Педагоги средней школы г.п. Мир готовят себе преемников

Якім павінен быць настаўнік, якімі асабістымі якасцямі ён павінен валодаць і што менавіта ён павінен рабіць? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні атрымліваюць вучні групы педагагічнай накіраванасці, якая працуе на базе сярэдняй школы г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай.

— Групы педагагічнай накіраванасці ў нас працуюць з 2016 года, — расказвае дырэктар школы Таццяна Шаплыка. — Дынаміка набору і паступлення паказвае, што на працягу пяці гадоў ад 40 да 72% выпускнікоў паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці. Кожны вучэбны год, акрамя мінулага, выпускнікі бралі па два мэтавыя накіраванні. Выпускніца 2021 года Валерыя Скок паступіла ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Яе аднакласніца Ілона Бойка вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці педагог-псіхолаг. Наша выпускніца Дар’я Хіневіч паступала ва ўніверсітэт па мэтавым накіраванні, паспяхова адвучылася і працуе ў Турэцкай сярэдняй школе.

Заняткі ў педагагічнай групе праводзяцца на працягу дзвюх гадзін. На адным уроку, які праводзіць настаўніца рускай мовы Людміла Пятровіч, вучні знаёмяцца з асаблівасцямі педагагічнай прафесіі. Другі ўрок праводзіць псіхолаг Кацярына Шнырко. На ім вывучаюць псіхалагічныя асаблівасці асоб саміх вучняў і высвятляюць, якімі псіхалагічнымі якасцямі павінен валодаць настаўнік.

Выпускнікі, якія закончылі педагагічны клас, маюць права паступаць у педагагічныя ўніверсітэты па рэкамендацыі педсавета. Яны павінны падрыхтаваць партфоліа за дзясяты і адзінаццаты класы і прайсці суразмоўніцтва, гутарку ва ўніверсітэце.

Асноўная мэта педагагічнага класа — даць вучням асновы педагогікі і псіхалогіі, каб у выпускнікоў, якія паступаюць вучыцца на педагагічныя спецыяльнасці, было ўяўленне аб тым, што іх чакае. Многія дзеці мараць стаць настаўнікамі, але не заўсёды ўсведамляюць, што гэта такое.

— Гэта стапрацэнтная прафарыентацыя, — кажа педагог-псіхолаг Кацярына Шнырко. — Мы актыўна ўводзім педагагічныя пробы: вучні праводзяць фрагменты ўрокаў, заняткаў.

Навучэнцы педагагічных груп праводзяць заняткі з малодшымі дзецьмі ў шосты школьны дзень. Распрацоўваць урокі сваім выхаванцам дапамагае вопытная настаўніца Людміла Пятровіч. Будучыя педагогі праводзяць выхаваўчыя і навучальныя заняткі. Часцей за ўсё такія мерапрыемствы наладжваюцца ў гульнёвай форме. Гульня падабаецца як самім навучэнцам педкласаў, так і іх малодшым сябрам.

— Адназначна сказаць, што кожны, хто займаецца ў педагагічнай групе, стане настаўнікам, нельга, — прызнаецца Таццяна Ільінічна. — Але гэта развівае дзяцей у плане іх творчасці, самапазнання. Развівае не толькі прафесійныя, але і асабістыя кампетэнцыі ў вучняў. Дзіця лепш пазнае сябе, даведваецца, на што яно здольнае. Вядучую ролю адыгрывае грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Выхаваць грамадзяніна можа толькі той, у каго з дзяцінства закладзены гэтыя кампетэнцыі. Нават калі нашы выпускнікі не стануць настаўнікам, яны будуць бацькамі і змогуць правільна выхаваць сваіх дзяцей.

Для таго, каб вучань быў залічаны ў групу, ён павінен вывучаць любы прадмет на павышаным узроўні, а для гэтага сярэдні бал у пасведчанні аб базавай адукацыі павінен быць не ніжэйшым за сем. Такая ж адзнака павінна стаяць і па профільным прадмеце.

