Дашкольнікі з дзіцячага сада №1 г.п. Карэлічы наведалі раённы краязнаўчы музей

Грамадзянска- патрыятычнае выхаванне дзяцей дашкольнага ўзросту –  адна з асноўных задач, якую ставяць перад сабой педагагічныя работнікі дзіцячага сада № 1 г. п. Карэлічы.

Пачуццё патрыятызму шматграннае: гэта любоў і павага да матулі, родных мясцін, гонар за свой народ, жаданне захоўваць і прымнажаць багацце сваёй краіны. Пачынаецца яно з захаплення тым, што бачыць перад сабой дзіця, чаму яно здзіўляецца і што выклікае водгук у яго душы.

Вядома, што без мінулага няма будучага. Каб пазнаёміць сваіх выхаванцаў з тым, як жылі раней нашы продкі, мы адправіліся ў раённы краязнаўчы музей. Караян А.С., старшы навуковы супрацоўнік, правёў для нас цікавую і пазнавальную экскурсію. Тут не на малюнку, а на самой справе нашы выхаванцы ўбачылі сапраўдныя старажытныя прылады працы хлебаробаў: серп, касу, жаронцы, барану і нават лапату для выпечкі хлеба. Аляксей Сяргеевіч расказаў пра тое, як сяляне верылі ў магічную сілу хлеба, як старанна і адказна рыхтаваліся да сяўбы, зажынак.

Наведалі мы некалькі залаў: абрадаў і традыцый, залу Вялікай Айчыннай вайны, залу знакамітых людзей Карэліччыны, Беларусь XX стагодзя.

Усё было цікава! Не маглі хлопчыкі і дзяўчынкі ўтрымацца, задавалі шмат пытанняў, на якія атрымалі адказы ад супрацоўнікаў музея.

Экскурсія атрымалася вельмі цікавая і павучальная. Па дарозе ў дзіцячы сад дзеці дзяліліся сваімі  ўражаннямі ад убачанага і пачутага.

І хоць шматлікія ўражанні яшчэ не асэнсаваныя глыбока, але, прапушчаныя праз дзіцячае ўспрыманне, яны адыгрываюць велізарную ролю ў станаўленні асобы патрыёта.

Наталія СКОК,

намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці