У Міры адбылася сустрэча з насельніцтвам членаў ІПГ № 5 Карэліцкага райвыканкама

Сустрэча з насельніцтвам гарадскога пасёлка Мір адбылася ў мясцовым сельвыканкаме. Адкрыў яе намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, кіраўнік інфармацыйна-прапагандысцкай групы № 5 Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан. Тэма: «Асноўныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне інфармацыйнай бяспекі».

Яўген Мікалаевіч засяродзіў увагу прысутных на тэме адзінага дня інфармавання насельніцтва, дзе ўдзяліў увагу пытанням інфармацыйнай бяспекі ў інтэрнэт-прасторы і банкаўскіх установах. Прамоўца параіў нікому не называць сваіх прафесійных дадзеных, бо, на вялікі жаль, існуе шмат фірмаў і сайтаў, якія імкнуцца завалодаць чужымі грашыма. З гэтай нагоды выказаў меркаванне, што нядрэнна было б мець дзве банкаўскія карткі, адна з іх для пералічэння заробку, другая — для разлікаў за паслугі і тавары. «Грошы самі не знікнуць з карткі, трэба быць прадбачлівымі пры разліку за той ці іншы тавар», — адзначыў Яўген Мікалаевіч.

Адносна інфармацыі ў інтэрнеце, то, на думку прамоўцы, яе трэба фільтраваць і пераправяраць, знаёміцца з навінамі на афіцыйных сайтах.

Падчас свайго выступлення Яўген Чычкан закрануў і іншыя пытанні. Заклікаў міран прымаць усе меры перасцярогі, каб не заразіцца СНІДам, рабіць прышчэпкі ад COVІD-19 і грыпу.

Што датычыць навагодніх свят, то, на думку прадстаўніка мясцовай улады, трэба заставацца абачлівымі, каб не здарылася бяды. Ні ў якім разе не пакідаць уключанымі агеньчыкі на навагодняй ёлцы без нагляду на працягу доўгага часу. Калі ж не спрацаваў феерверк, неабходна пачакаць 15 хвілін і толькі тады ўдакладняць аб няспраўнасці.

Кіраўнік ІПГ вёў размову і пра бяспеку на лёдзе. Ступаць на ледзяное покрыва можна ў выпадку, калі яго таўшчыня складае не менш сямі сантыметраў. Дзеці заўсёды павінны быць пад наглядам дарослых.

Галіна СМАЛЯНКА