Пункт погляду журналіста: яшчэ раз пра маладосць і мудрасць

Пра маладосць і мудрасць можна прачытаць у сродках масавай інфармацыі ці сацыяльных сетках, пачуць на розных сустрэчах і ў прыватнай гутарцы. Які з гэтага зрабіць вывад — кожны вырашае сам.

Сустрэча з упраўляючым участка сельгаскааператыва «Маяк-Заполле» Іванам Гавакам адбылася на адным з раённых святочных мерапрыемстваў. Мы сядзелі побач у вялікай зале Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці і гутарылі аб простых ісцінах жыцця. Паважаны і вядомы на Карэліччыне хлебароб рыхтаваўся да прамовы і адчуваў сябе ўпэўнена. З пачуццём вялікай годнасці звяртаўся да прысутных у зале: заклікаў адносіцца да маладых па-бацькоўску, каб яны змаглі прыжыцца на карэліцкай зямлі.

У тыя хвіліны мне ўспомніліся парады тагачаснага галоўнага рэдактара раённай газеты «Полымя» Івана Шлыка. Журналіст не раз гаварыў пра тое, што трэба пісаць артыкулы даходліва і шчыра, каб слова ў раёнцы было зразумела вяскоўцам і ўзрушвала іх душы. У той час я не была ўжо маладым спецыялістам, але да парад вопытнага журналіста ўсё ж прыслухоўвалася. Аказваецца, слова, якое нясём чытачу, як і зерне, кінутае ў зямлю, толькі тады дасць усходы, калі для гэтага будуць прыкладзены вялікія намаганні.

Настаўніцтва — покліч з мінулых гадоў дваццатага стагоддзя. Што ў тым дрэннага, калі старэйшы калега, які мае жыццёвую мудрасць і вялікі вопыт, дасць карысную і тактоўную параду? Ці прыслухацца — іншая справа. Змяніўся час, але ж не змяніліся каштоўнасці. Па-ранейшаму ў пашане засталася працавітасць, дабрыня выратоўвае свет, а любоў робіць людзей шчаслівымі. Хіба мае значэнне, колькі нам: дваццаць пяць ці ўдвая-ўтрая больш? Мы любім жыццё, служым справе, паважаем людзей — усё робім для таго, каб Чалавекам звацца. Калі штосьці не ладзіцца, чаму б не прыслухацца да тых, хто побач. Урэшце рэшт, чаму лічым сябе знаўцамі па ўсіх пытаннях і ў простых ісцінах іншы раз не шукаем таго, што б дапамагло знайсці сутнасць жыцця?

Пераканана, што маладых трэба любіць такімі, якія ёсць. Яны іншыя, і гэта добра. Жыццё ж не стаіць на месцы, развіваюцца тэхналогіі — і трэба паспяваць за імі. Прадстаўнікі старэйшага пакалення здзіўляюцца: чаму моладзь хоча мець усё і адразу? Жыць заможна і аб’ехаць увесь свет? Але, скажыце, што ў тым дрэннага, калі маладыя на гэта зарабляюць уласнай працай?

Мудрасць і маладосць — дзве жыццёвыя лесвіцы, і на кожнай мы адчуваем сябе больш упэўнена, калі побач ёсць той, хто падтрымае ў складаных сітуацыях і падзяляе радасць і смутак. Калі маладым патрэбны парады старэйшых, то нам — іх разуменне, увага, клопат. Гэта праверана жыццём.

Галіна СМАЛЯНКА