70-гадовы юбілей адзначыла адна з самых таленавітых і цікавых аўтараў літаратурнай старонкі «Рэчанька» Марыя Уладзіміраўна Палуян

Трэцяга студзеня адзначыла 70-гадовы юбілей адна з самых таленавітых і цікавых аўтараў літаратурнай старонкі «Рэчанька» Марыя Уладзіміраўна Палуян. Ведаю, што ў гэты святочны для яе дзень у кватэры бясконца звінеў тэлефон, з усіх куткоў Беларусі сыпаліся віншавальныя эсэмэскі і чакаў самы галоўны сюрпрыз — выданне першага зборніка вершаў «Няма ў жыцця чарнавікоў». З радаснай падзеяй і з жыццёвым юбілеем ад усёй душы таксама віншуем і мы, прадстаўнікі паэтычнай кагорты Карэліччыны, і жадаем, каб лёс і ў будучым быў шчодрым для Марыі Уладзіміраўны на шчаслівыя імгненні.

Для мяне асабіста гэтая прыгожая знешне і душой жанчына з першых дзён знаёмства не перастае заставацца жанчынай-загадкай, уладальніцай скарбу паэтычнага таленту, жыццёвай мудрасці, духоўнага багацця. Яе прынцыповасць, праўдзівасць, прамалінейнасць, адсутнасць фальшу ў паводзінах на першы погляд можа паказацца прыкметай складанага характару, але гэта не так, гэта праяўленне каштоўнейшых якасцей істоты жанчыны, якія, нягледзячы на складанасць лёсу, не меншаюць — ніколі не здраджваць свайму «я», у любой сітуацыі захоўваць чалавечую годнасць. На самой справе Марыя Уладзіміраўна — носьбіт ранімай, па-жаночы пяшчотнай, трапяткой натуры, багатай на пачуцці. Яна бясконца любіць сваіх сыноў, нявестак, унукаў і праўнукаў (такую ж любоў атрымоўвае і ад іх); пастаянна носіць удзячнасць у сэрцы сваёй матулі, малой радзіме, землякам, былой настаўніцы, з якой падтрымлівае сувязь да сённяшняга дня (рэдкая з’ява ў нашы дні!), умее цаніць сяброўства. Да таго ж Марыя Уладзіміраўна — цудоўная майстрыха і гаспадыня: вырабляе прыгожыя шкатулкі, вяжа, прадзе кудзелю; дача ж у в. Некрашэвічы дзякуючы яе працавітым рукам стала аб’ектам захаплення мясцовых жыхароў. Яна неверагодна любіць жыццё і пераносіць перажытае ў вершаваныя радкі.

Я люблю перачытваць вершы Марыі Уладзіміраўны. Заўсёды з нецярпеннем чакаю яе новых твораў і загадзя жыву прадчуваннем, што яны, як і папярэднія, здзівяць прыцягальнай вобразнасцю, мудрасцю, мастацкай дасканаласцю; з першага радка захопяць істоту, заінтрыгуюць, усхвалююць, падораць адчуванне роднасці думак, пачуццяў, выклічуць патрэбнасць выпрацоўваць у асабістым характары ўменне не скарацца жыццёвым выпрабаванням і пры любых абставінах заставацца чалавекам. Жыць годна, як гэта робіць Марыя Уладзіміраўна, знаходзячы радасць і асалоду ў абдымках успамінаў аб мінулых, незабыўных днях, звязаных з малой радзімай, з бацькоўскім домам, з бесклапотным дзяцінствам і летуценным юнацтвам, і горача любіць, стаўшы родным, другой Радзімай, куточак зямлі, дзе ўзмацнелі лёсавыя карані, дзе выраслі дзеці і ўнукі, — цудоўны Карэліцкі край.

У адным з вершаў паэтка ўсхвалявана прызнаецца:

Уцякло юнацтва дзесьці за

                                      аблокі.

Крыўдзіцца ж на лёс свой

                          сёння не магу,

На жыцці таксама я не

                        стаўлю кропку,

Вёску, край мой родны ў

                        сэрцы берагу…

I адкрыта дзеліцца патаемнымі пачуццямі:

Я думкамі вяртаюся на

                                      грэблю.

Да сенажацяў, дзе на

                      досквітку касцы

Касой будзілі росаў срэбра

Ля роднай вёскі — Пескаўцы.

Дзе пчолкі мне збіралі

                              пачастунак

У садзе з аксамітным

                             цветам бэр,

На балі выпускным свой

                   першы пацалунак,

І ў затоках белы цвет лілей…

Паэзія Марыі Палуян — гэта свайго роду шчырая споведзь аб пражытым і перажытым, па ёй няцяжка скласці ўяўленне аб багатым, невычэрпным скарбе пачуццяў жанчыны, бо за кожным рыфмаваным радочкам чытаецца праўдзівая, нераўнадушная, здольная ацаніць і прыгажосць навакольнага свету, і светласць кахання, багатая на эмоцыі душа аўтара, што надае творам паэткі своеасаблівую ўнікальнасць і непаўторнасць, якіх часам не стае нават масцітым уладальнікам пяра.

…Маё жыццё ў адлюстраванні

                        чорна-белым…

У фільме гэтым я і аўтар,

                                    і глядач.

