14 января – 105 лет со дня создания комиссий по делам несовершеннолетних. Заместитель председателя КДН Кореличского райисполкома Ольга Базар уже 25 лет работает с семейным неблагополучием

14 студзеня спаўняецца 105 гадоў з дня ўтварэння камісій па справах непаўналетніх. Для таго,  каб вырашыць праблему безнагляднасці і злачыннасці сярод падлеткаў, Савет Народных Камісараў у студзені 1918 года прыняў Дэкрэт “Аб камісіях для непаўналетніх”.  На працягу наступных гадоў статус  неаднаразова змяняўся: удакладняліся функцыі, пашыраліся паўнамоцтвы. Так, з 1931 года на іх ускладаліся задачы па барацьбе з безнагляднасцю, ахове правоў непаўналетніх,  разглядзе спраў аб учыненых імі правапарушэннях. У маі 1935 года камісіі скасавалі. Аднак пасля вайны гэты грамадскі інстытут зноў пачаў функцыянаваць. Нягледзячы на тое,  што з часу стварэння першых камісій па справах непаўналетніх прайшло нямала,  праблема не знікла.  Дзеці і падлеткі па-ранейшаму маюць патрэбу ў падтрымцы, і яны павінны знаходзіцца пад абаронай дзяржавы. Таму сёння акцэнт у іх рабоце  зроблены на ўзмацненне праваабарончых, каардынуючых і кантралюючых функцый.

На працягу  дваццаці пяці гадоў пасаду намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Карэліцкага  райвыканкама займае Вольга Базар, з якой мы пагутарылі напярэдадні юбілейнай даты.

– Вольга Дзмітрыеўна, раскажыце аб структуры камісіі па справах непаўналетніх  Карэліцкага райвыканкама.

–  Камісіі створаны і працуюць пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, у абласных і раённых выканаўчых камітэтах. Старшынёй камісіі па справах непаўналетніх Карэліцкага райвыканкама з’яўляецца намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан. Сёння ў яе складзе  18 чалавек. Гэта спецыялісты розных профіляў, цалкам адданыя сваёй справе, неабыякавыя да лёсаў дзяцей. Усе яны займаюць актыўную пазіцыю, маюць вопыт работы. Дзякуючы ўмелай працы, прафесіяналізму і кампетэнтнасці вырашаецца шырокае кола пытанняў, накіраванае на папярэджанне правапарушэнняў у моладзевым асяроддзі, падтрымку дзяцей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

У 2022 годзе злачынстваў непаўналетнімі не дапушчана. Колькасць сацыяльна небяспечных сем’яў у раёне з 2018 года зменшылася з 43 да 32. На працягу апошніх пяці гадоў значна менш такіх, у якіх бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Сумарна за апошнія пяць гадоў 15 бацькоў з васьмі сем’яў пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, пры тым, што ў 2017 годзе 17 бацькоў з адзінаццаці — былі пазбаўленыя гэтага права ў адносінах да дзевятнаццаці  дзяцей.

– Якія пытанні часцей за ўсё разглядаюцца на пасяджэннях камісіі?

–       Даводзіцца дасканала разбірацца ў сітуацыях, у якіх апынуліся падлеткі. Высвятляем прычыны, па якіх яны спатыкнуліся. Абавязкова стараемся знайсці магчымасці дапамагчы.  Камісія, акрамя гэтага, разглядае яшчэ і агульныя пытанні: стан злачыннасці, занятасць падлеткаў у канікулярны час, пасля заканчэння школы, арганізацыю іх вольнага часу. Пад пастаянным кантролем  пытанні бяспекі дзяцей, захавання іх жыцця і здароўя, умовы пражывання і выхавання.  Сумесна з зацікаўленымі службамі выпрацоўваем рэкамендацыі, праграмы дзеянняў.

–  На Ваш погляд,  дзе знаходзяцца карані падлеткавай злачыннасці, хто ў першую чаргу вінаваты ў скалечаных дзіцячых лёсах?

–  Думаю, ніхто не стане спрачацца, што карані падлеткавай злачыннасці трэба шукаць у сям’і. На жаль, і ў некаторых знешне шчаслівых сем’ях адчуваецца недахоп бацькоўскай увагі, бо дарослыя клапоцяцца галоўным чынам пра тое, каб апрануць і накарміць сваё дзіця, а яго ўнутраным светам, адносінамі з аднагодкамі, вучобай, захапленнямі цікавяцца мала. Вялікую ролю ў паводзінах, асабліва ў падлеткавым узросце, мае кампанія аднагодкаў, а ў апошні час назіраецца і негатыўны ўплыў на непаўналетніх інтэрнэт прасторы.

– У сілу сваіх службовых абавязкаў за становішчам спраў у сем’ях сочаць педагогі, медыкі, супрацоўнікі сацыяльных службаў, органы ўнутраных спраў, РАНС. А бывае, што аб сямейнай неблаганадзейнасці  паведамляюць звычайныя грамадзяне, суседзі?

– Не вельмі часта, але такія выпадкі ёсць. За апошні час было пяць паведамленняў аб сямейнай неблаганадзейнасці ад неабыякавых грамадзян. Пры паступленні такіх сігналаў прымаюцца неадкладныя меры з выездам раённых служб на месца жыхарства сям’і. Пры выяўленіі пагрозы жыццю альбо здароўю дзяцей, непаўналетнія  неадкладна  забіраюцца  з сям’і.

