Бясцэнны дар, які дастаўся нам ад продкаў, — Малажухавіцкае Евангелле, беларускі рукапісны помнік канца ХV — пачатку XVI стагоддзя

Для Хрысціяніна  Евангелле – гэта настольная кніга, кніга жыцця. У ёй знаходзяцца ўсе асноўныя і неабходныя звесткі пра тое, як захаваць сябе і сваю душу ад цемры граха, як знайсці сэнс жыцця і як вярнуць смак да самога жыцця.

Вялікажухавіцкае  Евангелле

Царква ў Вялікіх Жухавічах. Фота пачатку ХХ ст.

У бібліятэцы імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук захоўваецца значная колькасць беларускіх рукапісаў ХІ – ХVІІІ стагоддзяў. У пасляваенныя гады бібліятэка папоўнілася шэрагам помнікаў з вядомага Віленскага Беларускага музея імя Івана Луцкевіча. Сярод іх – Апостал і Евангелле, зарэгістраванае пад шыфрам  F21-815. Гэта Евангелле стваралася для царквы вёскі Вялікія Жухавічы ў 1668 годзе прэзбітэрам Лукой. Першым, хто пісаў пра гэтае Евангелле ў мастацтвазнаўчай літаратуры, быў Вацлаў Ластоўскі.

Рукапіс у ліст, пісанае выразным паўуставам, налічвае 267 аркушаў.  У 1920 – 40-х гадах Евангелле захоўвалася ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Евангелле цікавае  сваім  пасляслоўем. Дакладней, пасляслоўе тут у двух варыянтах. Першы, на  беларускай мове, напісаны чырвонымі літарамі, досыць традыцыйны i ўвасабляе пажаданне чытачу папраўляць пісца, не  дакараць  строга за магчымыя  памылкі. Ніжэй, на тым жа лісце і на адваротнай яго старонцы  напісаны другі варыянт пасляслоўя, на польскай мове, разгорнуты, рэдкі ў рукапісных помніках  тым, што пісец не цураецца гаворкі пра звычайныя справы, пра сябе i, такім чынам, непасрэдна кантактуе з чытачом, што было вынікам рэнесанснай  ідэалогіі ўздзеяння  i  тагачаснай літаратуры.

Пасляслоўе  ў перакладзе  з польскай мовы:  «Пачаў  гэтую  кнігу  пісаць  сакавіка 5 спачатку на такой паперы, якую меў, бо адчуваў у гэтым вялікую  патрэбу,  бо  ў  гэтай  Жухавіцкай  царкве,  апрача  Трыёдзі каляровай,  ніякіх  кніг не  было, мусіў  пісаць  Апостал, Шастаднеўнік, Трафалой, i то большай часткаю памянёныя кнігі пісаў пры лучыне ноччу,  леваю  рукою  свецячы, а  праваю  пішучы,  г.зн.  у  левай  руцэ трымаючы лучыну, a  ў правай пяро, i то тады, калі меў паперу i які грош  заробку,  каб  было  за  што  яе  купіць,  дабрадзея  ніякага  не маючы,  які  б  мог  мне  ў  гэтым  дапамагчы,  сам  шмат  старанняў прыклаў, сваімі рукамі зарабляючы сякія-такія сродкі на гэтыя кнігі, напісаўшы Апостал, Шастаднеўнік, Трафалой, напісаў і гэтую святую кнігу Евангелле, няхай усё гэта будзе на гонар i хвалу Богу ў Тройцы адзінаму  i  найсвяцейшай панне  Марыі i ўсім  святым. Амін. А хто  б гэтыя  памянёныя  кнігі  наважваўся  якім-небудзь  спосабам  у  гэтай святой  царквы  Жухавіцкай  i  на  свой  пажытак  выкарыстаць  або паводле сваёй волі іншай царкве перадаць, няхай яго спасцігне анафема, г. зн. пракляцце  навек,  i  ca мною  павінен  будзе мець справу  ў страшны дзень суду Божага i з тымі, хто прычыніўся да аправы гэтага святога  Евангелля i  імёны  чые  запісаны  ў  кнігах жыцця  i  тут  ніжэй абазначаны для дабра іншых.

