Карэліччане расказваюць аб тым, чаго чакаюць ад Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу

Зусім крыху часу засталося да Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Карэліччане расказваюць аб тым, чаго чакаюць ад гэтага выступлення.

Эльвіра Сарока, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:
— У мінулым Пасланні Прэзідэнт паставіў перад намі тры канкрэтныя задачы, і мы ўбачылі, што яны сапраўды важныя і неабходныя для нашай дзяржавы. Таму і ў гэтым годзе я хацела б даведацца аб задачах, якія паставіць Кіраўнік дзяржавы перад намі. Хацелася б пачуць аб палітыцы дзяржавы ў адносінах да дзяржаўнай бяспекі. Яшчэ адзін накірунак, пра які хутчэй за ўсё пойдзе размова, — развіццё міжнародных узаемаадносін. У апошнія часы Беларусь актыўна развівае адносіны з Кітаем, Іранам, краінамі Афрыкі. Таму важна даведацца аб перспектывах развіцця сяброўскіх адносін з іншымі дзяржавамі. Таксама я хачу пачуць аб тым, як будзе развівацца эканоміка ў такіх няпростых умовах, калі на нашу краіну ціснуць санкцыі.


Мікалай Рабко, кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання ДУА “СШ №2 г.п. Карэлічы”:
— Хочацца пачуць ад Кіраўніка дзяржавы аб тым, што Беларусь застанецца суверэннай, незалежнай краінай, якую чакае стабільнае развіццё, меркаванне якой будуць улічваць на міжнародным узроўні. Напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі хацелася б даведацца аб планах па інтэграцыі, далейшае развіццё сяброўскіх зносін з нашай братэрскай дзяржавай. Таксама хочацца пачуць аб падтрымцы маладых спецыялістаў, бо моладзь — будучае нашай краіны, і ёй патрэбна ўдзяляць вялікую ўвагу. Чакаю і словаў Прэзідэнта аб развіцці адукацыі, бо гэта фундамент любой краіны. Калі дзяржавай будзе надзяляцца значная ўвага адукацыі, краіна будзе квітнець і развівацца. Хацелася б пачуць і аб палітыцы, звязанай з развіццём малых гарадоў. Як бы ні было, тут ёсць умовы для развіцця малога і сярэдняга бізнесу. Самае галоўнае, аб чым хочацца пачуць, — захаванне міру на беларускай зямлі. Я цалкам згодны з Прэзідэнтам, што лепш пазбегнуць вайны, а для гэтага неабходна ўзмацняць моц нашай арміі. Калі армія будзе моцнай, любы праціўнік будзе сцерагчыся ад нападу на нашу краіну, таму гонар і пашана нашым ваенным, якія абараняюць межы нашай Радзімы.


Мікіта Манкевіч, інжынер вытворча-тэхнічнай групы Карэліцкага раёна электрычных сетак:
— На Пасланні хацелася б пачуць абазначэнне асноўных арыенціраў развіцця дзяржавы ў гэтым годзе. У такі неспакойны час вельмі важна бачыць дакладны план, накірунак, у якім мы будзем рухацца далей. Развіццё адносін з краінамі-партнёрамі, пашырэнне рынкаў збыту, наладжванне новых дыпламатычных сувязей. Таксама цікавіць узаемадзеянне з грамадствам, работа з падрастаючым пакаленнем. Нядаўна была ўтворана партыя “Белая Русь”, і мне цікава пачуць аб развіці палітычнай сістэмы і ўдзеле грамадзян у яе працы. Усе гэтыя тэмы для мяне найбольш важныя, таму хацелася б даведацца думку Прэзідэнта па гэтых пытаннях.

Сяргей СТОЛЯР