На працягу  2022 года было зарэгістравана 75 паведамленняў  аб  сямейнай неблаганадзейнасці,  большасць з іх (38)  – з аддзела ўнутраных спраў райвыканкама. У 2022 годзе 46 дзяцей  з 27 сем’яў прызнаныя знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным становішчы, 22 дзіцяці з 12 сем’яў адабраныя ў бацькоў маюць патрэбу ў дзяржабароне. Як ні цяжка гэта прызнаць, але адабранне дзяцей з такіх сем’яў – адзіная магчымасць зберагчы іх, надзея на тое, што бацькі правільна ацэняць сітуацыю, знойдуць у сабе сілы змяніць яе карэнным чынам і вярнуць дзяцей.

–       Калі абагуліць усё вышэй сказанае, ці будзе правільным такое азначэнне: камісія па справах непаўналетніх — гэта раённы міжведамасны каардынуючы орган, усе намаганні якога накіраваныя  на тое, каб дзеці, па-першае, жылі ў добрых умовах у благанадзейных  сем’ях, а па-другое,  не дапускалі парушэнняў закона?

–       Магчыма, так. Вядома,  хацелася б,  каб многія бацькі лепш усведамлялі сваю ролю ў выхаванні дзяцей, бо займацца гэтым павінна не камісія, а яны самі.  Да нашага ўмяшання справа даходзіць у крайніх выпадках.  Пры гэтым і дзеці, і бацькі рэагуюць па-рознаму. Адны заўзята абараняюць сваё дзіця,  нягледзячы на відавочнасць яго правіны,  а дзеці ў такім выпадку адчуваюць сваю беспакаранасць і ўседазволенасць, разумеючы, што бацькі выцягнуць іх з любых абставінаў. А іншыя пачынаюць задумвацца над сваімі бацькоўскімі паводзінамі і нават  дзякуюць. У такіх выпадках  можна  быць упэўненым, што далей яны будуць будаваць адносіны з дзіцём інакш, і ў сям’і ўсё наладзіцца. Гэта нас радуе, і менавіта такой канчатковай мэты сваёй працы мы заўсёды імкнёмся дасягнуць.

У дзень  значнай падзеі  хочацца ўспомніць і падзякаваць Алене  Толмач, якая каля трыццаці  гадоў працавала адказным сакратаром камісіі па справах непаўналетніх Карэліцкага райвыканкама і з гэтай пасады пайшла на заслужаны адпачынак,  Віталію Шэўку, які  доўгі час  займаўся праблемамі непаўналетніх на пасадзе загадчыка аддзела адукацыі і два гады працаваў сакратаром камісіі.

Хочацца дадаць і тое, што ў складзе нашай камісіі ўжо больш за дзесяць гадоў з вялікай адказнасцю, увагай і прафесіяналізмам працуюць над рашэннем часам няпростых задач начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч, галоўны спецыяліст па ахове дзяцінства Ала Галушка, начальнік упраўлення па працы,  занятасці і сацыяльнай абароне Іна Богуш, начальнік дзяржаўнай службы занятасці  Наталля Гоцка.  Шчыра дзякую ўсім  за працу і сумесныя намаганні, якія дазваляюць утрымаць многіх падлеткаў ад неабдуманых крокаў, зберагчы іх ад бяды, а многім бацькам — не страціць магчымасць звацца бацькам ці маці. Ад усёй душы жадаю сваім калегам невычэрпнай энергіі і поспехаў у складанай і адказнай працы па рашэнні сацыяльных праблем падрастаючага пакалення, а таксама міру, дабра і дабрабыту ім і іх блізкім.

Алена Мікалаеўна ТОЛМАЧ падзялілася сваімі  ўспамінамі:

– Пачынаць работу было вельмі складана. Калі з’явілася Палажэнне, якое рэгламентавала работу камісіі, усё стала проста і зразумела. Перш-наперш неабходна было вызначыцца са складам камісіі, саставіць план работы,  усё узгадніць са старшынёй. Асабліва цікавым было для мяне першае пасяджэнне, на якое былі запрошаны падлеткі і іх бацькі. Калі слухалі адных і другіх, то станавілася зразумелым, што ў супрацьпраўных дзеяннях падлеткаў  перш за ўсё вінаватыя бацькі, якія не заўсёды дастаткова чулі сваіх дзяцей. Даводзілася шмат працаваць  з сем’ямі, дзе бацькі мала ўвагі надавалі выхаванню  і стварэнню належных умоў для жыцця  дзецей. За час работы было мноства розных выпадкаў і здарэнняў, а некаторыя з іх нават псіхалагічна ўспамінаць вельмі цяжка. За такі працяглы перыяд работы было рознае, але прыемна тое, што некаторыя  людзі, з якімі праводзілася работа,   не ў крыўдзе,  і сёння, праз час,  яны выказваюць словы падзякі за ўсё тое, што ім дапамагло стаць на шлях выпраўлення.  Гэта ўсё гаворыць аб тым, што  праведзеная намі работа была недарэмнай.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара