцах або ў скрынях  захаваліся напамінкі пра бесклапотнае і радаснае дзяцінства. Тут можна ўбачыць і  электронныя гульні 80-х гадоў, і маленькія сцяжкі, што з’яўляліся атрыбутамі  дэманстрацый.

Апошні прыпынак –  розныя рэчы са знакам якасці “Зроблена ў СССР”.

Савецкае мінулае – частка гісторыі нашай краіны, а для дарослага пакалення – частка дзяцінства і бесклапотнага юнацтва, з якімі звязаны самыя светлыя ўспаміны. Музей савецкай эпохі – гэта ўнікальная магчымасць для старэйшага пакалення ненадоўга вярнуцца назад, у мінулае, і апынуцца ў асяроддзі такіх знаёмых з дзяцінства рэчаў, а для маладых – магчымасць дакрануцца да гісторыі, адчуць гонар за краіну, якая перамагла фашызм, першай адправіла чалавека ў космас, якая не ведала роўных у спорце і навуцы.

Сваімі ўражаннямі падзялілася наведвальнік аддзялення дзённага  знаходжання для састарэлых грамадзян ДУ ”Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” Вера Сцяцко:

– Вельмі прыемна, што  ў школе  задаліся мэтай захаваць  пераемнасць пакаленняў і адзінства нашай гісторыі, бо, забываючы мінулае, у нас не будзе будучыні. Кожны,  хто наведаў сёння музейны пакой,   знайшоў тут тое, што яго грэе: дзіцячыя цацкі,  посуд, прадметы хатняга ўжытку, старую добрую савецкую бытавую тэхніку.  Словам, тое, што штодня акружала звычайнага савецкага чалавека. Усё, што сабрана на выставе, уяўляе  цікавасць. Нас як быццам вярнулі ў мінулае. Нават цяпер мы глядзім на гэтыя рэчы з цікавасцю, здзіўленнем, а калісьці мы імі карысталіся, яны прыносілі нам радасць, без іх, гэтых рэчаў, нельга было абысціся. Усё немагчыма апісаць, гэта трэба бачыць уласнымі вачыма, адчуць, успомніць нешта сваё, запаветнае, патаемнае. Час знаходжання на выставе прайшоў як адно імгненне. Уражанні ад наведвання вельмі прыемныя.  Вельмі добра,  што кожны з прысутных   мае магчымасць  папоўніць музей  рэтра-экспанатамі,  і ў бліжэйшы час некаторыя рэчы будуць  перададзены  кіраўніку музея.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара