У Лукскім дзіцячым садзе прайшла гульнёвая праграма “У госці да Ганначкі” для рознаўроставай групы

Гульнёвая праграма для рознаўроставай групы “ У госці да Ганначкі”, якая прайшла ў Лукскім дзіцячым садзе Карэліцкага раёна зацікавіла не толькі дзяцей, але і бацькоў.

Ці ёсць такі чалавек, які ніколі не наведваў музей? Цяпер цяжка ўявіць сабе дарослага, які там не быў хоць раз. А як з дашкольнікамі? Многія бацькі лічаць, што дзецям такога ўзросту гэта не патрэбна, а загружанасць паўсядзённымі справамі патрабуе адкласці паездку на потым.

Роля музеяў у сучасным грамадстве, у выхаванні гарманічнай асобы дзіцяці становіцца ўсё больш актуальнай: цяпер фарміруецца нават паняцце “ музейная педагогіка”. Яе неад’емнай часткай з’яўляецца знаёмства з культурай і гісторыяй роднага краю. Таму вельмі папулярнымі і актуальнымі з’яўляюцца міні-музеі для дзяцей.
На базе Лукскага дзіцячага сада таксама такі ёсць! Экспанаты пачалі збіраць шмат гадоў назад, а актуальнасць з году ў год толькі павялічваецца! Вядома, што ў сапраўдным музеі нічога нельга чапаць, а вось у нашым не толькі можна, але і патрэбна. Сюды можна прыйсці кожны дзень, самому мяняць, перастаўляць экспанаты, браць іх у рукі і вывучаць гісторыю Беларусі з малых гадоў.

І вось свята: мы ідзём у музей, сапраўдны, з сапраўднымі прадметамі быту, якія маюць сваю назву і прызначэнне. Як і у хаце, там ёсць гаспадыня Ганна, апранутая ў прыгожую вопратку. Менавіта з яе пачынаецца праца ў музеі. Не засумаваць нам дапамагаюць гульні: “Пра што ідзе гаворка?” дапаможа пашырыць слоўнік і раскажа, што такое “покуць”, “абрус”,”калаўрот” і інш., пра іх прызначэнне;Гульня “Як тады і што цяпер” навучыць знаходзіць слова-аналаг. (Чыгун- каструля, самавар-чайнік, лучына-лямпачка,венік-пылесос. ) Загадкі, прыказкі і прымаўкі былі складанымі, але мы вучымся! “Эх,венік, мой венік”, “Гарлачык”, “ Падушачка”- гэта гульні, якія вельмі падабаюцца дзецям.
Міні-выстава будзе працаваць цэлы тыдзень, ёю ўжо зацікавіліся бацькі: хтосьці мае дома збанок і хоча ўнесці свій уклад у развіццё музея, а хтосьці хоча прыгожы фотаздымак з дзецьмі ў этна-стылі.

Выкарыстанне такой формы працы дазваляе нам адказваць на дзіцячыя пытанні пра Радзіму, пра быт селяніна, народны касцюм. Не толькі адказваць вусна, але і дакрануцца да гісторыі самастойна.

Вольга Свінцова,

выхавальнік 1 кат., Лукскі дзіцячы сад

1
1