В Кореличах на заседании рабочей группы проанализировали случай с гибелью мужчины на пожаре в д. Волоки

13 лютага ў вёсцы Валокі Цырынскага сельскага Савета падчас пажару дома загінуў мужчына 1959 года нараджэння. Меркаваная прычына смерці — курэнне ў ложку ў нецвярозым стане.

Па словах намесніка начальніка Карэліцкага РАНС Мікалая Шуляка, у снежні 2020 года, калі гэты мужчына пражываў у вёсцы Мокрава Цырынскага сельсавета, у яго доме таксама здарыўся пажар. Прычынай паслужыла парушэнне правілаў эксплуатацыі печы. Паколькі дом згарэў дашчэнту, пагарэльца перасялілі ў Валокі. Нягледзячы на новы адрас, назіральная камісія не забывала пра яго, наведвала і нагадвала аб правілах пажарнай бяспекі. Літаральна за два месяцы да трагедыі работнікі РАНС рэкамендавалі мужчыне пабяліць комін, што ён і зрабіў.

Са слоў суседзяў вядома, што напярэдадні пажару пенсіянер купіў у аўталаўцы бутэльку гарэлкі, хлеб і цыгарэты. Мабыць, дома ён добра выпіў, закурыў, заснуў і загінуў.

Намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан адзначыў:

— У мінулым годзе ахвярамі пажараў сталі трое мужчын, два з якіх курылі ў нецвярозым стане, адзін загінуў з-за вуглёў, якія выпалі з печы.

У раёне праводзіцца вялікая прафілактычная работа па недапушчэнні пажараў. Асаблівая ўвага надаецца грамадзянам, якія маюць патрэбу ў дадатковай сацыяльнай абароне. Так, у 127 дамах адрамантаваны печы, у 26 – электраправодка, у 75 — устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. У 16 дамах грамадзян, якія дасягнулі 80 гадоў, устаноўлены АПА з вывадам на святлогукавое ўстройства на суму 1,5 тыс. рублёў.

Да парушальнікаў пажарнай бяспекі прымяняюцца меры адміністрацыйнага характару. Так, 62 чалавекі аштрафаваны за курэнне ў ложку, за непадтрыманне АПА ў спраўным стане, за дзеянні, якія маглі прывесці да пажару, за эксплуатацыю няспраўных печаў.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара