У Карэлічах адзначылі Дзень праваслаўнай кнігі пад назвай «Святло дабра з-пад вокладкі»

У дзяржаўнай установе культуры «Карэліцкая раённая бібліятэка» адзначылі Дзень праваслаўнай кнігі пад назвай «Святло дабра з-пад вокладкі».

ДЗІВОСНЫ СВЕТ КСЕНІІ

Адкрыццё свята адбылося ў фае Карэліцкай раённай бібліятэкі. Тут была арганізавана выстава работ Ксеніі Воінавай з  горада Гродна. Настаяцель царквы Святой Вялікапакутніцы Варвары аграгарадка Райца, іерэй Аляксей Шышкір назваў выставу незвычайнай: яе ўнікальнасць у тым, што мастачка хварэе з дзяцінства і амаль нічога не бачыць, але стварае дзівосны свет.

«У Ксеніі шмат радасці і пазітыву. Нашы праблемы ёй не здаюцца праблемамі. Яна губляе прытомнасць —  і ачуньвае са словамі: «Слава Табе, Божа». Бог выбраў яе нямоглую, каб паказаць нам моц духу, многія са сваім гонарам слабейшыя», — сказаў святар і параіў часцей успамінаць пра Ксенію, гаворачы пра сябе: «У мяне ўсё добра…»

І сапраўды, карціны мастачкі захапляюць па-свойму: яны выклікаюць святло і радасць. Намаляваныя гелевай ручкай, алоўкам, фарбамі —  іх трэба ўбачыць, наведаўшы выставу, якая адкрыта  на працягу тыдня.

Яшчэ адным цудоўным падарункам для ўдзельнікаў свята, дзяцей, стала  пастаноўка «Старой лампады» батлеечнага тэатра, які арганізаваны пры царкве Святой Вялікапакутніцы Варвары ў аграгарадку Райца.

 

З НАГОДЫ СВЯТА

Як адзначыла вядучая мерапрыемства, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Карэліцкай раённай бібліятэкі Валянціна Кошур, афіцыйнае адкрыццё Тыдня праваслаўнай кнігі абылося ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь 9 сакавіка. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ўзначаліў урачысты акт з нагоды Дня праваслаўнай кнігі. Ён выказаў упэўненасць, што, нягледзячы на развіццё інфармацыйных тэхналогій, кніга не страціць сваёй значнасці і заўсёды будзе  неабходна па-сапраўднаму думаючым людзям.

У лістападзе 2009 года на пасяджэнні Выдавецкага савета Рускай праваслаўнай царквы было адзначана, што царква мае патрэбу ў якаснай місіянерскай літаратуры, а таму «мае сэнс у якісьці дзень асабліва падумаць і памаліцца аб кнігавыдаўцах і кнігавыданні. Не можа быць поспеху ў царквы, калі мы не суправаджаем свайго дзеяння сугубай малітвай».

Так было прапанавана зацвердзіць свята — Дзень праваслаўнай кнігі — і адзначаць яго 14 сакавіка. Па старым стылі гэта было 1 сакавіка, дзень, калі ў 1564 годзе рускі першадрукар Іван Фёдараў выдаў першую друкаваную кнігу «Апостал» на Маскоўскім друкаваным двары. За апошнія 10 гадоў Дзень праваслаўнай кнігі набыў свае традыцыі. У гэты дзень у многіх епархіях праводзяцца кніжныя выставы-кірмашы, у бібліятэках, нядзельных школах арганізоўваюцца сустрэчы з праваслаўнымі пісьменнікамі і паэтамі.  Дзень праваслаўнай кнігі называюць Днём праваслаўнай бібліятэкі. «Кніга патрэбна сучаснаму чалавеку, каб не страціць духоўную глыбіню і чалавечнасць», — зазначыла Валянціна Кошур.

 

ЯЕ ВЯЛІКАСЦЬ КНІГА

У сваім выступленні благачынны цэркваў Карэліцкай акругі, протаіерэй Мікалай Орса адзначыў вялікае значэнне кнігі ў жыцці чалавека і нагадаў аб тым, што раней яны каштавалі вельмі дорага. Звярнуў увагу на тое, што ў кнізе чытач знойдзе глыбокі духоўны змест. «Самае галоўнае — выбраць правільную кнігу», — перакананы святар, які звярнуў увагу на тое, што ў ёй маецца вопыт: што да нас адкрылі і што стварылі. Таму мы павінны ведаць дасягненні мінулых пакаленняў.

Як лічыць святар, адзначаюць Дзень праваслаўнай кнігі для таго, каб чалавек станавіўся дабрэйшым і разумнейшым. Пажадаў не забываць пра кнігі, чытаць духоўную і праваслаўную літаратуру. Нагадаў пра тое, што ў Карэліцкай раённай бібліятэцы маецца вялікі рэсурс праваслаўнай і духоўнай літаратуры.

Яе дырэктар Лілія Арцюх адзначыла, што стала добрай традыцыяй праводзіць Дзень праваслаўнай кнігі ва ўсіх бібліятэках раёна, установы ўкамплектаваны духоўнай літаратурай. Багаты фонд  на гэтыя выданні для дзяцей: павучальныя аповеды аб веры і дабры, якія змогуць навучыць міласэрнасці.

З нагоды Дня праваслаўнай кнігі ў чытальнай зале раённай бібліятэкі была арганізавана кніжная выстава «Жывая крыніца праваслаўнай кнігі».

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