Как проходит командно-штабное учение с силами территориальной обороны в Кореличском районе?

Камандна-штабное вучэнне з сіламі тэрытарыяльнай абароны пачалося сёння на тэрыторыі Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў. У ходзе вучэння будуць задзейнічаны сілы міліцыі і МНС.

Каля будынка Карэліцкага раёна электрасетак ужо некалькі тыдняў стаяць барыкады. Мясцовыя жыхары ўжо нават прывыклі да мяшкоў з пяском. Накіроўваюся да агароджы з калючага дроту. Да мяне падыходзіць вартавы, пытаецца пра мэту наведвання, звязваецца са старшым, правярае дакументы і просіць пачакаць. Праз некалькі хвілін выходзіць афіцэр. Яшчэ раз цікавіцца мэтай наведвання, і толькі пасля дазваляе прайсці за агароджу.

— У дадзеным выпадку праводзіцца ахова аб’екта асабістым складам войскаў тэрытарыяльнай абароны, — расказвае старшы лейтэнант Мікалай Кавалевіч. — Перад намі стаіць задача не дапусціць на аб’ект жыццязабеспячэння верагоднага праціўніка, а ў выпадку дыверсіі — прыняць меры па абароне тэрыторыі. Спробаў вучэбнага нападу не было, мы вядзём пастаяннае назіранне за аб’ектам.

Распытваю ў ваеннаабавязаных, як праходзіць служба.

— Пра тое, што паеду на зборы я даведаўся больш, чым за месяц да пачатка, — расказвае Арцём Бузук. — Ніякай спешкі не было. Прыйшла першая павестка на медкамісію. Затым, пасля праходжання ўрачоў, уручылі павестку ў ваенкамат. Такога, як пісалі на некаторых рэсурсах, каб нас у спешцы збіралі, не было.

Камандна-штабное вучэнне на тэрыторыі Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў будзе праходзіць па 21 красавіка.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара