17 снежня царква святой Варвары ў аграгарадку Райца адзначае 205-годдзе

17 снежня бягучага года царква святой Варвары ў аграгарадку Райца адзначае 205-годдзе, у 2023 годзе  — 20-годдзе з дня свайго аднаўлення. З гэтай нагоды гутарым з настаяцелем храма, іерэем Аляксеем ШЫШКІРАМ.

—  Айцец Аляксей, пачаць нашу размову хацелася б з назвы царквы  святой Варвары. Чаму святыня носіць менавіта Яе імя?

— Гэтае пытанне трэба было б задаць будаўніку царквы Францішку Раецкаму. Мы можам толькі выносіць свае меркаванні, але дакладна вядома, што жонка Францішка Раецкага насіла імя Варвара (на заходні манер — Барбара). Святая Варвара шануецца не толькі ў праваслаўнай царкве, але і ў католікаў.

З самага пачатку царква будавалася як касцёл-пахавальня, але гістарычна вядома, што гэты касцёл у 1863 годзе быў перададзены праваслаўным і атрымаў новую назву: царква Праабражэння Гасподняга. Пасля аднаўлення ў 2003 годзе гістарычная назва зноў вярнулася. Храм быў асвечаны ў гонар святой Варвары.

— Ад чаго ахоўвае святая Варвара?

— Да святой Варвары звяртаюцца, каб не адысці ў вечнасць непадрыхтаваным, паспець пакаяцца ў сваіх грахах і не памерці без святога прычасця,  гэта для кожнага хрысціяніна вельмі важна. На кожным набажэнстве ў царкве аб гэтым моляцца, таму святую Варвару на іконах можам часта бачыць з чашай у руках. Але да святой Варвары можна звярнуцца і ў розных складаных жыццёвых сітуацыях.

— Як часта на службах Яе ўслаўляеце?

— На кожным набажэнстве, у канцы службы перад каўчэгам з машчамі святой Варвары спяваюцца хвалебныя песнапенні.

—  Якія мерапрыемствы плануце правесці ў дзень святой Варвары?

— Па-першае, святочнае набажэнства. Яшчэ плануецца адкрыццё ў прыходскай Нядзельнай школе выставы работ гродзенскай мастачкі Аксаны Воінавай.

— Дзевяць гадоў Вы служыце ў гэтым прыходзе. Ці задавальняе месца і якія адносіны з прыхаджанамі? Ці адчуваеце божую руку?

— Я палюбіў гэтае месца, храм, Райцу, людзей усёй душой. Зараз не ўяўляю сябе без гэтага каштоўнейшага скарбу. Аказалася, што мае карані адсюль — мая прабабуля Надзея родам з Райцы, і тое, што сваякі зараз жывуць тут,  гэтая асаблівасць яшчэ больш зблізіла. У гэтым бачу асаблівае кіраўніцтва Бога, што Ён накіраваў мяне сюды. Пастаянныя прыхаджане сталі адной сям’ёй.

— Якую падтрымку адчуваеце ў сваёй сям’і?

— Мы заўсёды разам, у сям’і не дзелім асабістыя клопаты і перажыванні, таму матушка Таццяна дапамагае ў прыходскіх справах — вядзе заняткі ў Нядзельнай школе. Разам выхоўваем дачок Софію і Ганну. Я са свайго боку стараюся дапамагаць матушцы па магчымасці ў яе справах. Яна працуе ў Райцаўскай сярэдняй школе педагогам-арганізатарам.

— Калі зарадзілася думка, што пойдзеце ў святары?

— У школьныя гады, калі вучыўся ў чацвёртым-пятым класе. Гэта павінна было быць, бо ўсё ішло да гэтага. Па ўсіх медыцынскіх паказчыках мой дзядуля павінен быў памерці. Ён атрымаў выздараўленне па малітвах сваёй маці перад цудатворнай іконай Божай Маці Жыровіцкай і ад святой жыровіцкай крынічкі. Калі б ён памёр, не было б маёй матулі, не было б мяне… Проста Гасподзь узяў за руку і прывёў да Сябе, і я ўдзячны Яму за гэта.

— Якую сілу мае малітва?

— Малітва — гэта размова з Богам. Яна павінна быць, як дыханне ў чалавека. Апостал Павел дае хрысціянам запавет, што мы павінны «няспынна маліцца». Самая кароткая і даступная малітва «Госпадзі, памілуй». Яе чалавек можа гаварыць на працягу дня, што б ні рабіў і дзе б ні знаходзіўся.

— Ведаю, што Вы пішаце вершы. Ці прысвячалі іх святой Варвары?

— Некалькі вершаў прысвяціў райцаўскай зямлі і царкве святой Варвары. Хачу нагадаць радкі аднаго з іх:

Царква святой пакутніцы Варвары

Сабой яднае неба і зямлю.

Прэч адышлі ўсе бязбожжа хмары,

Пара настала нам збіраць крыжы.

Крыжы, што нашы дзеды паскідалі,

Ды камяні з разбуранай царквы…

Не думай, што прайшоў ліхі той час,

Ён можа паўтарыцца хоць і заўтра.

Усё залежыць толькі ад усіх нас,

Як будзем мы мяняць сябе ўпарта.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота з архіва «Полымя»