У Карэліцкай раённай бібліятэцы адбылося адкрыццё Тыдня дзіцячай кнігі

24 сакавіка ў чытальнай зале Карэліцкай раённай бібліятэкі сабраліся вучні школ райцэнтра. Тут адзначалі незвычайнае свята: праводзілі адкрыццё Тыдня дзіцячай кнігі.

Дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх адзначыла, што кніга з’яўляецца сапраўдным і адданым сябрам, і яна вучыць мудрасці, дабрыні, міласэрнасці. Дзяржава ўдзяляе вялікую ўвагу выданню дзіцячай кнігі, і іх дастаткова ў раённай бібліятэцы і бібліятэках раёна. Наперадзе дзяўчынак і хлопчыкаў чакаюць сустрэчы з пісьменнікамі.
У гэты раз на адкрыццё Тыдня дзіцячай кнігі да маленькіх чытачоў завіталі казачныя героі Каралева Кнігі, Кот Вучоны, Чырвоная Шапачка. Яны прыйшліся даспадобы гасцям свята, і яны ахвотна адказвалі на пытанні. Адчувалася, што дзеці добра ведаюць казкі.

На ўрачыстасці былі адзначаны актыўныя чытачы: Васіліна Буй, Мірон Дрык, Дар’я Лабоцкая і намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы» Кацярыне  Варанко аб’яўлена падзяка за супрацоўніцтва.

Хочацца спадзявацца, што дадзены добры старт падарожжу ў Краіну кніжак, і дзяўчынкі і хлопчыкі на працягу Тыдня дзіцячай кнігі будуць ахвотна прыходзіць у раённую бібліятэку і чытаць цікавыя кнігі.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