Зубастая проблема. Как найти управу на недобросовестных хозяев собак в Кореличском районе?

На днях знаёмы расказаў гісторыю: маленькая дачка баіцца адна хадзіць у школу, таму што там часта бегаюць сабакі.

Чатырохногія, якія гуляюць самі па сабе, не рэдкасць, яны ёсць у кожным населеным пункце, дзесьці іх больш, дзесьці менш. Па вонкавым выглядзе лёгка вызначыць: гэта хатні сабака або бадзяжны. Часцей за ўсё на нашым шляху сустракаюцца даволі ўкормленыя чатырохногія, а значыць гаспадары адпускаюць іх на вуліцу без нагляду. Спалохаць або пакусаць прахожага, асабліва маленькага, могуць не толькі бяздомныя, але і хатнія гадаванцы. Хто можа паўплываць на нядобрасумленнае стаўленне людзей да сваіх сабак? Куды звяртацца жыхарам са скаргамі на такіх нядбайных гаспадароў?

— У 2022 годзе ад укусаў сабак у Карэліцкім раёне пацярпелі 37 чалавек, у гэтым ужо адзін, — распавядае галоўны ўрач УАЗ «Карэліцкая ЦРБ» Данута Скварада. — Калі вас укусіў сабака, трэба прамыць рану шчолачным растворам, які запавольвае дзеянне віруса, і неадкладна звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Трэба памятаць, што сабакі з’яўляюцца пераносчыкамі розных захворванняў. Самае небяспечнае з іх — шаленства. Гэтая хвароба смяротная для чалавека.

Летась з маім калегам здарылася непрыемная гісторыя. Яго фатальная сустрэча з аўчаркай адбылася на прыродзе, дзе гаспадыня выгульвала сабаку на павадку, але без намордніка. Сабака ўкусіў хлопца за шчаку, да вока застаўся літаральна адзін сантыметр.

Жыхар райцэнтра В. на дадзены момант праходзіць вакцынацыю ад шаленства: у мінулым месяцы яго пакусала лайка.

— Я займаюся вырошчваннем коз. Аднойчы прыйшоў да хлява, бачу, лайка грызе казляня. Паспрабаваў адагнаць, але сабака кінуўся на мяне, пакусаў рукі. У бальніцы накладвалі швы, цяпер атрымліваю ўколы супраць шаленства. Аказалася, што сабака хатні, проста сарваўся з прывязі. Вядома, гэта выпадковасць, але людзям трэба больш старанна сачыць за сваімі жывёламі. Месяц таму, да гэтага выпадку, знайшоў у хляве трох загрызеных коз. Хто гэта зрабіў, не бачыў, але па слядах відаць, што пабывалі сабакі.

У тым, што па вуліцах бегаюць сабакі і наносяць людзям траўмы, вінаватыя людзі. Праблема жывёл не вырашыцца, пакуль мы не пачнем з сябе. Ці шмат жыхароў раёна трымаюць сваіх сабак на прывязі ці ў вальеры, выгульваюць на павадку і ў намордніку, як таго патрабуюць правілы?

— У цяперашні час у Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць правілы ўтрымання хатніх сабак, катоў, рэгламентаваныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 2001 г. № 834, дзе прапісаны ўсе правілы па ўтрыманні і доглядзе за хатнімі гадаванцамі, — расказвае начальнік аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асоб Карэліцкага райвыканкама Віктар Чабатарэвіч. — За парушэнне гэтых правілаў згодна з арт. 16.30 ч. 1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжана адказнасць у памеры ад 1 да 5 базавых велічынь. У 2022 годзе адміністрацыйная камісія Карэліцкага райвыканкама разгледзела 18 адміністрацыйных спраў, на ўладальнікаў сабак накладзены штрафы на суму 1,2 тыс. рублёў. Уладальнікі хатніх жывёл павінны памятаць, што сабака павінен быць зарэгістраваны. Жыхары г.п. Карэлічы і Мір такую рэгістрацыю праходзяць у РУП ЖКГ, а сельскія жыхары — у мясцовым сельвыканкаме. Згодна з рашэннем Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў уладальнікі чатырохногіх павінны выплачваць падатак. Адміністрацыя Карэліцкага раёна просіць жыхароў утрымліваць сваіх хатніх гадаванцаў па правілах. Калі вы ведаеце, што хтосьці выпускае свайго сабаку свабодна гуляць па вуліцах або ўбачылі бяздомнага сабаку, тэлефануйце свайму ўчастковаму ці на 102 у РАУС. Такія нядбайныя гаспадары будуць пакараныя.

З’яўленне бадзяжных сабак і траўміраванне выпадковых прахожых дамашнімі гадаванцамі — віна гаспадароў. Таму перш чым завесці шчаня, трэба азнаёміцца з правіламі ўтрымання жывёл і адказаць сабе на пытанне: «Ці змагу я правільна ўтрымліваць свайго чатырохногага сябра?». І калі з часам мілае шчаня ператворыцца ў вялікага сабаку, якога трэба двойчы ў дзень выгульваць, карміць і лячыць, ці не апынецца ён на вуліцы або не пакусае чыёсьці або нават вашае дзіця?

Іна ЛЕЙКА

Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц