Генадзій Шатуеў даручыў актывізаваць работы па расчыстцы дарог, зносе старых дамоў і ўключэнні вызваленых зямель у сельгасабарот

Сумна, калі зарастаюць дарогі. Гэта прадвеснік таго, што па гэтым напрамку, хутчэй за ўсё, выміраюць вёскі — нікому хмызняк не перашкаджае, ніхто ўжо не звяртаецца з просьбамі яго высечы.

На штотыднёвай працоўнай нарадзе старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў даручыў адпаведным службам актывізаваць работы па расчыстцы дарог, зносе старых дамоў і ўключэнні вызваленых зямель у сельгасабарот.

— Праблема з буйствам расліннасці каля межаў праезнай часткі зусім не абмяжоўваецца цяжкасцямі перамяшчэння сельскагаспадарчай тэхнікі, — адзначыў кіраўнік раёна. — Гэта яшчэ і небяспека ўсіх удзельнікаў дарожнага руху: нябачныя дарожныя знакі, рызыка пашкодзіць аўтамабіль падчас непагадзі, абмежаваны агляд у выпадку выгібу палатна або выхаду ў апошні момант на праезную частку дзікіх жывёл.

На гэтым тыдні работнікі Карэліцкага райвыканкама правядуць суботнік на ўчастку дарогі Лядкі-Пагарэлка, падчас якога будзе высечаны хмызняк, аварыйныя дрэвы выдалены і пушчаны на шчапу. Апошняя будзе выкарыстана на тэрыторыі раёна ў якасці паліва.

Генадзій Шатуеў выказаў незадаволенасць і тэмпамі зносу пустуючых дамоў. У 2022 годзе знесена 32 такія будынкі. Два гектары вызваленых зямель уведзены ў сельгасабарот, яшчэ 5 га знаходзяцца ў цэнтры населеных пунктаў, дзе немагчыма праца сельгастэхнікі, а значыць гэтыя ўчасткі будуць абкошвацца ад пустазелля. Кіраўнік раёна даручыў маштабаваць работы па зносе аварыйнага жылля і ўключэння вызваленых плошчаў у сельгасабарот.

Адзначана, што ў раёне ідзе актыўная падрыхтоўка да пачатку веснавых палявых работ. Так, гатоўнасць трактароў складае 89%, плугоў — 87, дыскавых барон — 83, культыватараў — 80, збожжавых сеялак — 64, сеялак для лёну — 100. На рамонт тэхнікі затрачана 2540 тыс. рублёў.

Працягваецца ўнясенне арганічных угнаенняў. Нарыхтавана 73%, вывезена — 87, унесена — 34. Пад яравую сяўбу маецца 50% угнаенняў, у тым ліку азоту — 47, фосфару — 22, калію — 67.

Іна ЛЕЙКА