Дружбе между Кореличским районом и Красногорском Российской Федерации уже почти 20 лет

З году ў год Беларусь і Расія пашыраюць свае магчымасці, імкнуцца да паляпшэння ўзроўню жыцця і развіцця эканомікі. Адным з накірункаў міжнароднага супрацоўніцтва з’яўляецца своеасаблівая «дыпламатыя дзяржаў», разлічаная на развіццё культурных, адукацыйных, тэхнічных, гандлёва-эканамічных сувязяў паміж краінамі. Трымае сувязь з Расійскай Федэрацыяй і Карэліччына.

Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Ігар Лазарэвіч адзначае:

– Знешнегандлёвы абарот раёна з Расійскай Федэрацыяй  за 2022 год узрос  у параўнанні з 2021 годам у 1,9 раза. Расійская Федэрацыя з’яўляецца галоўным партнёрам Карэліцкага раёна. Удзельная вага Расіі ў нашым гандлі складае 79%. Прадукцыю на экспарт пастаўляюць наступныя суб’екты гаспадарання: ААТ “Карэлічы-Лён” (кароткае льновалакно), ААТ «НПП «Ніка» (таварная і насенная бульба).

Начальнік упраўлення  адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч дапаўняе:

– Ужо на працягу многіх гадоў  наш раён падтрымлівае сувязь з горадам-пабрацімам Краснагорскам у сферы дзіцячага аздараўлення.  Паміж намі падпісаны дагавор, паводле якога кожны год ажыццяўляецца абмен групамі школьнікаў: мы адпраўляем туды 10-15 дзяцей на аздараўленне і  ў сваю чаргу прымаем іх моладзь, якая адпачывае ў лагеры “Вясёлка”. Падобны абмен накіраваны на вывучэнне культуры іншай краіны. Для дзяцей прымаючы бок арганізуе экскурсіі па знакавых месцах сваёй краіны, а таксама  забаўляльную праграму.  Як правіла, магчымасць  адпачыць на міжнароднай змене ў лагеры  горада Краснагорска выпадае дзецям-актывістам, выдатнікам вучобы, спартсменам.

Начальнік  аддзела ідэалагічнай работы, культуры і справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Нэлі Маісеенка зазначае:

–  Цудоўна, што ў нас ёсць  гарады-пабрацімы.  Сяброўства не мае межаў, а Карэлічы і Краснагорск – таму пацвярджэнне. Цеснае супрацоўніцтва з гэтым расійскім горадам пачалося ў 2004 годзе, калі ўпершыню пабывалі на фестывалі ў складзе народнага ансамбля народнай песні “Забава”. З таго часу  мы арганізуем  мерапрыемствы з удзелам творчых калектываў горада Краснагорска.  Нашы маладыя творчыя аб’яднанні ездзілі на фестываль ”Сяброўства без межаў”, “Новы свет”, а калектывы  Краснагорскага раёна завітваюць  на  наш фестываль “Friendship”.

Увогуле, супрацоўніцтва        Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ў сферы культуры і мастацтва грунтуецца на прынцыпе ўзаемаўзбагачэння культур і накіравана на захаванне і развіццё этнічнай, культурнай і моўнай самабытнасці нацый. Дзякуючы ўзаемнаму прыцягненню культур, духоўнае жыццё нашых народаў узбагачаецца новымі формамі,  творчымі сіламі, якія дазваляюць падтрымліваць на высокім узроўні прафесіяналізм як  майстроў мастацтваў, так і самадзейных артыстаў. Гэта і ёсць сапраўднае сяброўства і братэрства, адданасць мастацтву. Безумоўна, нашы творчыя сувязі і ў далейшым будуць развівацца!

Кацярына КУКАНАВА.

Фота аўтара  і з архіва газеты “Полымя”