В Кореличах подвели итоги работы Белорусского союза женщин

Напярэдадні  галоўнага свята года  ў Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці ў незвычайным фармаце  сабраліся разам старшыні і прадстаўнікі пярвічных арганізацый Карэліцкай раённай арганізацыі  РГА“Беларускі саюз жанчын”, каб падвесці вынікі работы  і намеціць асноўныя напрамкі дзейнасці на бліжэйшы перыяд.

Да прысутных звярнулася старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі РГА “Беларускі саюз жанчын” Нэлі Маісеенка.

–        Сёння ў склад  ГА “Беларускі саюз жанчын”  Карэліцкага раёна ўваходзіць дваццаць пярвічных арганізацый. Прыемна адзначыць, што кожны год рады нашай арганізацыі папаўняюцца. У пачатку наступнага каляндарнага года  да нас далучацца  яшчэ тры  пярвічныя арганізацыі: ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай”, ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы”, УА “Мірскі дзяржаўны каледж”. За мінулыя гады раённая арганізацыя  БСЖ  назапасіла  вопыт і рэальнымі справамі даказала гатоўнасць да плённага дыялогу з дзяржавай і інстытутамі грамадзянскай супольнасці для вырашэння сацыяльна значных задач. На сённяшні дзень праз рахунак нашай арганізацыі прайшло 3320 рублёў. Частка грашовых сродкаў была адлічана  на віншаванні работнікаў культуры, адукацыі, былі адлічэнні на ўдзел у рэспубліканскіх акцыях “Збяром партфель разам”, “Нашы дзеці”.  Не засталіся без нашай увагі і раённыя мерапрыемствы,  прысвечаныя Дню Незалежнасці, Дню маці, Дню бацькі  і інш.  Мы робім агульную добрую справу.

Нэлі Аляксандраўна падзякавала ўсім  удзельнікам за працу,  неабыякавасць да чужых праблем.

– Усіх нас аб’ядноўвае зацікаўленае стаўленне да будучыні нашай краіны, нашых дзяцей, да  стану грамадскай маралі,  да становішча жанчыны ў сям’і і грамадстве. Безумоўна, мы, жанчыны, павінны падставіць плячо дзяржаве, інстытутам улады і разам вырашаць наспеўшыя праблемы на карысць нашых сем’яў і грамадства ў цэлым.

Павіншавала ўсіх прысутных  з надыходзячым Новым годам і пажадала міру, спакою і шчасця.

На працягу ўсяго мерапрыемства было сказана шмат прыемных слоў у адрас прысутных,  а цудоўную святочную атмасферу стварылі работнікі культуры,  з якімі ўдзельнікі мерапрыемства зрабілі віртуальнае падарожжа па свеце.

–             БСЖ – адна з  аўтарытэтных  грамадскіх арганізацый краіны, – лічыць лідар пярвічнай арганізацыі  ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка” Лілія Арцюх. – Яна вядомая сваімі традыцыямі і навацыямі, добрымі справамі. Сёння мы стараемся трымаць высокую планку ў сваёй дзейнасці, падтрымліваць і развіваць пачынанні, якія робяць цалкам унікальнай практыку нашай работы. Наша пярвічная арганізацыя невялікая,  налічвае  дванаццаць чалавек, але  мы заўсёды  актыўна ўдзельнічаем у розных  дабрачынных, працоўных акцыях.   Наш калектыў цесна супрацоўнічае з ДУА “Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі  Карэліцкага раёна”. Яго выхаванцы прыходзяць на  мерапрыемствы, якія праводзяцца на базе бібліятэкі, а ў  Дзень кнігадарэння  заўсёды ўручаем ім кнігі.  Дэвіз нашай пярвічнай арганізацыі – “Рабі дабро ўсюды, заўсёды, усім”.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара