В Кореличском районе началась посевная кампания

23 сакавіка ў раёне пачалася пасяўная кампанія. Вясна дыктуе раннія тэрміны ўсіх работ на палях і прыспешвае хлебаробаў. Каб не прапусціць аптымальныя тэрміны, увесь комплекс вяснова-палявых работ аграрыі імкнуцца выканаць як мага хутчэй, з захаваннем тэхналогіі і з улікам агранамічных асаблівасцяў кожнага поля.
Па словах начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгенія Бусько, хоць пасяўная кампанія толькі пачала адлік, праца на палях гаспадарак раёна ідзе поўным ходам. Уносяцца ўгнаенні, ідзе падрыхтоўка глебы, падкормка азімых збожжавых, у трох гаспадарках: СВК “Свіцязянка-2003”, КСУП “Лукі-Агра”, КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” – пачалася сяўба яравых – марудзіць няма часу.
– Наперадзе вялікі аб’ём работы, якому папярэднічала сур’ёзная падрыхтоўка. Усе спецыялісты павінны быць нацэлены на тое, каб зладжана і дружна правесці пасяўную. Важна рацыянальна спланаваць работы на кожным сельгаспрадпрыемстве. Граматнае кіраўніцтва і надзейная тэхніка дазваляюць карэліцкім хлебаробам працаваць эфектыўна.

Сваімі планамі і ходам сяўбы падзяліўся старшыня СВК “Свіцязянка-2003” Аляксандр Мяцеліца:
– Плануем, што пасяўная кампанія 2023 года будзе доўжыцца не больш тыдня. Канешне, калі надвор’е не ўнясе свае карэктывы. У гаспадарцы складзены план на кожны дзень. Працуюць там, дзе ёсць магчымасць увайсці ў поле. Як толькі яно падсохла, пачынаем закрыццё вільгаці, а затым усе працэсы ідуць сваёй чаргой. Вось поле ва ўрочышчы Рамейкі гатова, таму з яго і пачалі. На 90 га ворыўнай зямлі будзе пасеяны яравы ячмень з падсевам люцэрны. Да правядзення пасяўной кампаніі падыходзім выбарачна, бо яшчэ шмат месцаў пераўвільготненых. Але тэхніка і людзі гатовыя, чакаюць, калі па максімуму можна ўключыцца ў працу.
Аграрыі адзначаюць: самае галоўнае цяпер — злавіць вільгаць у глебе. Па плане сёлета ў СВК “Свіцязянка-2003” неабходна пасеяць яравыя культуры на 2050 га , з іх яравых збожжавых і зернебабовых культур — 695 га, цукровых буракоў — 400 га, кукурузы — 955 га, з якіх 320 га на зерне . Агранамічная служба гаспадаркі кожны дзень маніторыць стан глеб і аналізуе, куды можна выводзіць тэхніку.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара