Актеры Мирской батлейки выступили в Кореличах

Мірская батлейка  напярэдадні свята Нараджэння Хрыстова завітала ў Карэліцкі райвыканкам. На святочную імпрэзу былі запрошаны кіраўнікі і спецыялісты структурных падраздзяленняў райвыканкама і асобы, уключаныя ў кадравы рэзерв райвыканкама.

Батлеечны сезон  намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце УА “Мірскі дзяржаўны каледж”  Кантанцін  Петрыман і яго акцёры-навучэнцы адкрылі 22 снежня ў Мінску ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,  а доўжыцца ён будзе да 15 лютага, пакуль услаўляецца Нараджэнне Хрыстова.

У гэтыя калядныя дні  чароўная батлеечная “скрыня” нарасхват.  Мірскія артысты  ўжо  выступілі  з “калядным” дзействам  у г.п. Мір, плануюцца выступленні ў Нясвіжы, Аюцавічах, Слоніме, горадзе Іванава Брэсцкай вобласці.  Напярэдадні аднаго з  галоўных свят праваслаўнай канфесіі яны падарылі  радасць Нараджэння Хрыстова  ў Карэліцкім райвыканкаме.

Кіраўнік народнага тэатра лялек Канстанцін Петрыман ва ўступным слове расказаў прысутным аб гісторыі стварэння  Мірскай батлейкі,  яе рэпертуары і падзяліўся планамі на будучае. Ён адзначыў  важнасць той справы, якой яны займаюцца:

– Аднаўляць і захоўваць традыцыі мілулага нашага народа – гэта наш абавязак.  Мы можам дапамагчы захаваць, выратаваць, вярнуць з нябыту тое, што можа знікнуць назаўсёды.

Карыстаючыся момантам Канстанцін Леанардавіч павіншаваў усіх прысутных з Калядамі і пажадаў цікавага прагляду.

На суд гледачам была прадстаўлена дзея “Калядна”.  Героі класічнай п’есы –   цар Ірад, Анёл, Чорт,  Воін, Смерць.  Цікава было назіраць  за выступленнем   акцёраў, якія робяць усё магчымае і нават больш,  каб глядач пранікся жыццём лялькі з чароўнай “скрыні”, адчуў усе адценні голасу,  бо яны мяняюцца ў залежнасці ад эмоцый персанажа, якія   адчуваюцца  па меры развіцця сюжэту. Гэта нейкі незвычайны акцёрскі дар, і менавіта ён удыхае жыццё ў пазбаўленыя мімікі лялечныя твары.

Намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан  павіншаваў кіраўніка народнага тэатра лялек “Мірская батлейка” Канстанціна Петрымана з наданнем статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці традыцыі Мірскай батлейкі і ўручыў Ганаровую грамату  Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую плённую працу ў сістэме адукацыі і асабісты ўклад у захаванне старажытных традыцый.

Са словамі ўдзячнасці за такую патрэбную справу далучылася начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела райвыканкама Наталля Саматыя. Яна ўручыла  калектыву  артыстаў салодкія падарункі і пажадала творчага развіцця, крэатыўных ідэй. Наталля Юр’еўна ўпэўнена:

–             Кожны чалавек непарыўна звязаны са сваёй Радзімай. Ён павінен ведаць яе гісторыю, цікавіцца культурай і літаратурай, усім, што засталося нам у спадчыну,  што стваралася  душой і працай народа. Нашу Мірскую батлейку ведаюць далёка за межамі  рэспублікі,  і невыпадкова, што апошнімі днямі снежня Беларуская рэспубліканская навукова-практычная  рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры аднагалосна падтрымала прапанову аб наданні ёй статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.  Вельмі важна ведаць набыткі роднага раёна, а іх, як мы пераканаліся, вельмі багата.  Прыемна адчуваць,  што сярод жыхароў раёна ёсць неабыякавыя людзі, якія прыкладаюць намаганні данесці да кожнага набыткі далёкага мінулага. Несумненна, што  сённяшняе выступленне пакінула добрае ўражанне і прыемны святочны настрой у кожнага з прысутных.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара