Работнікі Карэліцкага райвыканкама праходзяць дыспансерызацыю

 

Слова дыспансерызацыя ўсё часцей можна пачуць не толькі ў паліклініцы, але і проста ў размовах карэліччан. Само яно не новае: з дыспансерызацыяй усе ўжо даўно знаёмыя. А вось той факт, што праводзіцца яна цяпер будзе па новай схеме, выклікае некаторыя пытанні. Які сэнс ісці да доктара, калі нічога не турбуе? Так, на жаль, разважаюць многія. Нават калі вы актыўныя і ў цэлым добра сябе адчуваеце, рызыка развіцця захворванняў можа праследваць вас. І тут адным здаровым ладам жыцця ўжо не абыдзешся: каб своечасова распазнаць трывожныя званочкі арганізма, патрэбна кваліфікаваная дапамога медыцынскіх работнікаў.


З 1 студзеня 2023 года ўступіла ў сілу пастанова Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 09.08.2022 года №83 “Аб парадку правядзення дыспансерызацыі дарослага і дзіцячага насельніцтва” і загад Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 15.11.2022года №1569 “Аб арганізацыі правядзення дыспансерызацыі дарослага насельніцтва”.Трэба сказаць, што сама дыспансерызацыя насельніцтва для медыцыны навінай не з’яўляецца. Але раней яна была накіравана на выяўленне хранічных формаў захворванняў. Цяпер жа праводзіцца для выяўлення фактараў рызыкі развіцця захворванняў.
Урач-неўролаг Карэліцкай ЦРБ Ларыса Малінковіч пераканана, што правядзенне дыспансерызацыі накіравана на ранняе выяўленне хранічных неінфекцыйных захворванняў, такіх як хваробы сістэмы кровазвароту, злаякасныя новаўтварэнні, цукровы дыябет, хранічныя хваробы лёгкіх. Акрамя таго, яна накіравана на выяўленне і карэкцыю асноўных фактараў рызыкі развіцця захворванняў. Любую хваробу, выяўленую на ранняй стадыі, значна лягчэй лячыць без наступных ускладненняў. Галоўная мэта дыспансерызацыі — як мага раней выявіць захворванне і фактары рызыкі яго развіцця.

На сённяшні дзень у Карэліцкім раёне ад агульнай запланаванай колькасці насельніцтва ва ўзросце 18-39 гадоў (2347 чалавек) дыспансерызацыю прайшлі 907 чалавек, што склала 31,9 %. А з агульнай колькасці жыхароў раёна ва ўзросце 40 гадоў і больш (12615 чалавек) дыспансерызацыю завяршылі 3801 чалавек, што склала 30,1 %.


Бухгалтар упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Аксана Кучынская падзялілася:
— Безумоўна, кожны чалавек павінен клапаціцца аб сваім здароўі. Праходжанне дыспансерызацыі не павінна залежаць ад самаадчування. Нават калі чалавек лічыць сябе здаровым, падчас медыцынскіх аглядаў ў яго могуць быць выяўлены захворванні, лячэнне якіх найбольш эфектыўнае на ранняй стадыі. Дыспансерызацыя дазволіць захаваць і ўмацаваць здароўе, а пры неабходнасці своечасова правесці дадатковае абследаванне і лячэнне.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара