З пачатку года ў Карэліцкім раёне вырасла колькасць п’яных кіроўцаў і бяспраўнікаў

Кожны з нас з’яўляецца ўдзельнікам дарожнага руху. Няважна, ездзім мы на аўтамабілі ці ходзім пешшу — правілы бяспечных паводзін на дарозе павінен выконваць кожны. І гэта зусім не той выпадак, калі з правілаў можна зрабіць выключэнне.

Пасяджэнне раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху адбылося ў Карэліцкім райвыканкаме.

Начальнік міжраённага аддзела ДАІ Дзмітрый Аскерка паведаміў, што ў раёне праводзіцца плённая праца па папярэджанні дарожна-транспартных здарэнняў. Так, з пачатку года ў раёне не здарылася ні адной аварыі (за тры месяцы 2022 года іх было 3), няма ў раёне ні аднаго пацярпелага ці загінулага (у 2022 годзе было чатыры параненых і адзін загінулы). Аднак у раёне павялічылася колькасць выяўленых нецвярозых аўтааматараў з чатырох у мінулым годзе да шасці ў бягучым, і тых, хто садзіцца за руль без правоў, — з 13 чалавек да 16.

Старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў сказаў, што п’яны за рулём — забойца, і такіх гора-кіроўцаў павінна чакаць строгае пакаранне. Папрасіў кіраўнік раёна звярнуць увагу і на тых, хто размаўляе па мабільным тэлефоне ў час руху.

Дзмітрый Аскерка адзначыў, што хутка ў раёне пачнуцца вясеннія палявыя работы, і папрасіў упраўленне сельскай гаспадаркай забяспечыць навясное абсталяванне святловяртальнымі элементамі. Такія налепкі каштуюць нядорага, але ў цёмны час сутак дапамогуць заўважыць плуг і, магчыма, выратуюць чыёсьці жыццё.

Расказваючы аб рабоце па прафілактыцы ДТЗ, Дзмітрый Віктаравіч паведаміў, што супрацоўнікі ДАІ рэгулярна ладзяць сустрэчы са школьнікамі і выхаванцамі дзіцячых садкоў. На такіх адкрытых уроках дзецям нагадваюць правілы пераходу праезнай часткі, руху па ўзбочыне, руху ў цёмны час.

Напрыканцы сустрэчы Генадзій Шатуеў сказаў, што супрацоўнікі аўтаінспекцыі павінны працаваць на папярэджанне ДТЗ:

— Мы павінны забяспечыць бяспеку нашых грамадзян, — падкрэсліў кіраўнік раёна.

Сяргей СТОЛЯР