В хозяйствах Кореличского района кипит работа по подготовке техники к новому растениеводческому сезону

Мехдвор  —  гэта сэрца любога сельгаспрадпрыемства, бо ад таго, у якім стане знаходзіцца тэхніка, як яна абслугоўваецца, напрамую залежаць паказчыкі вынікаў гаспадаркі як палявых работ, так і жывёлагадоўлі.  Можна лічыць, што арганізацыя  ўсіх вытворчых  працэсаў гаспадаркі пачынаецца на  мехдвары. Штогод на Карэліччыне праходзіць конкурс-агляд сельскагаспадарчай тэхнікі і гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючых баз гаспадарак да работы ў зімовых умовах. У ім прымаюць удзел спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама,  кіраўнікі і галоўныя інжынеры сельгаспрадпрыемстваў, ААТ “Карэлічы-Лён” і ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка».

Трактарыст-машыніст КСУП «Царука» Дзяніс Буй

Падвядзенне вынікаў раённага агляду адбылося на базе СВК “Свіцязянка-2003”. Тут былі агучаны  лепшыя гаспадаркі раёна, якія маюць выдатную матэрыяльна-тэхнічную базу і моцны кадравы патэнцыял. Так, першае месца атрымаў СВК “Свіцязянка-2003”, інжынерную службу якога ўзначальвае Іван Харошка.  На другой пазіцыі СВК “Жухавічы”, галоўны інжынер Васіль Казлоўскі. На трэцім месцы аказаўся КСУП  “Царука” і галоўны інжынер гаспадаркі Мікалай Кузьміч.

Галоўны інжынер КСУП “Царука” Мікалай Кузьміч расказвае, што аб прыемнай навіне  даведаліся нядаўна.

Галоўны інжынер КСУП «Царука» Мікалай Кузьміч

Паводле яго слоў, такая высокая ацэнка вельмі прыемная, бо машынны двор для інжынернай службы — сэрца гаспадаркі, а каб яно рытмічна білася, важна зрабіць прывабным знешні выгляд  яго тэрыторыі, навесці парадак і выканаць усе патрабаванні да рамонтных майстэрняў, пляцовак для стаянкі рабочай тэхнікі, а яшчэ вырашыць шэраг іншых пытанняў. Сустрэўшыся з карэспандэнтам раённай газеты, галоўны інжынер Мікалай Мікалаевіч ахвотна згадзіўся  паказаць “свае ўладанні” і  расказаў, што сабой уяўляе мехдвор  сельгаспрадпрыемства.

— На сённяшні дзень у  гаспадарцы пяць  збожжаўборачных, тры кормаўборачных,  два бульбаўборачных камбайны,  а таксама камбайн для ўборкі цукровых буракоў, чатыры бульбасаджалкі,  тры пагрузчыкі  і  мноства іншай тэхнікі і агрэгатаў,  якія неабходныя для работы на землях сельгаспрадпрыемства.

Працуюць два зваршчыкі, токар, два  слесары, 26 механізатараў, 14 вадзіцеляў. За апошні год  маштабных работ на тэрыторыі мехмайстэрні  не праводзілася.   Большая частка тэрыторыі  мехдвара аглядаецца  камерай вонкавага назірання.

Токар Аляксандр Дучык

Мы наведалі гаражы мехмайстэрні, рамонтную майстэрню, пункт тэхнічнага абслугоўвання, пляцоўку для захоўвання сельгасмашын, памяшканне для адпачынку. Як і чакалася, усё тут на належным узроўні.  У рамонтнай майстэрні  відаць  рука сапраўднага гаспадара: тут  толькі тое, што трэба для выканання працоўных задач і нічога лішняга.  А галоўнае,    створаны добрыя ўмовы для тых,  хто займаецца рамонтам тэхнікі. Тут заўсёды цёпла, таму ёсць магчымасць лячыць стальнога каня ў любую пару года.  У гаражах усе сельгасмашыны і агрэгаты пачышчаныя, пафарбаваныя і чакаюць  веснавой сяўбы і ўборачнай кампаніі. Тэхніка пастаўлена на зіму па ўсіх патрабаваннях.  На тэрыторыі машыннага двара рацыянальна выкарыстоўваецца кожны метр зямлі.  Як і належыць,  на тэрыторыі машынна-трактарнага парку маецца пляцоўка для працяглага захоўвання тэхнікі, склад запчастак. Адным словам, усё тут на сваім месцы, ва ўсім бачны парадак.  Клапоціцца сельгаспрадпрыемства аб сваіх працаўніках і стараецца стварыць выдатныя ўмовы не толькі для працы, але і для адпачынку. У гэтым   на свае вочы пераканаліся,  калі зайшлі ў пакой для адпачынку.  Тут  можна пераапрануцца і паесці,  для гэтага ёсць усё неабходнае: электрачайнік, мікрахвалевая печ.

– Сёння ў раёне створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база для абслугоўвання і рамонту сельгастэхнікі. І галоўная задача аграрыяў — не толькі граматна карыстацца ёю, але і імкнуцца да добраўпарадкавання машынных двароў і паляпшэння ўмоў працы механізатараў. Не сакрэт, што для таго, каб якасна паставіць тэхніку на зімовае захоўванне, патрэбны не вялікія фінансавыя затраты, а жаданне, адказны падыход і зацікаўленасць інжынернай службы і механізатараў гаспадарак,  – заключыў галоўны дзяржінспектар упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Дзмітрый Шугля.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара