У Карэліцкай раённай бібліятэцы напісалі агульнанацыянальную дыктоўку

У розных краінах свету 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ініцыятыва накіравана на прызнанне і заахвочванне выкарыстання родных моў. З гэтай нагоды ў чытальнай зале  ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка”  карэліччане мелі магчымасць  далучыцца да рэспубліканскага дыктанта па беларускай мове.

Напісанне агульнанацыянальнай дыктоўкі — гэта мерапрыемства, якое дае магчымасць усім жадаючым праверыць узровень сваёй пісьменнасці. Яно праводзіцца з мэтай папулярызацыі беларускай мовы і ўдасканалення ведаў. З прывітальным словам   да прысутных звярнулася старшыня Карэліцкай ветэранскай арганізацыі  Валянціна Кошур, якая засяродзіла ўвагу   на значнасці даты ў календары, якая дае старт  Тыдню беларускай мовы і літаратуры, які будзе доўжыцца да 28 лютага.  Прамоўца зрабіла экскурс у гісторыю развіцця беларускай  літаратурнай мовы,  спыніўшыся на яе значнасці  для кожнага з нас.

— Беларуская мова, якую пранёс наш народ праз вякі, з’яўляецца найвялікшым нацыянальным скарбам. Родная мова — душа народа. Пакуль жыве мова, жыве і народ. Таму наша задача — вывучаць і ўдасканальваць яе, а гэта дасягаецца штодзённым ужываннем у побыце, на рабоце, у дзяржаўных і культурных установах, — заключыла Валянціна Іванаўна.

Свае  веды ў гэты дзень праверылі каля дваццаці чалавек, якія пісалі дыктоўку па тэксце Якуба Коласа  “На прастор, на шырокі прастор!”. Тэкст падабраны спецыяльна да Года міру і стварэння, у ім  апісаны маляўнічыя краявіды роднай Беларусі, падкрэслена непаўторнасць і адметнасць нашай Радзімы.  Такія мерапрыемствы дазваляюць нам, носьбітам роднай мовы,  праявіць салідарнасць, прадэманстраваць сваю любоў і павагу да беларускай мовы, у чарговы раз звярнуць увагу на яе прыгажосць, мілагучнасць, адчуць смак і энергію беларускага слова.

Настаўнік ДУА “Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў” Вольга Несцер адзначае:

— З вялікім задавальннем села за парту, каб напісаць тэкст і ў думках вярнуцца ў дзяцінства. Гэтая дыктоўка, несумненна, дае магчымасць усім жадаючым праверыць узровень сваёй пісьменнасці, але гэта не асноўнае. Важна  не толькі ацаніць валоданне нормамі беларускай літаратурнай мовы, але далучыцца да яе, адчуць мілагучнасць і пяшчоту матчынага слова.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара