С какими вопросами кореличчане приходят на прием к Геннадию Шатуеву

Кожную другую і чацвёртую сераду месяца старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў праводзіць асабісты прыём грамадзян. Кіраўнік раёна разглядае пытанні з розных сфер жыцця і старанна іх вывучае. Бывае так, што людзі звяртаюцца з чыста тэхнічнымі момантамі, дзе дастаткова толькі разгледзець правільнасць афармлення дакументаў. А здараецца, што трэба задзейнічаць шэраг службаў для фарміравання поўнай і дакладнай карціны.

На гэты раз на прыём звярнуліся чатыры чалавекі. Так, адна з сельскіх жыхарак расказала, што заўсёды карысталася калодзежам, які лічыла часткова ўласным, але дакументаў на яго не мела. Аднак праз некаторы час яго ўласнікі ачысцілі свідравіну і павесілі замок. Пры гэтым у заяўніцы на прысядзібным участку маецца свой калодзеж. Жанчыне рэкамендавалі звярнуцца ў суд, каб даказаць права на долевую ўласнасць.

Жыхар райцэнтра прыйшоў па пытанні вызвалення ад выплаты транспартнага падатку. Яму растлумачылі, што паколькі ён не знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, то вызваліць яго ад выплаты падатку згодна з законам немагчыма.

Карэліччанка паскардзілася на тое, што ў яе кватэры ў снежні былі мокрыя сцены, і яна звярталася з гэтай праблемай у РУП ЖКГ. На наступны дзень камунальнікі ачысцілі дах ад снегу. У сакавіку правялі абследаванне і выявілі нязначныя разбурэнні парапета і адмосткі. Рамонт будзе праведзены з наступленнем спрыяльных умоў надвор’я.

Прыйшоў на прыём і мужчына, які нядаўна вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі. Ён расказаў, што пакуль знаходзіўся ў папраўчай установе, яго кватэру адключылі ад святла і вады. Мужчыне патлумачылі, што ён павінен пагасіць запазычанасць за жыллёва-камунальныя паслугі, пасля чаго ўсё зноў будзе падключана.

Іна ЛЕЙКА