У Карэліцкай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя зборніка вершаў Марыі Палуян

Сёлета выйшаў першы зборнік вершаў «Няма ў жыцця чарнавікоў…» жыхаркі райцэнтра, члена літаратурнага аб’яднання «Рэчанька» пры раённай газеце «Полымя» Марыі Уладзіміраўны Палуян. 10 сакавіка ў Карэліцкай раённай бібліятэцы адбылася яго прэзентацыя, на якую прыйшлі прадстаўнікі мясцовай улады, члены літаб’яднання, аматары паэзіі, землякі паэткі — і сустрэча адбылася цёплай і незабыўнай.

АД РОДНЫХ НІЎ, АД РОДНАЙ ХАТЫ…

Марыя Уладзіміраўна нарадзілася 3 студзеня 1953 года ў вёсцы Пескаўцы Лідскага раёна. У 1970 годзе пасля заканчэння Мацэвіцкай дзесяцігодкі паступіла ў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Атрымала дыплом агранома і звязала сваё жыццё з сельскай гаспадаркай: працавала на розных пасадах у Нясвіжскім і Карэліцкім раёнах. Шчыравала і на Карэліцкім ільнозаводзе, больш 10 гадоў — камендантам інтэрната прадпрыемства.

Вершы пачала пісаць у старэйшых класах. Затым быў трыццацігадовы перапынак. У 2004 годзе зноў узялася за пяро і стала актыўным удзельнікам літаб’яднання «Рэчанька» пры раённай газеце «Полымя».

У прадмове да зборніка паэтка прызнаецца, што ад шчырага сэрца прысвячае вершаваныя радкі першай настаўніцы Яўгеніі Іосіфаўне Тупік, якая ў школьныя гады была і для вучняў, і для калегаў эталонам прыгажосці і адукаванасці, для яе — яшчэ і добрым дарадчыкам. Менавіта яна дапамагала набыць упэўненасць першым крокам па складанай дарозе паэзіі. Удзячна бабулі, тату і матулі, «якія прывілі любоў да рыфмаванага слова» і «бясконцую пяшчоту», бо яна разумее, што «ў вершаваным помніку памяць застанецца на стагоддзі».

«ТРЭБА ЧАЛАВЕКАМ НАЗЫВАЦЦА…«

У зборніку вершаў некалькі раздзелаў, і ўжо назвы іх прыцягваюць і заварожваюць: «Пішу сцэнарый я жыцця свайго нясмела…», «Бацькоўскі мой край, адзіны, малітва мая і споведзь», «Нясці свой крыж, ісці праз перашкоды. Перад народам вершам спавядацца…», «Ты аб каханне больш не апячыся…» і іншыя. Вершы аб жыцці, аб пражытым і перажытым, радкі з іх глыбока кранаюць сэрца і заварожваюць  па-свойму:

Немагчыма, дзе сцяжынка росная

У дзяцінства перакінуць  мост.

Паркалёвае сваё жыццё дарослае

Шыю, як сукенку навырост.

(«Выток жыцця»).

У вершы «Памалюся цяпер» Марыя Уладзіміраўна выказвае сваю любоў да таго, што блізка яе сэрцу: «Я за родную вёску малюся — нарадзіцца мне выпала  тут», «Я малюся за родную школу — як цяпер мне яе не стае!», «Я малюся за родную мову, бо яна ў маім сэрцы жыве», «Успамінаю сяброў  і знаёмых, і за іх я малюся штодня».

Вялікаму пачуццю прысвечаны цэлы раздзел, і вершаваныя радкі служаць  заклікам:

Не кідайце пад ногі каханне:

Яно Богам дарована людзям…

Вас пачуццё ўжо не міне,

Калі поглядам успешчана будзе…

Нагадаю яшчэ адзін раздзел у вершаваным зборніку «Пажаданні, прысвячэнні» і радкі з верша «Запавет сыну»:

…А вазьмі сабе як пастанову:

Не згубіць, не ўкрасці, не ўгнявіць.

