Погодные условия заставляют аграриев Кореличского района волноваться за посев озимых

Анамальна цёплае для студзеня надвор’е, якое пануе на тэрыторыі краіны, выклікае заклапочанасць у аграрыяў — ніхто не ведае, чаго чакаць ад нябеснай канцылярыі. Перапады тэмператур і вялікая колькасць ападкаў могуць пашкодзіць пасевам азімых культур.

Па словах начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі Карэліцкага райвыканкама Ільі Самуйліка, на сённяшні дзень пасевы азімых у раёне знаходзяцца ў добрым стане, але загадваць на будучае цяжка:

— Спецыялісты аб’язджаюць палеткі, кантралююць стан пасеваў. Мы баяліся праблем з захворваннямі, была рызыка заражэння пасеваў снежнай плесенню, але яна абмінула.

Пільную ўвагу пасевам надаюць  і ў ДП “Чарняхоўскі-Агра”, дзе азімымі засеяна 1695 га.

— Зараз усе прадпрыемствы знаходзяцца ў аднолькавых умовах, — кажа дырэктар прадпрыемства Наталля Дубкова. — Усё залежыць ад надвор’я. Калі пасевы замочыць (а вы бачыце, што на некаторых палях стаіць вада) — будзе бяда. Калі не будзе маразоў і пасевы засыпле снегам — парасткі сапрэюць. А калі ўдараць маразы і выпадзе снег — пасевы таксама панясуць страты. Мы робім усё, што ад нас залежыць, каб захаваць пасевы, стараемся набываць і ўносіць неабходныя ўгнаенні. Мы працуем у штатным рэжыме, закуплены запчасткі на пасяўныя агрэгаты, якія патрэбна замяняць. Зараз механізатары працуюць над заменай неабходных дэталей. Але надвор’е вельмі непрадказальнае і многае залежыць ад яго.

Аб гэтым жа кажуць і ў СВК “Маяк-Заполле”. Азімы клін на прадпрыемстве займае 1500 га.

— Пакуль з пасевамі ўсё добра, — запэўнівае аграном-хімік прадпрыемства Міхаіл Качан. — Пасля маразоў і снегу палеткі ў добрым стане, але дрэнна, што зямля не замерзла. Увогуле не звыкла, што ў студзені, калі звычайна стаяць маразы, так цёпла. Усё будзе відаць вясной. Мы ўнеслі неабходныя ўгнаенні, карыстаемся лепшымі прэпаратамі ад захворванняў. Да таго ж у нас ёсць страхавы фонд насення на той выпадак, калі неабходна будзе перасяваць.

На прадпрыемстве кажуць, што сельгасмашыны ў высокай ступені гатоўнасці, бо рыхтаваць да пасяўной іх пачалі яшчэ з восені. Маякоўцы заўважаюць, што з гэтым у сельгаспрадпрыемстве праблем ніколі не было.

 Сяргей СТОЛЯР

Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц