Выпускники школ Кореличского района вспоминают о любимых альма-матер

Кожны год у першую суботу лютага школы гасцінна адчыняюць дзверы для сваіх выпускнікоў. І кожны, хто заходзіць у сцены роднай альма-матэр, перажывае моманты, звязаныя з дзіцячымі і юнацкімі гадамі. Менавіта тут людзі знаходзяць першых сяброў, першае каханне, таму ў кожнага вельмі шмат успамінаў аб гадах, праведзеных за школьнай партай. Мы папрасілі карэліччан падзяліцца сваімі ўспамінамі пра той шчаслівы час.

— У 1992 годзе я прыйшла ў першы клас Красненскай СШ, якая тады толькі  адчынілася, а паколькі маё прозвішча было першым у класным журнале, то вынікае, што я была першай першакласніцай Красненскай школы, — расказвае дырэктар Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Сняжана Каляда, якая скончыла школу 20 гадоў таму. — Першай маёй настаўніцай была мая матуля Зоя Мікалаеўна Абрамчык, і я доўга не магла зразумець, чаму павінна называць яе не “мама”, а Зоя Мікалаеўна.

Усе самыя яркія моманты ў мяне звязаны з творчасцю. Я пачала выступаць на сцэне з першага класа, а ў 1993 годзе паступіла ў музычную школу. Калі вучылася ў 7 класе, у школе праводзіўся конкурс “Школьная зорка”, які арганізаваў тагачасны дырэктар нашай школы Андрэй Мікалаевіч Наумовіч. Гэта быў першы з такіх конкурсаў у нашым раёне, у ім удзельнічалі дзяўчынкі з пятага па адзінаццаты класы. Мы павінны былі не толькі выканаць песню, але і раскрыць яе сцэнічны вобраз, а рыхтавала нас настаўніца музыкі Таццяна Станіславаўна Бурнос. І вось напярэдадні выступлення мне прыснілася, што я перамагла і даю інтэрв’ю на праграме Сяргея Супонева “Джунглі клічуць” (там заўжды давалі слова пераможцам) і расказваю якраз пра перамогу. У выніку я сапраўды стала першай на конкурсе з песняй “Мама”, але інтэрв’ю ў мяне ніхто так і не ўзяў. Таму цяпер, карыстаючыся момантам, хачу падзякаваць тым, хто зрабіў наша школьнае жыццё шчаслівым.

— Я вучылася ў СШ № 2 райцэнтра. Першы і другі класы я не вельмі запомніла, — дзеліцца Аксана Міселя, якая скончыла школу 15 гадоў таму, а цяпер працуе начальнікам сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Мінскага РАНС. — У трэцім класе да нас прыйшла працаваць тады яшчэ малады спецыяліст Таццяна Уладзіміраўна Кадуцкая. Яна вазіла нас на экскурсіі, ладзіла нам салодкія сталы. У нас быў дадатковы прадмет “Вакол свету”, дзе расказвала пра іншыя краіны, як там жывуць людзі, якія ў іх традыцыі. Гэты прадмет у нас быў пасля ўрокаў, але з яго ніхто не ўцякаў, мы з задавальненнем слухалі пра жыццё ў гэтых краінах.

У нас працаваў профільны клас МНС, з якім мы часта ездзілі на спаборніцтвы, гэта вельмі запомнілася. Аднойчы нам трэба была пераплыць раку на лодцы, і мне забінтавалі рукі амаль да локця, каб я не нацерла мазалі, а ўсе думалі, што я перавожу дзяўчат са зламанымі рукамі.

Школа дала нам вельмі добрыя веды. Калі я паступіла ў каледж, то на першым курсе мне дастаткова было той базы, якую атрымала ў школе, за што вялікі дзякуй нашым настаўнікам.

Сяргей СТОЛЯР

Фота з архіваў герояў публікацыі