Адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя Карэліцкай аб’яднанай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў»

Агульная задача — клопат пра інвалідаў

На ўліку ў Карэліцкай аб’яднанай арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» стаіць 276 чалавек. У раёне жыве 1434 інваліды. Гэта людзі з рознымі захворваннямі, рознага ўзросту і сацыяльнага статусу. З іх — 228 інвалідаў агульнага захворвання, 40 інвалідаў з дзяцінства, па групе інваліднасці — 24 (першай), 235 (другой), 17 (трэцяй).
З дакладам выступіла старшыня арганізацыі Вера Сашко.

У раёне ажыццяўляецца рэгіянальны комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона» на 2021-2025 гады. Летась запланавана выкананне работ па абуладкаванні даступнага асяроддзя для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб на 3 аб’ектах. Абсталяваны пандус і поручні пры правядзенні капітальнага рамонту жылога дома па вуліцы Прытыцкага, 1-а. У цэнтральнай раённай бальніцы ўстаноўлены таблічкі са шрыфтам Брайля і папераджальная тактыльная плітка, у сектар «Аюцавіцкі СК» набыты тактыльныя таблічкі са шрыфтам Брайля. Рэгулярна праводзіцца абнаўленне кантраснай маркіроўкі першай і апошняй прыступак лесвічнага марша пры ўваходзе ва ўстановы адукацыі і культуры раёна. У цяперашні час планамерна праводзяцца работы па абсталяванні пандусамі і поручнямі аб’ектаў агульнага назначэння.

Органы дзяржаўнай улады і кіраўнікі сельскагаспадарчых кааператываў і арганізацый раёна своечасова рэагуюць на просьбы і запыты інвалідаў, дапамагаюць вырашаць пытанні, прымаюць меры для аказання дапамогі. Многія з членаў таварыства знаходзяцца на сацыяльным абслугоўванні. Ва ўсіх пярвічных арганізацыях маючым патрэбу пастаянна аказвалася дапамога ў набыцці паліва, апрацоўцы прысядзібных участкаў, копцы бульбы, нарыхтоўцы кармоў, паслугі па рамонце печаў, платоў і забяспечванні будаўнічымі матэрыяламі. Старшыні пярвічных арганізацый пастаянна ўзаемадзейнічаюць з выканаўчымі камітэтамі сельскіх Саветаў, удзельнічаюць у праводзімых сумесных абследаваннях членаў арганізацыі. Са станоўчага боку былі адзначаны КСУП «Лукі-Агра», СВК «Маяк-Заполле» і «Свіцязянка-2003».

Вера Міхайлаўна нагадала аб супрацоўніцтве з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна. Калектывы гэтых арганізацый з разуменнем адносяцца да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, стараюцца дапамагчы пры неабходнасці. Цэнтр аказвае вялікую дапамогу інвалідам, у тым ліку і членам грамадскай арганізацыі. Кола аказваемай дапамогі сацыяльнымі работнікамі даволі шырокіае. Маладыя члены таварыства з задавальненнем наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў у ЦСАН Карэліцкага раёна. Многія з іх прымаюць актыўны ўдзел у жыцці арганізацыі, спартыўных мерапрыемствах, якія праводзяцца сярод інвалідаў.

Інваліды Вялікай Айчыннай вайны, воіны-інтэрнацыяналісты, члены праўлення, старшыні пярвічных арганізацый вялікую ўвагу ўдзяляюць патрыятычнаму выхаванню моладзі. Пастаянна прымаюць удзел у значных культурных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў раёне: Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Яны выступалі на мітынгах, прысвечаных Дню Перамогі, ускладалі кветкі да помнікаў загінулым воінам, партызанам і падпольшчыкам.

Дакладчык удзяліла ўвагу і спартыўнай рабоце. Штогод праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы на стадыёне «Юнацтва» па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, гульнях у гарадкі і дартс, турніры па шашках і шахматах. Удзельнікі, якія занялі прызавыя месцы, узнагароджваюцца дыпломамі і грашовымі прызамі.

Для комплекснай рэабілітацыі інвалідаў установамі культуры, грамадскімі арганізацыямі праводзяцца тэматычны вечары, прысвечаныя Міжнароднаму дню інвалідаў Рэспублікі Беларусь. У гэты дзень работнікі Карэліцкага РЦКіНТ арганізоўваюць канцэрты, самі ўдзельнікі таксама спяваюць і чытаюць вершы.

У Карэліцкую аб’яднаную арганізацыю ГА «БелТІ» звяртаюцца інваліды, у тым ліку тыя, хто не стаіць на ўліку. у 2022 годзе паступіла 36 заяў. У асноўным пытанні носяць кансультатыўны характар. Напрыклад, часцей за ўсё ўзнікаюць пытанні аб ільготах дадзенай катэгорыі насельніцтва, атрыманні і ўзяцці на пракат інватэхнікі. Узнімаліся пытанні па рамонце печаў, тэлефонаў і тэлевізараў, аб спілоўванні дрэў, ачыстцы калодзежаў і іншыя. На ўсе дадзены тлумачэнні.