Нягодны Лукаш Прасвітар царквы Жухавіцкай рукою сваёю 1668 месяца красавіка 13 дня». Памяні Госпадзі раба Аляксея на вякі вякоў амін… і далей ідзе спіс вясковых жухавіцкіх людзей, якія ахвяравалі грошы на напісанне і пераплёт гэтага Евангелля.

Маналог гэты каштоўны не толькі канкрэтнай інфармацыяй, якая датычыць часу, месца стварэння рукапісу, яго аўтарства. Перад намі, па сутнасці, літаратурны твор,  у якім вытрыманы характэрныя для гэтага жанру формулы, што адпавядалі этыцы такога высокага акту, як  перадача  гатовай  ужо  кнігі  царкве  i  адносінаў  да  такой  кнігі нашчадкаў.

У гэтым рукапісным Евангеллі, напісаным у 1668 годзе для Жухавіцкай царквы Наваградскага павету, прэзбітэрам  Лукашом, ёсць штыхаваныя застаўкі (дрэварыты) з ангеламі і расліннымі аздобамі (васількі) і з подпісам аўтара: ЛУКА. ПР. Т. AXNQ.

Такая ж застаўка, толькі з багаслаўляючым Хрыстом пасярэдзіне, змешчана і ў пачатку Паслання апостала Паўла да Рымлян. Безумоўна, аўтарам дрэварытаў з’яўляецца перапішчык, толькі, як відаць, рабіў ён свае застаўкі паводле чужых узораў раней, калі быў яшчэ не ў Жухавічах, а ў царкве ў Т. Калі б добра пашукаць, у якой мясцовасці на Т. была ў другой палавіне XVII ст. царква, дык мо ўдалося бы адшукаць і іншыя сляды творчасці нашага дрэварытніка. Год, паказаны на застаўцы: 1659, красамоўна гаворыць, што і раней, чым «вялікая патрэба» прымусіла яго ўзяцца за пісанне святых кніг для Жухавіцкай царквы, прэзбітэр Лукаш працаваў дзеля прыаздоблення кніг дрэварытамі.

Адзінай крыніцай даных дзеля біяграфіі прэзбітэра Лукаша служыць упісанае яго ўласнай рукой у канцы Евангелля паводле Матфея апавяданне, як і ў якіх абставінах яму прыходзілася працаваць у Жухавічах. Гэта цэнна не толькі дзеля характарыстыкі прасвітара Лукаша, але і прадстаўляе жывы абраз адносінаў у Беларусі ў рэлігійнай сферы ў канцы XVII ст. Характэрна і тое, што маем тут два запісы: адзін — па-беларуску, другі — больш падробны — па-польску.

Малажухавіцкае  Евангелле

Царква ў в. Малыя Жухавічы, сучасны выгляд

Месца стварэння Малажухавіцкага Евангелля невядомае (па вадзяных знаках рукапісу яго можна датаваць папярэдне 40-мі гадамі XVI ст.). Можна меркаваць, што рукапіс быў створаны для царквы ў сяле Малыя Жухавічы, якое вядома з XVI ст.

У рукапісе — 347 аркушаў. Пісаны ён мастацкім паўуставам, двума фарбамі: цёмна-карычневай і чырвонай, зберагаецца ў драўляным, абцягнутым скурай, акладзе. Упрыгожаны застаўкамі, ініцыяламі і фігурнымі мініяцюрамі. Застаўкі выкананы ў балканскім стылі, які прыйшоў на змену тэраталогіі і панаваў у рукапісах ХV ст. Вельмі своеасаблівая застаўка на 8-м аркушы: адлюстраваны дзве казулі, паміж якімі вазон з кветкамі — відавочнае ўздзеянне на гэты малюнак беларускага народнага мастацтва.

