В Кореличах прошел День подписчика

Дзень падпісчыка праведзены ў Карэліцкім раённым вузле паштовай сувязі

31 сакавіка ў 10 гадзін журналісты раённай газеты «Полымя» завіталі на Карэліцкі раённы вузел паштовай сувязі, каб правесці чарговы Дзень падпісчыка на раённую газету «Полымя».

Напачатку вядзём гутарку са спецыялістам паштовай дзейнасці Святланай Грамыка. Паштавік адзначае, што з 9 гадзін раніцы карэліччане выпісвалі раёнку: некаторыя падпісчыкі прызвычаіліся выбіраць для гэтага менавіта апошні дзень месяца. Хаця газету «Полымя» ахвотна выпісваюць на працягу ўсяго месяца. Святлана Мікалаеўна сябруе з мясцовым выданнем і называе «Полымя» добрай газетай. Асабліва любіць чытаць артыкулы на гістарычныя тэмы.
Мы знаёмімся з падпісчыкамі і просім падзяліцца іх сваімі меркаваннямі.

Таццяна і Алег КУПРЫЯНЧЫКІ,
жыхары аграгарадка Лукі,
жывёлаводы фермы «Лукі» КСУП «Лукі-Агра»:
— Прыехалі ў райцэнтр, каб аплаціць камунальныя паслугі. Выпісалі раённую газету «Полымя». У сям’і — чацвёра дзяцей: старэйшы Дзяніс працуе ў КСУП «Лукі-Агра» будаўніком, Вадзім служыць у арміі, Дзіяна вучыцца ў адным з каледжаў Баранавіч, Дзіма ходзіць у дзіцячы садок. Дарэчы, у раённай газеце «Полымя» сярод навін асаблівую ўвагу звяртаем на артыкулы, у якіх пішацца пра шматдзетныя сем’і. Сям’я — наша моц і наша сіла, пра што паведамляецца на старонках раёнкі. Супрацоўнікам «Полымя» жадаем натхнення ў працы, а чытачам — моцнага здароўя і дабрабыту ў сем’ях. Няхай збываюцца ўсе задумкі, і кожны новы дзень будзе шчаслівым.

Галіна КАЗАК,
бібліятэкар аддзела камплектавання і апрацоўкі бібліятэчнага фонду
ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»:
— «Полымя» — добрая газета, яна дапамагае арыентавацца ў інфармацыйнай сетцы падзей, якія адбываюцца не толькі ў раёне, але ў вобласці і рэспубліцы. У ёй сустракаем разнастайныя матэрыялы: артыкулы на гістарычную тэму, замалёўкі пра людзей Карэліччыны, якіх добра ведаем — яны свае і блізкія, жывуць побач і працуюць. Мы ганарымся перадавікамі раёна, якія памнажаюць здабыткі нашага Карэліцкага краю. З асаблівай ахвотай чытаю рэкламныя звесткі.
Журналістам «Полымя» жадаю творчых поспехаў і цікавых тэм, а газеце — далейшага росквіту, павагі, добрых слоў ад падпісчыкаў.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