Перед началом новогодних праздников кореличчане активно покупают елки

Кожны чалавек пад Новы год хоча акунуцца ў чароўную атмасферу святаў, атрымаць зарад пазітыву і яркіх эмоцый. А дапамагчы яму ў гэтым зможа лясная прыгажуня  галоўны атрыбут усімі чаканага  свята.

Набыць гэтае чароўнае дрэва з 21 снежня можна на елачным базары, які размясціўся на пляцоўцы  каля карэліцкага рынку. Час працы вызначаны такім чыным, каб у кожнага жыхара раёна была магчымасць набыць лясную прыгажуню.

– Рынак будзе  працаваць  штодня з 11.00 да 18.00 незалежна ад таго, які гэта дзень – будні або святочны, – расказвае ляснічы Карэліцкага лясніцтва ДЛГУ “Навагрудскі лясгас” Уладзіслаў Цвірко. – Акрамя базару, продаж будзе ажыццяўляцца ва ўсіх лясніцтвах раёна:  Ярэміцкім, Мірскім, Свіцязянскім і Карэліцкім. Мы абяцаем высокую якасць кожнай елкі, таму што спецыялісты лясніцтваў па традыцыі выбіраюць толькі самыя прыгожыя дрэвы.

Кошт лясных прыгажунь залежыць ад памеру. Так,  дрэўца вышынёй да аднаго метра можна купіць за 10 рублёў,  ад аднаго да двух – за 12 рублёў, ад двух да трох – за 18 рублёў, ад трох да пяці – за 35 рублёў.

Цікава, што з году ў год попыт на жывыя дрэвы застаецца на ўзроўні. Напрыклад у мінулым годзе падчас елачнага базару было рэалізавана каля двухсот навагодніх дрэўцаў.

Як паведаміў Уладзіслаў Уладзіміравіч,  найбольшым попытам карыстаюцца елкі сярэдняй вышыні – ад 1 да 2 метраў. Большасць карэліччан імкнуцца набыць навагодні атрыбут зранку, бо лічаць, што выбар елак большы і лягчэй выбраць тую, якая будзе будзе радаваць вока на працягу усіх свят. Сёння  да 12.00 ужо рэалізавана парадку пяці елачак.

Прыгледзецца да лясной прыгажуні ў першы дзень елачнага базару прыйшла Ірына Віцегорская:

– Кожны год на свята  ставім жывую елку, і сёлетні год не выключэнне. Любім пах хвоі, бо гэта  пах чысціні лесу, гэта ўспамін дзяцінства. Для таго, каб  лясная прыгажуня прастаяла даўжэй, ставім яе ў пясок з каменьчыкамі, а потым кожны дзень яе паліваем.  Аддаём перавагу ялінцы  высокай, каб яна, упрыгожаная,  дакраналася да столі.   Хочацца ўжо на гэтыя выхадныя парадаваць унукаў, якія вельмі чакаюць любімае свята.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара