Галоўны інжынер намеснік дырэктара Карэліцкага РУП ЖКГ Мікалай Лукашкоў расказвае, чым жывуць прадстаўнікі самай запатрабаванай службы

Няпроста ўявіць наша жыццё без камунальнай сферы. Хоць найчасцей успамінаем пра яе тады, калі здараюцца бытавыя непаладкі, якія работнікі галіны ліквідуюць тэрмінова. Яны працуюць рытмічна і зладжана, каб людзям жылося камфортна.

З нагоды прафесійнага свята журналіст звярнулася ў Карэліцкае раённае ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, каб даведацца, чым жывуць прадстаўнікі самай запатрабаванай службы.

10 пытанняў намесніку дырэктара — галоўнаму інжынеру Карэліцкага раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мікалаю Мікалаевічу ЛУКАШКОВУ.

 — Мікалай Мікалаевіч, пачаць гутарку хацелася б са слоў прызнання камунальнікам за штодзённую працу. Скажыце, каго  абслугоўвае Карэліцкае РУП ЖКГ?

— Карэліцкае раённае ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў першую чаргу абслугоўвае насельніцтва гарпасёлкаў Карэлічы і Мір і населеных пунктаў раёна. Таксама аказваем камунальныя паслугі сацыяльнай сферы раёна, прамысловым і сельскагаспадарчым прадпрыемствам.

 — Якія асноўныя паслугі аказвае прадпрыемства?

— Наша прадпрыемства аказвае наступныя камунальныя паслугі: цепла- і водазабеспячэнне, водаадвядзенне (каналізацыя), збор і ўтылізацыя цвёрда-бытавых адходаў, абслугоўванне жыллёвага фонду, бягучы і капітальны рамонт жыллёвага фонду, добраўпарадкаванне населеных пунктаў — гэта асноўныя паслугі. Яшчэ ў нашым падпарадкаванні знаходзяцца дзве гасцініцы ў Карэлічах і Міры, а таксама  дзве лазні. Аказваем транспартныя паслугі як насельніцтву, так і арганізацыям раёна.

Вадзіцель Мікалай Бандарык

 — Камунальнікам бывае не заўсёды проста. Магчыма, існуе нейкае правіла ці сакрэт у паўсядзённай працы?

— Наша праца не заўсёды заўважаецца, калі ўсё, як гаворыцца, функцыянуе належным чынам. Калі ж штосьці здараецца, тады ўспамінаюць пра камунальнікаў. Калі людзі не звяртаюцца, то мы працуем добра. Хацелася б, каб разумелі і  камунальнікаў, бо мы заняты на працягу сутак — стаім на абароне інтарэсаў людзей.

 — Ці ёсць у Карэліцкім раённым унітарным прадпрыемстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі свая каманда — прафесіяналы справы, на каго можна пакласціся ў складанай сітуацыі?

— У нас ёсць дастаткова прафесіяналаў, яны працуюць у розных сферах. Гэта электрагазазваршчык Юрый Скобля, сталяр Аляксандр Вясна, аператар кацельні Алег Кухарчык, вадзіцель Мікалай Бандарык, майстар па кантрольна-вымяральных прыборах Аляксей Емельяновіч, галоўны бухгалтар Ларыса Сазановіч і іншыя. Яны адказныя, працавітыя, сумленныя, любяць сваю справу і шчыра ёй служаць.

 — Наколькі стала папулярнай служба «115» і як яна дапамагае карэліччанам вырашаць злабадзённыя пытанні?

— Наша новая служба «115» пад кіраўніцтвам Наталлі Швец працуе кругласутачна. Прымаюць заяўкі ад насельніцтва, даюць тлумачэнні, накіроўваюць аварыйную брыгаду па неабходных адрасах, дзе патрабуецца дапамога спецыялістаў. У мінулым годзе паступіла 2790 заяў  ад грамадзян, з іх — 1717 пытанняў кансультатыўна-даведачнага характару.

 — Вясна — час навядзення парадку. Як яе прыход уплывае на працу камунальнікаў раёна?

— З 20 сакавіка ў раёне праходзіць месячнік па навядзенні парадку. Трэба навесці парадак у Карэлічах і Міры, як гаворыцца, падмесці, прыбраць, вычысціць, правесці ямачны рамонт вуліц, прывесці да ладу платы, дарожкі, малыя архітэктурныя формы — адным словам, навесці парадак у агульным доме.

Начальнік службы «115» Наталля Швец

— У гэтай галіне Вы працуеце даўно. Назавіце самыя значныя змяненні за апошнія гады функцыянавання прадпрыемства.

— У камунальнай сферы працую з 1992 года. Пачынаў майстрам участка водазабеспячэння і каналізацыі, затым начальнікам гэтага ўчастка. З 2005 года — галоўны інжынер. За гэтыя гады адбыліся значныя змены. Праграма «Чыстая вада» аказала вялікі ўплыў на забеспячэнне насельніцтва якаснай пітной вадой. З 2005 года і да сённяшніх дзён выкарыстанне мясцовых відаў паліва вырасла, як гаворыцца, з нуля да 70 працэнтаў. Памянялася сістэма збору і ўтылізацыі другаснай сыравіны і цвёрда-бытавых адходаў, прайшла аптымізацыя палігонаў і пляцовак.

 — Сапраўды, камунальная галіна не з лёгкіх. Ці часта даводзіцца чуць  заўвагі і просьбы?

— Кожную раніцу пачынаецца планёрка з разгляду заявак, якія паступаюць ад насельніцтва. Дэталёва разбіраем кожную: што выканана і што трэба зрабіць і за які перыяд. Хачу адзначыць, што не ўсялякую заяўку можна выканаць аператыўна. Некаторыя  можна толькі ў спрыяльнае надвор’е: гэта датычыць элементаў добраўпарадкавання, рамонту дахаў, задзелкі стыкаў сценавых панеляў і г. д. Некаторыя просьбы не могуць быць выкананы з-за абмежаванасці грашовых сродкаў.

— Як вырашаецца кадравае пытанне?

— На сённяшні дзень у РУП ЖКГ працуе 275 чалавек, з іх  46 інжынерна-тэхнічных работнікаў і спецыялістаў. У мінулым годзе прынялі на працу чатырох маладых спецыялістаў, сёлета чакаем яшчэ двух.

 — Вашы пажаданні калегам па працы.

— З нагоды прафесійнага свята хочацца падзякаваць калектыву прадпрыемства за добрасумленную працу і пажадаць здароўя, святла, дабра, шчасця, любові. Няхай збываюцца ўсе задумкі, будзе мір на зямлі,  а праца стане сэнсам жыцця. З Днём работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі!

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Іны ЛЕЙКІ, Кацярыны КУКАНАВАЙ