Майстрыха Надзея Іосіфаўна Комар з Турца: «Вышыванне і вязанне напаўняюць гармоніяй жыццё»

Гісторыя чалавецтва заўсёды ішла рука аб руку з развіццём розных рамёстваў і мастацтваў, і гісторыя вышыўкі не выключэнне.  Нават  сёння, у час тэхнічнага прагрэсу і інфармацыйнага буму, які часам проста накрывае нас з галавой,  гэта займальны, творчы працэс, які дазваляе не толькі забыцца на надзённыя праблемы, але і стварыць сваімі рукамі выдатныя карціны і прадметы інтэр’еру, якія будуць радаваць вас і вашых блізкіх доўгія гады. Сапраўдныя захавальніцы  сямейнага ачага  ў ранейшыя часы абавязкова павінны былі ўмець і любіць рукадзельнічаць – прасці, вязаць, вышываць.  Багатыя і бедныя, дзяўчаты і бабулькі  займаліся гэтымі чыста жаночымі рамёствамі не столькі для душы, колькі для забеспячэння дамачадцаў адзеннем, для ўладкавання дома, для прыгажосці і выгоды.

Наша  сённяшняя гераіня  –  вышывальшчыца  Надзея Іосіфаўна Комар. Нарадзілася  на Навагрудчыне ў 1941 годзе.

Скончыла Нягневіцкую школу,  працавала ў калгасе, потым пайшла вучыцца ў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум на агранома. Увесь час  жыла  ў вёсцы.  Для вясковых жыхароў асноўны занятак – праца на зямлі. У бацькоў  была вялікая  гаспадарка. З дзяцінства жанчына памятае няспынную працу ад зары да зары,  і маму,  Марыю Уладзіміраўну  Матчак, якая пасля цяжкага дня схілялася над пяльцамі.

– Мая мама была на  ўсе рукі   майстрыха, –  успамінае Надзея Іосіфаўна, – яна не толькі  вышывала  ручнікі, навалачкі, абрусы, кашулі, але ўмела добра шыць,  вязаць,   прасці,  ткаць.  Мне заўсёды хацелася ёй дапамагчы, і я  пачала спасцігаць  асновы  рукадзелля,  а было мне тады каля дзесяці гадоў.  Калі выйшла замуж, гэтае ўменне вельмі  спатрэбілася. Жылі мы на той час з Анатолем Сцяпанавічам у бацькоўскай хаце ў в. Лозкі.  Хацелася стварыць у сямейным гняздзе своеасаблівую прыгажосць, і я стала   займацца вышыўкай. Аздабляла прыгожымі ўзорамі ручнікі, настольніцы, занавескі, нават з’явіліся першыя карціны.  Калі нарадзіліся  дзеці, навучылася яшчэ вязаць спіцамі і кручком, а пазней асвоіла  тэхніку макрамэ. Вольнага часу амаль не было, але займацца  любімай  справай прымудралася.

Майстрыха ўзяла ў рукі іголку, пяльцы, ніткі.  З’яўляюцца першыя штрыхі. Яна тлумачыць, што для выканання вышыўкі неабходны ўзор, малюнак.  Ва ўмелых руках Надзеі  Іосіфаўны тысячы немудрагелістых крыжыкаў  ператвараюцца ў сапраўдныя мастацкія палотны. На іх плывуць  лебедзі, пераліваюцца на сонцы купалы касцёлаў, патанаюць у снезе дамы, дрыжаць кроплі вады на букетах.  Сюжэты работ тыповыя для вышыўкі крыжыкам: кветкі, пейзажы, нацюрморты, а яшчэ  шмат іконаў,  іх майстрыха любіць вышываць больш за ўсё.  Усе работы светлыя і добрыя.

Свае  ўменні  Надзея Іосіфаўна  перадала дачцэ Святлане  і ўнучкам Вользе, Юлі і Анжэле.

– Праўда,  яны больш вяжуць, але тэхнікай вышывання таксама валодаюць,  – удакладняе жанчына,  – ды  з-за недахопу часу займаюцца  рукадзеллем рэдка, а вось самая малодшая ўнучачка Арына захапляецца маляваннем.

Жанчына ўпэўнена, што кожнай з іх, як і ёй калісьці,  спатрэбяцца  гэтыя ўменні, бо,  як у народзе кажуць, “гэта за плячыма не насіць”.   Вышыванне,  вязанне супакойваюць, напаўняюць гармоніяй жыццё. Але яшчэ больш прыемна   бачыць ўсмешкі блізкіх і знаёмых, якія з’яўляюцца на  тварах, калі яны бачаць  гатовыя вырабы. Надзея Іосіфаўна  прымеціла даўно, што за любімым заняткам час ляціць незаўважна.  У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве жанчына  знайшла  крыніцу свайго натхнення,  а калі маем справу па душы, жыць становіцца   цікавей.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара