Загадчык паштовага аддзялення в. Некрашэвічы Ніна Шыманская не толькі прафесіянал сваёй справы, але і добры суразмоўца

У невялічкім пакойчыку паштовага аддзялення в. Некрашэвічы ніколі не бывае пуста. Жыхары заходзяць сюды атрымаць пенсію і аплаціць камунальныя паслугі, але затрымліваюцца, каб пагутарыць з аднавяскоўцамі, даведацца навіны і проста “пабыць у людзях”. Любяць застацца тут яшчэ і таму, што загадчык аддзялення Ніна Шыманская заўсёды гатова падтрымаць гутарку. Жыхары любяць Ніну Рыгораўну, а яна прызнаецца, што стараецца ставіцца да наведвальнікаў з павагай і любоўю.

— Бывае, што чалавеку, асабліва адзінокаму, неабходна проста пагутарыць, каб узняць настрой, — кажа жанчына. — Характар у мяне такі, што не магу адмовіць ім у гэтым.

На пошце Ніна Рыгораўна працуе ўжо 27 гадоў. Да гэтага працавала нянечкай у дзіцячым садку. Жанчына кажа, што за такі тэрмін настолькі прызвычаілася да працы, што не заўважае ніякіх цяжкасцей.

— Я нарадзілася ў вёсцы Чыжыноўцы, пасля бацькі пераехалі ў Тарасавічы, дзе я і гадавалася, — расказвае пра сябе Ніна Рыгораўна. — Скончыла Вялікаслабодскую школу, затым вучылася ў Турцы. Пасля заканчэння школы паступіла ў Ільянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, але так склалася, што адвучыўшыся нідзе не працавала, бо нарадзілася дачка. У 1985 годзе мы прыехалі жыць у Некрашэвічы, на радзіму мужа.

На пытанне аб самым значным дасягненні Ніна Рыгораўна з усмешкай адказвае, што больш за ўсё ганарыцца сваёй сям’ёй. Жанчына мае дзвюх дарослых дачок, трох унучак і ўнука, якіх яна вельмі любіць.

— Мне вельмі пашанцавала з мужам, мы пражылі ў шлюбе ўжо 37 гадоў, вырасцілі дзяцей, гадуем унукаў. Стараемся ўсё рабіць разам.

Як і належыць, у Ніны Рыгораўны ёсць свая гаспадарка. Жанчына кажа, што даглядаюць гаспадарку таксама з мужам:

— Я лічу, што гаспадарка павінна быць. Пакуль маем сілы, спраўляемся. Разам весялей праца ладзіцца.

Акрамя працы на пошце, Ніна Рыгораўна займаецца і грамадскай дзейнасцю. Жанчына з’яўляецца дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў 27 і 28 скліканняў.

— Людзі выбралі, — з усмешкай кажа Ніна Рыгораўна. — Значыць давяраюць, я нечага вартая. Стала дэпутатам, бо ведаю, што неабходна людзям у вёсцы. Яны прыходзяць да мяне, дзеляцца сваімі праблемамі, расказваюць, чаго ім не хапае.

— А як атрымліваецца спраўляцца і з працай на пошце, і з хатнімі клопатамі, і з абавязкамі дэпутата?

— А інакш немагчыма. Патрэбна працаваць, тады і больш здаровым сябе адчуваеш.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара