В Кореличском районе проводится техосмотр сельскохозяйственной техники

Сёлетняе надвор’е непрадказальнае. Здаецца, вось-вось ужо ўсталюецца цеплыня, і тэхніка выйдзе ў поле закладваць асновы будучага ўраджаю. Ад гатоўнасці сельгастэхнікі залежыць якасць пасяўной, акрамя таго сельгасмашыны — паўнапраўныя ўдзельнікі дарожнага руху, таму бяспецы надзяляецца не менш пільная ўвага.

На Карэліччыне дзяржтэхагляд пачаўся з 28 лютага. Першай гаспадаркай, якая прыняла інспектараў, стала КУСП “Чарняхоўскі-Агра”.

Трактары на мехдвары — як на парадзе. Каля кожнай машыны завіхаецца механізатар. Для іх тэхагляд — своеасаблівы экзамен. Камісія правярае знешні стан тэхнікі, спраўнасць рулявой і тармазной сістэм, светлавой і гукавой сігналізацыі, работу маячкоў, наяўнасць вогнетушыцеля і знака аварыйнага прыпынку. Паколькі сельскагаспадарчая тэхніка рухаецца па дарогах агульнага карыстання і з-за сваіх габарытаў стварае перашкоды іншым удзельнікам дарожнага руху, камісія звяртае ўвагу на наяўнасць святловяртальных элементаў.

Па словах галоўнага дзяржаўнага інспектара ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Дзмітрыя Шуглі, на сённяшні дзень першы этап дзяржтэхагляду прайшлі КУСП “Чарняхоўскі-Агра”, СВК “Маяк-Заполле”, КСУП “Царука”, “Малюшычы”, “Лукі-Агра”, “Племзавод Карэлічы”, ААТ “Карэлічы-Лён”. За гэты час тэхагляд прайшлі 236 трактароў (52%), 50% пагрузчыкаў, 46% прычэпаў, 54% энерганасычаных трактароў.

Важна адзначыць, што інжынерная служба і механізатары кожнага прадпрыемства разумеюць, што тэхніка павінна быць у стане поўнай баявой гатоўнасці, каб у неабходны момант выехаць у поле і прыступіць да працы.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара