Жители Кореличского района рассказывают, сортируют ли они мусор

Уладзімір САКОВІЧ,

начальнік Карэліцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Я займаюся раздзельным зборам смецця. Каля нашага дома ўстаноўлены два кантэйнеры для раздзельнага сартавання смецця: цвёрда-бытавых адходаў і другасна-матэрыяльных рэсурсаў (макулатуры, шкла, пластыка).

У сярэднім раскладанне пластмасавых вырабаў у прыродзе адбываецца на працягу 400-700 гадоў, поліэтыленавыя пакеты, якія паўсядзённа выкарыстоўваюцца людзьмі, — ад 100 да 200 гадоў. Асноўная небяспека звязана з тым, што пластмаса, трапляючы ў зямлю,  можа выкідваць у навакольнае асяроддзе хімічныя рэчывы, дабаўленыя ў іх пры вытворчасці. Гэта можа быць хлор, розныя хімікаты і г.д. Яны могуць трапіць у грунтовыя воды, што можа нанесці сур’ёзную шкоду спажыўцам. Акрамя таго, пластык па меры раскладання можа вызваляць метан, які з’яўляецца вельмі моцным парніковым газам і ўплывае на анамальнае пацяпленне.

Неабходна, каб усе адходы вывозіліся на палігон, дзе пластык не ўяўляе  патэнцыйнай пагрозы. Большую шкоду наносіць менавіта той пластык, які выкідвае сам чалавек у непрадугледжаных для гэтага месцах.

Наталля ШВЕЦ,

начальнік службы 115 Карэліцкага раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі:

— Як работнік Карэліцкага РУП ЖКГ у чарговы раз хачу нагадаць аб сартаванні смецця. Для гэтых мэт у гарадскім пасёлку Карэлічы на кантэйнерных пляцоўках устаноўлены адпаведныя ёмістасці для збору шкла, паперы, пластыка.

Асабіста я пачала раздзяляць смецце, як толькі былі ўстаноўлены кантэйнеры. І мае дзеці таксама на маім прыкладзе займаюцца патрэбнай справай. Яна нескладаная, але ад яе ёсць вялікая карысць: разам мы зможам захаваць парадак на зямлі.

Канстанцін ЗАРУБАЙКА,

жыхар г.п. Карэлічы:

— У нашай сям’і гэтаму пытанню ўдзяляецца вялікая ўвага. На кожны від смецця маюцца асобныя пакеты: для пластыка, шкла, бытавых адходаў. Затым выносім іх і выкідваем у асобныя кантэйнеры.

Аб гэтым павінен падумаць кожны дзеля падтрымання парадку і чысціні ў населеных пунктах.