Ад імя членаў праўлення, усіх членаў арганізацыі Вера Сашко падзякавала Карэліцкаму раённаму выканаўчаму камітэту за разуменне праблем інвалідаў, падтрымку ў рабоце, а таксама — старшыням выканкамаў сельскіх Саветаў, якія аказваюць дапамогу старшыням пярвічнвых арганізацый у іх рабоце, кіраўнікам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў за чулыя адносіны да інвалідаў, матэрыяльную дапамогу, Гродзенскай абласной арганізацыі — за пастаянную метадычную і практычную дапамогу ва ўсіх пытаннях жыццядзейнасці грамадскай арганізацыі, усіх членаў праўлення — за ўдзел у рабоце, дапамогу ў арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў і правядзенне вечароў-сустрэч, старшыняў пярвічных арганізацый — за актыўную і бездакорную працу па арганізацыі мерапрыемстваў.

«Трэба займаць актыўную жыццёвую пазіцыю, удзельнічаць у грамадскім інвалідным руху», — рэзюмавала Вера Міхайлаўна.

Са справаздачай выступіла старшыня кантрольна-рэвізійнай камісіі Карэліцкай аб’яднанай арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» Наталля Непагода.

Словы прызнання: 18 гадоў стажу

У абмеркаванні дакладаў прынялі актыўны ўдзел члены арганізацыі, кожны прамоўца імкнуўся падзяліцца сваімі меркаваннямі і выказаць свой пункт погляду. «Працаваць з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі — гэта вялікі подзвіг, гэта прафесія», — сказала Галіна Калтунова,назваўшы Веру Сашко Чалавекам з Вялікай Літары і выказаўшы спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва. Віталій Шэўка лічыць галоўным дэвізам дзейнасці: «Рабіць людзям дабро і самому прыгажэць». Галіна Мяць адзначыла падтрымку мясцовых сельвыканкама, сельгаскааператыва, стараст вёсак.. «Мы сталі супольніцтвам, Вера Міхайлаўна рабіла добрыя справы і ўлічвала меркаванні кожнага», — сказала пра лідара арганізацыі з 18-гадовым стажам Леаніла Дзянькевіч.

 

Старшыня Карэліцкай раённай ветэранскай арганізацыі Валянціна Кошур назвала кіраўніка таварыства інвалідаў раёна чалавекам дабрэйшай душы, яны працавалі ў добрым тандэме амаль два гады і падтрымлівалі адзін аднаго, мелі агульную мэту — праяўлялі ўвагу і клопат пра інвалідаў і ветэранаў.

Добрым валанцёрам, які вызначаецца сваімі справамі, лічыць Веру Міхайлаўну начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іна Богуш і яна нагадала агульную задачу для ўсіх, хто стаіць на варце аховы інтарэсаў людзей: «Дайсці да кожнага, дапамагчы кожнаму, пачуць кожнага». Дырэктар ЦСАН Карэліцкага раёна Інэса Сямібратава назвала Веру Сашко не толькі старшынёй арганізацыі і натхняльнікам карысных і цікавых спраў, і актыўным наведвальнікам гурткоў Цэнтра.

У правядзенні канферэнцыі прыняў удзел старшыня Беларускага таварыства інвалідаў Васілій Лукашэвіч, які перакананы, што «людзям трэба дапамагаць, у інвалідаў цепліцца надзея, і яны рухаюцца наперад.» Васілій Васільевіч узнагародзіў Граматамі Цэнтральнага праўлення і каштоўнымі падарункамі Веру Сашко, Наталлю Непагоду, Іну Богуш, Віталія Шэўку, Галіну Калтунову, Аляксандра Алексіевіча.

Выбраны новы старшыня

Новым старшынёй праўлення выбрана Рэгіна Забродская. Яна з’яўляецца ўраджэнкай Карэліччыны. Перад выхадам на заслужаны адпачынак працавала начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама. Мае багаты вопыт працы з людзьмі і ўмее наладзіць кантакт з пакаленнямі. Рэгіна Аляксандраўна адзначыла, што кожнаму зможа дапамагчы і падтрымаць у складанай жыццёвай сітуацыі, будзе старацца апраўдаць аказаны давер.

Галоўны спецыяліст сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Генадзій Карпаленка адзначыў, што сярод 19 раённых грамадскіх арганізацый Карэліцкая аб’яднаная арганізацыя ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» займае дастойнае месца. Яго старшыня Вера Сашко на працягу шматлікіх гадоў магла знайсці падыход да кожнага члена арганізацыі і згуртаваць усіх пад сваім крылом. Прамоўца пажадаў новаму кіраўніку прадоўжыць добрыя традыцыі і ўнесці новыя задумкі ў далейшае функцыянаванне арганізацыі.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