Старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў: «Калі кіраўнік паабяцаў, ён павінен зрабіць»

Звароты грамадзян – адно з першарадных пытанняў у рабоце ўлады на месцах. Дробязяў тут не бывае, і фармальны падыход недапушчальны. Такое меркаванне выказаў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў на штотыднёвай працоўнай нарадзе са сваімі намеснікамі і кіраўнікамі арганізацый і ўстаноў раёна.

— Менавіта кіраўніцтва раёна, арганізацый і прадпрыемстваў, сельскіх Саветаў павінна першым убачыць праблемныя пытанні і пастарацца іх вырашыць. І калі кіраўнік паабяцаў, ён павінен зрабіць. Гэта аксіёма для прадстаўнікоў улады, якой яны павінны кіравацца, — падсумаваў кіраўнік раёна.

Закранулі на працоўнай нарадзе і пытанне будаўніцтва жылля для маладых спецыялістаў і шматдзетных сем’яў.

— Менавіта камфортнае, добраўпарадкаванае жыллё стане залогам замацавання людзей тут, у раёне. Таму такое жыллё мы будаваць будзем. Сёлета ў кожным аграгарадку з’явіцца дзіцячая гульнявая пляцоўка, каб малышы маглі актыўна і бяспечна праводзіць свой час. Мы працягнем будаўніцтва новых вытворчых аб’ектаў, што дазволіць адкрываць новыя працоўныя месцы. Так, у СВК «Жухавічы» ўжо пачала працаваць МТФ «Кожава», у актыўнай фазе будаўніцтва знаходзіцца МТФ «Востухава», — адзначыў Генадзій Шатуеў.

Сельгасарганізацыі рыхтуюць тэхніку да веснавой пасяўной. Усе агрэгаты павінны стаяць на лінейцы гатоўнасці 1 красавіка. На сёння гатоўнасць трактароў роўная 88%, глебаапрацоўчых агрэгатаў — 81%, сеялак — 75%. Гэтыя дадзеныя роўныя сярэднеабласным паказчыкам. На рамонт тэхнікі затрачана 2 млн рублёў.

Добрая аснова будучага ўраджаю закладзена яшчэ з восені. Пасеяна 13850 гектараў азімых збожжавых культур. На 6176 га паднята зябліва.

Рытмічна назапашваюцца мінеральныя ўгнаенні. На 31 студзеня азоту — 38 працэнтаў да плана пад яравую сяўбу (у 2022-м — 23), фосфару — 21 (30), калію — 64 (51). Усіх угнаенняў — 44 (42).

Маецца 2,7 тысячы тон насення збожжавых, 175,5% з іх прайшлі праверку. 1,2 тыс. т трэба для яравой сяўбы. Маецца неабходны запас насеннага матэрыялу на выпадак вымярзання азімых культур.

Іна ЛЕЙКА