Ініцыялаў у рукапісу — некалькі тыпаў. Асабліва прыгожыя пазалочаныя. Асобныя застаўныя літары займаюць 8 — 9 радкоў тэксту. Яны аздобленыя складаным балканскім арнаментам. Тэкст кожнага з чатырох кананічных Евангелляў пачынае па-мастацку аздоблены кніжны разварот – своеасаблівы “партал”, урачысты ўваход у кнігу, на левым баку якога змешчана выява адпаведнага евангеліста, на правым – застаўка разам з тэкстам, напісаным у калонку, што пачынаецца з вялікай літары. Выяваў евангелістаў чатыры: Мацвея, Марка, Лукі і Яна (Іаана). Выкананыя гэтыя мініяцюры на срэбным фоне вохрыста-залацістымі фарбамі. Усе мініяцюры Малажухавіцкага Евангелля іканаграфічна арыентаваны на візантыйска-рускія кніжныя традыцыі, дэманструюць у сваёй стылістыцы дачыненне да беларускай мастацкай школы. Выявы галоўных персанажаў выкананы пад відавочным уплывам народнай творчасці: прапорцыі фігур, крыху павялічаныя галовы, кісці рук і ступні, тыпаж твараў, спрошчана і крыху грубавата напісаныя дэталі – усё гэта нагадвае беларускія абразы мясцовага рада, народную драўляную скульптуру Разам з тым, дэталі архітэктурнага фону: чарапічныя дахі вежаў, формы аконных праёмаў, абрысы каваных рашотак на вокнах – сведчаць пра пэўнае ўздзеянне заходнееўрапейскага мастацтва.

Гэта азначае, што ў кастрычніку 1733 г. рукапіс Евангелля быў апраўлены ў скураны аклад Ёзефам Антонам Луцкевічам і знаходзіўся ў Малажухавіцкай царкве.

Паводле пратакола генеральнай візітацыі цырынскага і наваградскага дэканатаў 1798 г. сярод маёмасці царквы Св. Іаана Хрысціцеля ў с. Малыя Жухавічы сярод кніг мелася два Евангеллі: «ewangelia Ruska i Polska».  Указанае «Рускае Евангелле» гэта відавочна і ёсць наш рукапіс.

У 1920 – 1940 гадах Малажухавіцкае Евангелле знаходзілася ў Віленскім Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча (дзейнічаў у 1921–1945 г.), дзе быў памылкова датаваны XIV стагоддзем. Гэта дало падставу некаторым даследчыкам лічыць, што існавалі два Евангеллі, якія паходзілі з Жухавіч – Жухавіцкае ілюстраванае Евангелле XIV стагоддзя і Малажухавіцкае Евангелле XVІ стагоддзя.

Рукапісам Малажухавіцкага Евангелля захапляўся Максім Багдановіч. У Вільні ў прыватнай калекцыі Івана Луцкевіча Максім пабачыў старажытныя іконы і крыжы, сярод іх — абраз святога Ануфрыя, работы Смуглевіча. Асабліва глыбокае ўражанне на яго зрабілі рукапісы старажытных кніг і дакументаў – ілюстраванае Жухавіцкае Евангелле XVI ст., рукапісная кніга — «Трэбнік» Фёдара Студыта Жыровіцкай царквы 1545 года. Паездка ў Вільню не прайшла для паэта бясследна. Менавіта пасля гэтага ў яго з’явіцца цыкл вершаў «Старая Беларусь». Паэт параўноўвае працу летапісца (верш так і называецца «Летапісец») з працай руплівай пчалы, якая «умее ў соты мёд зыбраць і з горкіх кветак». Летапісец робіць гэта, каб нашчадкі ведалі «ўсю праўду пра жыццё», «за што змагаліся, як баранілі веру».

У Бібліятэцы імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук рукапіс аказаўся пасля расфарміравання Беларускага музея імя Івана Луцкевіча.

Помнік беларускай кніжнасці ХVІ стагоддзя – Малажухавіцкае рукапіснае Евангелле — да нядаўняга часу быў зусім не вывучаны. У 2019 годзе па ініцыятыве ўстановы “Музей “Замкавы комплекс “Мір” пачалася праца па падрыхтоўцы факсімільнага выдання гэтага Евангелля, у ходзе якой праводзіцца яго усебаковае вывучэнне. Так што ў скорым часе для ўсіх нас адкрыецца магчымасць дакранцуцца сваімі рукамі да гісторыі нашага краю, пагартаць старажытныя старонкі і ўбачыць, як старанна нашыя продкі адносіліся да сваіх святынь.

Уладзімір КАЛЯДА,

настаяцель прыхода храма святых апосталаў Пятра і Паўла агр. Вялікія Жухавічы, іерэй.

Фота аўтара і з архіва «Полымя»