Курение в постели, сорняки в рост человека, 4 протокола. Журналист «Полымя» побывал в рейде с сотрудниками РОЧС

Яшчэ вясна паўнапраўна не ўступіла ў свае правы, а ў Карэліцкім раёне ўжо зафіксавана тры факты ўзгарання сухой расліннасці.

З  надыходам цёплых вясновых дзянькоў тэма палаў травы становіцца актуальнай. Асабліва ў сельскай мясцовасці, дзе жыхары і прыезджыя дачнікі спрабуюць хутка ачысціць свае ўчасткі ад назапашанага за зіму смецця і сухой травы. Любая неасцярожнасць у абыходжанні з агнём —  спальванне смецця, непатушаны недакурак або развядзенне вогнішчаў —  можа прывесці да самых трагічных наступстваў. Каб папярэдзіць бяду, разам з супрацоўнікамі РАНС адпраўляемся ў рэйд па населеных пунктах Малюшыцкага сельскага Савета.

У ходзе рэйда выратавальнікі ў чарговы раз нагадалі грамадзянам аб недапушчальнасці выпальвання сухой расліннасці, прывялі трагічныя прыклады пажараў, падрабязна расказалі аб асноўных прычынах узнікнення ўзгаранняў і аб неабходнасці выконваць усе рэкамендацыі па пажарнай бяспецы. Давялі да ведама і тое, што штраф за сухапал — 10 базавых велічынь.

Некаторыя вяскоўцы ўжо падкаваныя і прадугледжваюць наяўнасць бочак, вёдраў або іншых ёмістасцяў з вадой, спальваюць смецце выключна пад наглядам. Але ёсць,  на вялікі жаль,  і такія, хто зусім не клапоціцца аб сваёй бясцецы  і тым больш аб тых, хто жыве побач. Не задумваюцца яны, што  быльнёг, які  ім удалося  выгадаваць у мінулым годзе,  можа аказацца вялікай трагедыяй не толькі для іх саміх, але і для ўсёй вёскі.

На момант наведвання адных з такіх  гора-гаспадароў назіралася наступная карціна:  на прыдамавой тэрыторыі ў чалавечы рост сухая расліннасць, усюды бруд, жасцяныя шклянкі, пабітае шкло, а гаспадары  адпачываюць у хаце. Адзін з іх сядзіць на ложку, заваленым коўдрамі, і курыць. Тут у чарговы раз выратавальнікі нагадалі гаспадарам пра трагічныя здарэнні, якія адбыліся па прычыне неабачлівага курэння.

Па выяўленых фактах неналежнага ўтрымання прыдамавой тэрыторыі  супрацоўнікамі  РАНС  складзены чатыры адміністрацыйныя пратаколы.

Кацярына КУКАНАВА 

Фота аўтара