Ад сям’і сваёй не адракацца,

Дом трымаць у належнай чысціні…

Трэба Чалавекам называцца

На святой ад прадзедаў зямлі.

Як адзначыла вядучая сустрэчы, дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх, гэтыя пажаданні належаць не толькі сыну, а ўсім нам будуць арыенцірам у жыцці.

«ДЗЕНЬ НАРАДЖЭННЯ НОВАГА ПАЭТА»

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Нэлі Маісеенка назвала зборнік вершаў біяграфічным. «Вы тут уся, ваша жыццё і пазіцыя. Не кожнаму дадзена вынесці гэта на паперу», — сказала прамоўца і адзначыла, што творы змогуць шмат чаму навучыць маладых. Нэлі Аляксандраўна прызналася, што перачытала ўсё, і асабліва спадабаліся юмарыстычныя вершы. Падзякавала Марыі Уладзіміраўне за творчае супрацоўніцтва, а дзень прэзентацыі, 10 сакавіка, прапанавала лічыць днём нараджэння новага паэта.

Дзень прэзентацыі галоўны спецыяліст Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Вольга Куляка назвала святам, зачытала Падзяку ад мясцовай улады за асабісты ўклад Марыі Уладзіміраўны ў развіццё органаў мясцовага самакіравання, яе актыўную жыццёвую пазіцыю ў жыцці і за вершаваныя радкі. Ад сябе асабіста Вольга Віктараўна адзначыла ў паэткі тонкую душу і пажадала ёй у далейшым натхнення ў творчых справах.

Ад імя калектыву ўстановы «Рэдакцыя газеты «Полымя» адказны сакратар Кацярына Куканава зачытала Прывітальны адрас і выказала спадзяванне, што зборнік вершаў «Няма ў жыцці чарнавікоў…» — вершаваныя творы пра жыццё, якія знойдуць шырокі водгук у сэрцах аматараў паэзіі, і кожным сваім радком паэтка  дастукаецца да сэрца чытачоў, і яны па-новаму змогуць паглядзець на навакольны свет і прасякнуцца любоўю да навакольнага асяроддзя.

СЛОВА АДГУКНЕЦЦА Ў СЭРЦАХ ЧЫТАЧОЎ

Кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Рэчанька» пры раённай газеце «Полымя» Галіна Калтунова назвала зборнік вершаў Марыі Палуян «сапраўдным шэдэўрам», і адзначыла, што «кожны верш гаворыць душою». Першыя вершы паэткі даў ёй тагачасны рэдактар раённай газеты «Полымя» Іван Шлык, і кіраўнік літаб’яднання адразу адзначыла талент. «Вы — стрыманая, своеасаблівая, Вы сама сабою. Вы — чалавек, які вылучае любоў», — сказала Галіна Паўлаўна і падзякавала паэтцы за творчасць, а начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Нэлі Маісеенка — за падтрымку пры выданні зборніка вершаў.

Сваімі поглядамі падзяліліся і выказалі пажаданні Марыі Палуян і члены літаб’яднання: Аляксандра Панасенка, Леаніла Дзянькевіч, Святлана Моніч, Васілій Генак, Ганна Козел, а таксама — прыхільніца паэзіі Лілія Сіліч вёскі Малыя Жухавічы, землякі Аліна і Часлаў Готта. Яны прызнаваліся Марыі Уладзіміраўне ў любові да яе паэтычнага слова.

Дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх пажадала паэтцы гармоніі ў душы і сэрцы і далейшых творчых поспехаў.

«Бязмерна ўдзячна ўсім, хто мае дачыненне да выдання майго першага зборніка вершаў: аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, калектыву ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка». Шчыры дзякуй  прадпрыемству ААТ «Карэлічы-Лён» за выдаткаваныя на выданне кнігі фінансавыя сродкі. Асобная ўдзячнасць — супрацоўнікам газеты «Полымя». Таксама дзякую ўсім-усім, хто так ці інакш натхняў мяне на творчасць», — піша ў зборніку вершаў Марыя Палуян. І хочацца спадзявацца, што яе слова адгукнецца ў сэрцах чычачоў.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