Будучыя педагогі актыўна прымаюць удзел у шматлікіх конкурсах і праектах. Так, у 2018 годзе яны атрымалі Дыплом другой ступені ў рэспубліканскім конкурсе “Педагагіяда”, а ў наступным годзе сталі першымі. У 2020 годзе вучні педгрупы заваявалі першае месца ў конкурсе насценгазет. Настаўніца факультатыўных заняткаў Людміла Пятровіч у 2020 годзе ўзнагароджана Дыпломам першай ступені ў намінацыі “Крэатыўнасць і майстэрства”.

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка штогод праходзіць рэспубліканская канферэнцыя “Педагагічныя класы: вопыт, праблемы, перспектывы”, у межах якой праводзяцца розныя конкурсы. У 2019 годзе на конкурсе навуковых стэндапаў вучні прадставілі стэндап “Пакаленне “Z” у пытаннях і адказах”, які быў адзначаны дыпломам. У 2021 годзе для конкурсу кейс-распрацовак быў падрыхтаваны кейс “На гару ўзнімецца мудры” і апублікаваны ў зборніку педагагічных кейсаў “Лепшае педагагічнае рашэнне”. Вучні рыхтуюцца прыняць удзел у чарговай “Педагагіядзе”, якая пройдзе ў лютым. Рыхтуюцца вучні і да фестывалю педагагічных класаў, які адбудзецца на базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. На фестывалі міране прадставяць відэапрэзентацыю сваёй дзейнасці, плакат “Педагог учора, сёння і заўтра”, хтосьці з будучых педагогаў правядзе міні-ўрок, а ўся каманда пройдзе тэсціраванне на веданне педагогікі і псіхалогіі.

Акрамя гэтага, школа ўдзельнічае ў праекце БДПУ імя М. Танка “Урокі ўстойлівага развіцця”. Кожны тыдзень з вучнямі педгрупы праводзяцца анлайн-заняткі, якія вядуць студэнты альбо выкладчыкі ўніверсітэта, якія асвятляюць мэты праекта ўстойлівага развіцця, дзеляцца гатовымі канспектамі заняткаў, пасля чаго вучні педгрупы даносяць іншым вучням сваёй школы інфармацыю аб важнасці праектаўстойлівага развіцця, што таксама з’яўляецца своеасаблівымі педагагічнымі пробамі.

— Я вырашыла стаць настаўнікам, бо мой брат з’яўляецца выкладчыкам біялогіі і хіміі, — дзеліцца вучаніца дзясятага класа Паліна Ханько. —  Ён для мяне прыклад у жыцці, і мне хочацца стаць такім, як ён. Але я хацела б стаць педагогам-псіхолагам, як Кацярына Генадзьеўна. На маю думку, педагог-псіхолаг выконвае ў школе вельмі адказную місію – забяспечвае псіхалагічны камфорт для дзейнасці вучняў і настаўнікаў, дапамагае вырашаць сур’ёзныя праблемы ў сямейных узаемаадносінах, знайсці агульную мову ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу. У гэтым годзе мне прапанавалі з’ездзіць на педагагічную змену ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”. Там я пазнаёмілася з аднагодкамі, якія жадаюць паступіць у БДПУ і стаць настаўнікамі. Сустрэча з аднадумцамі яшчэ больш пераканала мяне ў правільнасці абранага шляху.

Невыпадкова выбрала педагагічную спецыяльнасць і аднакласніца Паліны Анастасія Камароўская.

— Больш за ўсё я жадаю звязаць жыццё з педагогікай, — кажа Насця. — Педагогам працуе мая старэйшая сястра, яна выкладае беларускую мову і натхняе мяне на настаўніцкую дзейнасць. Мне падабаецца працаваць з дзецьмі, атрымліваецца знаходзіць з імі агульную мову. Я хачу стаць выкладчыкам хіміі і біялогіі.

— Я лічу, што нават калі не ўсе дзеці паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці, удзел у рабоце педгрупы усё роўна адыгрывае значную ролю ў іх выхаванні, — рэзюмуе Таццяна Ільінічна.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара