Серафім Андраюк — адзін з самых аўтарытэтных беларускіх крытыкаў і літаратуразнаўцаў

Карэліцкая зямля багатая таленавітымі людзьмі, якія пакінулі значны след у гісторыі раёна, вобласці, краіны і нават па-за яе межамі.

10 сакавіка споўнілася б 90 гадоў з дня нараджэння Андраюка Серафіма Антонавіча – аднаго з самых аўтарытэтных беларускіх крытыкаў і літаратуразнаўцаў.

Ураджэнец вёскі Градзялі, што на Беласточчыне, ён у 1945 годзе з бацькамі пераехаў у в. Бербашы Карэліцкага раёна.

Бацька Серафіма Андраюка Антон Мацвеевіч – чалавек працавіты, любіў і шанаваў кнігу, а маці, Ганна Фёдараўна, прывучала сваіх дзяцей любіць і паважаць працу, шанаваць старэйшых, не крыўдзіць малодшых. Хлопчык змалку дапамагаў бацькам па гаспадарцы, а ў вольны час бегаў са сваімі сябрукамі па ягады, грыбы, купаўся ў Міранцы, лавіў рыбу. І заўсёды яго нязменным спадарожнікам была кніга.

Паспяхова закончыўшы Любнянскую пачатковую школу, Серафім Андраюк паступае ў Мірскую сярэднюю школу. Тут, у гэтым старажытным беларускім мястэчку, пашырыліся яго жыццёвыя і духоўныя далягляды. Нязгасную любоў да мастацкага слова прывілі яму настаўніцы Марыя Паўлаўна Багамолава і Антаніна Васільеўна Лапіцкая.

У 1952 годзе, пасля заканчэння сярэдняй школы, едзе ў Мінск і паступае на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Леніна (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт).

Пасля яго заканчэння выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Крываносаўскай сярэдняй школе Старадарожскага раёна Мінскай вобласці. У 1962 годзе паступіў у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі. Абараніў кандыдацкую дысертацыю, пятнаццаць гадоў працаваў у гэтай аўтарытэтнай навукова-даследчай установе.

З’явай у нацыянальнай крытыцы і літаратуразнаўстве сталі кнігі Серафіма Антонавіча «Жыццё. Літаратура. Героі», «Традыцыі і сучаснасць», «Вывяраючы жыццём», «Жыць чалавекам», «Чалавек на зямлі» і іншыя. Адзін з аўтараў «Истории белорусской советской литературы», «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» ў 4 тамах. Актыўны ўдзел прымаў у выпуску серыі «Беларускі кнігазбор», складаючы асобныя тамы яе і пішучы да іх прадмовы, робячы каментарыі. Сведчанне яго пастаяннай зацікаўленасці літаратурным працэсам — публікацыі ў перыёдыцы, у тым ліку ў часопісе «Полымя», у якім ён з’яўляўся адным з самых актыўных аўтараў. За кнігу «Жыць чалавекам» быў адзначаны Літаратурнай прэміяй імя Івана Мележа. Яго арганізатарскі талент ярка раскрыўся падчас працы ў выдавецтве «Мастацкая літаратура»: у 1981-1993 гадах — галоўны рэдактар, у 1993-1996 гг. — дырэктар.

Серафім Антонавіч Андраюк унёс вялікі ўклад у развіццё сучаснай літаратуразнаўчай навукі і літаратурнай крытыкі. Яго працы сталі важкім укладам у беларускае тэарэтычнае літаратуразнаўства: вучоны абгрунтаваў канцэптуальныя палажэнні тэорыі літаратурнага стылю як выражэння цэласнасці мастацкага свету літаратурнага твора, сфармуляваў тэарэтычныя асновы паняцця мастацкага свету пісьменніка.

Быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, меў ганаровае званне “Заслужаны работнік культуры Беларусі” (1994 г.). Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1972 года. Жыў у Мінску.

Памёр 4 красавіка 2022 года.

Алена МАКАРЧЫК,

бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»