Председатель Кореличского райисполкома Геннадий Шатуев завоевал серебряную медаль областных соревнований «Принеманская лыжня — 2023»

Каля 200 удзельнікаў з усяго рэгіёна сабрала 18 лютага «Прынёманская лыжня-2023» у спартыўна-біятлонным комплексе «Сялец» Навагрудскага раёна. Удзел у стартах прынялі старшыні абласнога, раённых, гарадскіх выканаўчых камітэтаў, намеснікі кіраўнікоў выканкамаў, начальнікі структурных падраздзяленняў выканкамаў, а таксама старшыні гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў.

Каманду Карэліцкага раёна на спартыўным мерапрыемстве падстаўлялі старшыня  райвыканкама Генадзій Шатуеў, намеснік старшыні райвыканкама старшыня РА РГА “Белая Русь” Яўген Чычкан, начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ілья Самуйлік, кіраўнік спраў Красненскага сельвыканкама Таццяна Сучко.

Мерапрыемствы, накіраваныя на прапаганду здаровага ладу жыцця, спорту,  заўсёды актуальныя, і правядзенне іх нясе вялікае значэнне для грамадства, бо ад стану здароўя залежыць магчымасць весці паўнавартаснае, актыўнае жыццё. Папулярызацыя спартыўнага ладу жыцця –  гэта папулярызацыя актыўнага даўгалецця, дадатковыя магчымасці для адпачынку. «Прынёманская лыжня» –  добрая магчымасць для згуртавання калектываў, фарміравання каманднага духу.

У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця спаборніцтваў прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Максім Малахоўскі, кіраўнік спраў Гродзенскага аблвыканкама Іван Курман.

— Фізкультура і спорт неабходныя ў любым узросце. Гэта дазваляе гарманічна развівацца і быць здаровай нашай моладзі, захоўваць актыўнае даўгалецце людзям больш старэйшага ўзросту. Акрамя здароўя,  гэта яшчэ і магчымасць атрымаць масу станоўчых эмоцый: радасць, пачуццё яднання. Гэта той падмурак, які патрэбны для будучага развіцця нашай краіны. Тое, што тут сабраліся людзі розных узростаў, забяспечвае сувязь пакаленняў. І гэта залог паспяховага развіцця нашай краіны, –  адзначыў Уладзімір Каранік.

Кожны удзельнік меў  магчымасць праявіць сябе ў індывідуальных гонках.

Адбылося чатыры забегі ў розных намінацыях. Распачалі спаборніцтвы старшыні райвыканкамаў.  Першым фінішаваў старшыня Воранаўскага райвыканкама Дзмітрый Захарчук, другім –  старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў. Заключыў тройку лідараў забегу  старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі.

— Адчуванні цудоўныя: прыліў эмоцый, свежае паветра, для мяне заўсёды такія мерапрыемствы – свята. Не атрымалася быць першым, але лічу, што выступіў годна, ёсць яшчэ над чым працаваць. Галоўнае – здаровы лад жыцця, а ўдзел у такім мерапрыемстве – добры прыклад  падрастаючаму пакаленню, – падзяліўся Генадзій Мікалаевіч.

У другім заездзе на старт выйшлі намеснікі кіраўнікоў рай- і гарвыканкамаў. Адбыліся заезды мужчын-дзяржслужачых і жанчын.

Кожны ўдзельнік забегу атрымаў медаль за ўдзел у спаборніцтвах ад Уладзіміра Караніка.  У асабістым першынстве па лепшым выніку ў кожным забегу удзельнікі падняліся на спартыўны п’едэстал.

Дарэчы, уручаны былі таксама спецпрызы “За волю да перамогі”, “Самы малады ўдзельнік” і “Самы ўзроставы ўдзельнік”, заснаваныя судзейскай калегіяй. Абладальнікам адной з такіх узнагарод стаў прадстаўнік нашай каманды Ілья Самуйлік. Ён быў самым маладым, хто прыняў удзел у спаборніцтвах.

– Сённяшняе свята –  добрая магчымасць праявіць сябе і свае здольнасці. Лічу, што вельмі важна  весці актыўны лад  жыцця. Не змагло сапсаваць  планы і настрой надвор’е, выдатна, што спаборніцтвы ўсё ж такі адбыліся, і навагрудская зямля ў чарговы раз  прыняла жыхароў  раёнаў Гродзеншчыны. Відаць, што людзі прыехалі сюды зараджаныя спартыўным азартам, бадзёрыя, вясёлыя, спартыўныя, падрыхтаваныя. Адчуць па-сапраўднаму ўсе гэтыя радасныя  эмоцыі можна толькі самому ўдзельнічаючы ў гонках,  – падзяліўся Ілья Валер’евіч.

Атмасфера свята атрымалася незабыўнай. Гэта адзначылі і ўдзельнікі, і балельшчыкі, якія прыехалі з розных куткоў вобласці, каб падтрымаць прадстаўнікоў сваіх раёнаў. Неабходна падкрэсліць  высокую арганізацыю спаборніцтваў. Была прадугледжана насычаная культурная праграма: гучалі прыгожыя песенныя кампазіцыі. Прыцягвалі ўвагу гасцей спарткомплексу харчовыя лакацыі. Сагрэцца гэтым зімовым днём арганізатары прапаноўвалі, падмацаваўшыся гарачай салдацкай кашай, гарбатай.

Меркаванні

Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан:

— Упершыню давялося ўдзельнічаць і абараняць гонар раёна на такіх спаборніцтвах. Цяжка перадаць эмоцыі словамі. Ганарова атрымаць медаль удзельніка «Прынёманская лыжня-2023» ад губернатара. Вельмі важна, што гэтая ўзнагарода цалкам заслужаная. Думаю, што ўдзел у такіх спартыўных мерапрыемствах   падштурхне людзей часцей надаваць увагу спорту: рабіць зарадку, займацца фізкультурай,  хадзіць у спартыўную залу і весці здаровы лад жыцця.

Кіраўнік спраў Красненскага сельвыканкама Таццяна Сучко:

— Свята атрымалася, думаю, са мной пагодзяцца ўсе. Уражанні яшчэ доўга будуць грэць душу. Адразу вельмі хвалявалася, але калі ўстала на лыжы і  паехала, то хутка  забылася на ўсе турботы. Няцяжка гаварыць аб значнасці такіх мерапрыемстваў, мне здаецца, яны павінны развівацца.  Здорава, што жыццё нам дорыць такія цудоўныя магчымасці, якія дазваляюць адцягнуць увагу ад руцінных спраў.  І,  як мне здаецца, самая вялікая радасць гэтага дня  –  шчаслівыя твары людзей, якія сёння тут сабраліся.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара і прэс-службы старшыні Гродзенскага аблвыканкама