Благотворительная елка в Кореличах собрала ребят со всех уголков района

У Карэліцкім раёне працягваецца акцыя “Нашы дзеці”. У рамках яе ў сярэдняй школе №1 райцэнтра прайшла раённая дабрачынная ёлка, на якую запрасілі дзетак з прыёмных і апякунскіх сем’яў, рабят, якія маюць інваліднасць, а таксама выхаванцаў Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Карэліцкага раёна.

Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў, намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА РГА “Белая Русь” Яўген Чычкан, начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама, старшыня Карэліцкай РА “Беларускі фонд міру” Ірына Асташэвіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока.

Напачатку ганаровыя госці прывіталі тых, дзеля каго усе сабраліся на свята. Аляксандр Шкадаў сказаў, што правядзенне такіх мерапрыемстваў стала добрай традыцыяй:

— Мы прыйшлі не толькі каб падарыць вам, дарагія дзеці, салодкія падарункі, але падарыць часцічку свайго цяпла, сваёй увагі, і я спадзяюся, што вы будзеце доўга памятаць цеплыню гэтай сустрэчы.

— Калядныя святы — гэта час, калі здзяйсняюцца цуды, — сказала Эльвіра Сарока. — Мне хочацца пажадаць, каб вы ніколі не спыняліся на шляху да здзяйснення сваіх мараў. Вельмі важна, каб вы ведалі, што знаходзіцеся ў атачэнні сяброў.

Аляксандр Сонгін шчыра прызнаўся, што дагэтуль верыць у Дзеда Мароза:

— Дзед Мароз — гэта нешта чароўнае. Гэта навагодні настрой, падарункі, гэта нейкі цуд. Я жадаю вам усім, дзеці і дарослыя, моцнага здароўя. Дзеткам жадаю стараннай вучобы і добрых, яркіх, пазітыўных цудаў у жыцці не толькі пад Новы год. Няхай яны адбываюцца, калі не кожны дзень, то як мага часцей.

Яўген Чычкан ад імя грамадскага аб’яднання “Белая Русь” падарыў дзіцячаму саду № 1 г.п. Карэлічы грашовы сертыфікат, а таксама ўручыў Цэнтру карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Карэліцкага раёна сертыфікат ад імя Беларускага саюза жанчын.

Ірына Асташэвіч уручыла сертыфікаты дзіцячаму садку №2 г.п. Карэлічы, Лукскаму дзіцячаму саду і раённаму Цэнтру творчасці дзяцей і моладзі, а таксама адзначыла, што на сродкі райвыканкама была набыта мэбля для актавай залы СШ №1, для СШ г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай набыты ноўтбук, а для Жухавіцкай СШ — новая пасудамыйная машына.

Падчас навагодняга свята дзяцей забаўлялі казачныя Баба Яга, якая вырашыла адкрыць свой тэатр, і Бураціна, які вырашыў ёй дапамагчы. Разам з казачнымі персанажамі дзеткі падабралі персанал для новага тэатра. Ацаніць працу дзяцей і падарыць падарункі прыйшлі Дзед Мароз і Снягурачка.

— Дабрачынная ёлка — падарунак для дзяцей, якія не маюць бацькоў, альбо маюць фізічныя абмежаванні, — кажа прыёмная мама Ірына Кучко. — Сёння адбылося сапраўды цудоўнае свята, і, дзякуючы нашаму Прэзідэнту ў краіне існуе такая традыцыя. Свята дзяцінства, шчасця і міру. Уражанні самыя добрыя, было цудоўна і весела.

— Свята вельмі спадабалася, — дзеліцца Таццяна Сташчанюк. — Такія мерапрыемствы вельмі добрыя для дзетак, цудоўна, што ёсць такія святы, што пра дзетак не забываюць. Галоўнае, што свята ўсім спадабалася. Гульні, прадстаўленне — усё атрымалася.

Сяргей СТОЛЯР

Фота Іны ЛЕЙКІ