Пішу сцэнарый я жыцця

                      свайго нясмела,

Матаю плёнкі з суму і ўдач.

Вобразнасць вершаў нярэдка здзіўляе, міжволі прымушае задумацца: адкуль у Марыі Уладзіміраўны, чалавека, далёкага ад пазнання моўных асаблівасцей, агранома па спецыяльнасці, такое рэдкае яднанне з Яго Вялікасцю Словам? Сакрэт просты — у таленце, дараваным ёй Богам. Гады ў яе — «вясёлыя падманшчыкі; «паркалёвае сваё жыццё дарослае» яна «шые, як сукенку, навыраст», зімою ў яе «трасе спадніцай завіруха», «радкі ў сшытку», як лісточкі на галлі…», «памяць стала меркай дасканаласці, у якой няма ў жыцці мяжы», а само жыццё, на думку паэткі, «чарнавікоў не мае», а ў яе «самой прафесія такая: усёй душой зямлю сваю горача любіць»…

У школьныя гады дзяўчынка марыла «з пяром свой лёс звязаці, закончыць наш журфак», але:

Настойліва мне гаварыла

                                          маці:

— Блукае журналіст па

                     свеце, як жабрак.

…Другі паў выбар на

                     прафесію сваю…

І хоць, піша яна, паэзія не стала яе хлебам, ды нясе свой першы выбар праз гады…

Рыфмуюцца радкі Марыі Палуян на радасць чытачам на вераценца лёсу і дораць захапленне нам. Што яшчэ хочацца адзначыць? Аб чым бы ні пісала яна: аб дарагіх сэрцу краявідах любай Бацькаўшчыны, аб каханні, аб сённяшняй рэчаіснасці, аб пошуку свайго «я» на скрыжаваннях жыццёвых дарог, — усё аздоблена шчырасцю яе таленту, рэдкім уменнем весці цікавы дыялог з чытачамі пры дапамозе слова, закласці ў іx істоце зярняткі аптымізму, мудрасці, дабрыні, якімі напоўнены вершы жанчыны:

Задумана так Богам,

                   беларускай мовай

На паэтычным слове

                          затрымацца,

Нясці свой крыж, ісці праз

                              перашкоды,

Перад народам вершам

                            спавядацца…

Нельга не адзначыць таксама дасціпны гумар Марыі Уладзіміраўны, уласцівае ёй уменне раскрыць у трапных гумарэсках нейкія хібы ў характарах і паводзінах людзей, і робіць яна гэта па-жаночы далікатна, незласліва. Асаблівае месца ў яе творчасці займаюць вершы-пажаданні, вершы-наказы, якія дасылае паэтка ад усёй душы блізкім, сябрам, знаёмым з нагоды святаў, дзён нараджэння, юбілеяў. Ні ў адным з іх не знойдзецца паўтарэння, надуманасці, фальшу! Яны — крыніца мудрасці, неабыякавасці натуры аўтара, яны — невычэрпны скарб сэнсавага багацця, як, напрыклад, у вершы «Запавет сыну», які тычыцца кожнага з нас:

...Мала заржавелую падкову

Над дзвярыма новымі

                                   прыбіць,

А вазьмі сабе як пастанову:

Не згубіць, не ўкрасці,

                              не ўгнявіць.

…Трэба Чалавекам называцца

На святой ад прадзедаў зямлі…

…Мала называцца

                             «беларусам»,

Неабходна жыць, як Беларус!

Упэўнена, што зборнік вершаў Марыі Палуян выкліча зацікаўленасць у чытачоў, знойдзе новых прыхільнікаў яе творчасці і, самае галоўнае, паслужыць стымулам для выдання новых твораў.

Ад сябе ж хачу дабавіць: Марыя Уладзіміраўна, заставайцеся для нас папрадзіхай-чараўніцай, якая з адмысловым майстэрствам прадзе кудзелю пачуццяў, рыфмуючы радкі на верацёнца лёсу, каб потым выткаць з іх прыгожы абрус паэтычнага натхнення.

Мне заўтра ўжо за семдзесят!

Гадоў я столькі назбірала,

Што і пяром не апісаць!

І зразумела я, што сталасць

Ужо можна старасцю назваць.

Мяне жыццёвы вопыт вучыць,

Што ўжо пара пра ўнукаў дбаць.

Сабрала ўсе гадочкі ў кучу

І налічыла — семдзесят.

А сэрца сцісне страх да болю,

Што ўжо наперадзе няшмат…

Ды не старэю я душою —

Ну й што, што мне

                        ўжо семдзесят?

Пускаю мроі на прастору,

Няхай як воблакі ляцяць.

Змірылася з сваёю сівізною

І з тым, што сёння —

                                 семдзесят.

Скажу я сціпла, ды надзейна,

Што я не здамся без пары,

Хаця не вераць у гэта, пэўна,

Мае так званыя «сябры».

Не зробім у жыцці прыпынак,

І час пражыты не дагнаць

Гадоў вядзе адлік гадзіннік:

Мне заўтра ўжо — за семдзесят…

(Марыя ПАЛУЯН)

Галіна КАЛТУНОВА,

кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Рэчанька»

Фота прадастаўлена Карэліцкай раённай бібліятэкай