11 тонн молока от каждой коровы планируют получить в текущем году в СПК «Свитязянка-2003»

Амбіцыйную задачу — надаіць па 10 тысяч кілаграмаў малака ад каровы — кіраўніцтва СВК “Свіцязянка-2003” паставіла перад сабой яшчэ ў 2020 годзе. І вось ужо трэці год запар трымае гэтую высокую вытворчую планку.

— Важна разумець, каб дасягнуць такога выніку, трэба працаваць ні адзін дзень і ні адзін год, — кажа галоўны заатэхнік прадпрыемства Віктар Саўко.

Па словах Віктара Канстанцінавіча, ва ўсіх гаспадарках раёна дзесяць-пятнаццаць гадоў таму генетыка дойнага пагалоўя была аднолькавай. Усе карысталіся паслугамі Карэліцкай раённай племстанцыі. Але адна справа — атрымаць цяля, зусім другая — гэтую цялушачку правільна вырасціць, атрымаць добрыя сярэднясутачныя прывагі па перыядах, па тэхналогіі, каб у далейшым з яе магла вырасці прадуктыўная карова. Далей ідзе працэс раздою, кармлення, кожны этап мае вялікае значэнне. Поспехі ў жывёлагадоўлі — заслуга не толькі жывёлаводаў. Гэта вынік комплекснай працы ўсёй гаспадаркі, бо на вынік працуюць усе. Ад механізатараў і спецыялістаў раслінаводства залежыць ураджай, а гэта значыць аб’ём закладзенага корму. Але менавіта перад жывёлаводамі стаіць вялікая адказнасць: як умела скарыстацца нарыхтаванымі кармамі, правільна скласці рацыён, тэхналагічна захаваць усе працэсы, атрымаць высокія надоі і адначасова каб якасць адпавядала. Як вынік — у СВК “Свіцязянка-2003” каля 99,7% малака рэалізуецца класам “экстра”.

З павышэннем надояў узнікае праблема іншага парадку — арганізм каровы нацэлены на малако, ён страчвае на гэта ўвесь свой патэнцыял, а яго патрэбна папаўняць. Гэта праца ветэрынараў, якія павінны сачыць за тым, каб захаваць здароўе жывёлы. Павышаюцца патрабаванні да спецыялістаў ветэрынарнай службы.

— Нават нязначны збой у наладжанай сістэме вядзе да стратаў, — кажа Віктар Канстанцінавіч. — Напрыклад, карміць жывёлу неабходна ў адзін і той жа час. Разбежка можа быць не большай за дзесяць хвілін. Вядома, што ў кожнай каровы ёсць два віды рэфлексаў: натуральны і набыты. Карова ведае, што менавіта ў гэты час яе будуць карміць — гэта набыты рэфлекс. У яе ўжо запускаюцца натуральныя стрававальныя працэсы, такія, напрыклад, як абільнае выдзяленне сліны. Таму тут не можа быць ніякіх збояў, у гэтай справе дробязей не бывае.

Што тычыцца корму, то ў гаспадарцы яго штогод нарыхтоўваюць дастаткова. У мінулым годзе на прадпрыемстве заклалі плюшчаную кукурузу, чым павысілі ўтрыманне ў рацыёне крухмалу, а гэта значыць, энергіі для каровы. Дзякуючы гэтаму гаспадарка павялічыла аб’ёмы вытворчасці малака ў бягучым годзе на 800 кг на карову.  Пры вытворчасці камбікорму ў гаспадарцы карыстаюцца ўсімі неабходнымі дабаўкамі. Раней выкарыстоўвалі замежныя, цяпер перайшлі на айчынныя, якія не саступаюць па якасці. Да таго ж прадпрыемствы-вытворцы маюць выдатных спецыялістаў па кармленні, якія могуць даць кансультацыю, дапамагчы слушнай парадай.

— Мы стараемся карыстацца перадавымі тэхналогіямі, — дзеліцца Віктар Канстанцінавіч.

Таксама неабходна стварыць умовы, у якіх карова будзе адчуваць сябе камфортна, каб яна з задавальненнем магла легчы на сваё месца, каб там было суха і мякка, бо жывёліна сінтэзуе малако ў асноўным тады, калі адпачывае. У “Свіцязянцы” па выніках 2022 года плануюць перасягнуць мяжу ў адзінаццаць тысяч кілаграмаў малака ад кожнай каровы.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара