В Кореличах состоялся 42-й районный спортивный праздник

20 мая а 10 гадзіне на стадыёне «Юнацтва» ў райцэнтры шматлюдна. Тут сабраліся людзі розных узростаў з нагоды правядзення 42-га раённага спартыўнага свята, якое прысвечана Году міру і стварэння. Нават прырода спрыяе ў гэты дзень яго правядзенню — радуюць сонейка і блакіт неба.  Удзельнікі шчыра вітаюць адзін аднаго і віншуюць са святам.

Свята пачынаецца. У калоне яго ўдзельнікаў ідуць прадстаўнікі  арганізацый, устаноў, сельгаскааператываў. Першымі крочаць пераможцы 41-га раённага спартыўнага свята: каманды СВК «Свіцязянка-2003», КСУП «Лукі-Агра», СВК «Маяк-Заполле» і іншыя. Сёлета ў праграму свята ўключаны 10 відаў спорту: валейбол, перацягванне каната, гіравы спорт, тэст Купера, лёгкаатлетычная эстафета, міні-футбол, гарадошны спорт, дартс (жаночы, кіраўнікі), стральба (мужчынскі, кіраўнікі), скандынаўская хада.

Для прывітання ўдзельнікаў і адкрыцця свята слова прадастаўляецца намесніку старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыні РА РГА «Белая Русь» Яўгену Чычкану. Прамоўца выказаў задавальненне, што сёлета рады ўдзельнікаў спартыўнага свята папоўніліся і адзначыў, што на Карэліччыне спорт развіваецца па многіх накірунках і дасягнуты добрыя вынікі. Выказаў надзею, што гэтыя добрыя традыцыі будуць памнажацца і пажадаў поспехаў у сённяшніх спаборніцтвах і ў далейшым.

Для ўзняцця сцяга Рэспублікі Беларусь запрашаюцца капітаны каманд, пераможцы і прызёры 41-га спартыўнага свята першай падгрупы: СВК «Свіцязянка-2003», КСУП «Лукі-Агра», СВК «Маяк-Заполле». Гучыць гімн Рэспублікі Беларусь, і ўзнімаецца сцяг краіны.

Узняць сцяг г.п. Карэлічы ўдастоены капітаны каманд, пераможцы і прызёры 41-га спартыўнага свята другой падгрупы: КСУП «Малюшычы», райвыканкама, УАЗ «Карэліцкая ЦРБ». Гучыць гімн, і ўзнімаецца сцяг Карэліччыны.

Намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан уручае Падзячнае пісьмо старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта настаўніку фізічнай культуры і здароўя ДУА «Цырынская сярэдняя школа» Міхаілу Паўлавічу Бындзе.

У сваёй прамове загадчык сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Галушка адзначае, што спорт стаў не толькі захапленнем, але і дапамагае ў вучобе, працы, жыцці. Аляксандр Аляксандравіч пажадаў, каб лозунгі сталі для аматараў спорту сэнсам жыцця, хуткіх стартаў і лёгкіх фінішаў, а таксама здароўя, міру, дабрабыту.

Знаёмлюся з адной са старэйшых удзельніц спартыўнага свята Тамарай Несцер з вёскі Забалацце Малюшыцкага сельсавета. Як паведала суразмоўца, сёлета будзе прымаць удзел у скандынаўскай хадзе. У папярэднія гады ўдзельнічала ў раённых, абласных, рэспубліканскіх спаборніцтвах, займала прызавыя месцы. На спартыўныя святы прыязджала пастаянна, удзельнічала ў спаборніцтвах па шахматах і ў лёгкаатлетычнай эстафеце. «Спорт люблю, гэта сэнс майго жыцця. 37 гадоў выкладала фізкультуру ў школе. Заклікаю людзей займацца спортам, ён дае сілу, энергію, прыгажосць», — гаворыць жанчына і нагадвае, што яна нават нарадзілася на Дзень фізкультурніка, які ў савецкія часы адзначаўся ў другую суботу жніўня, і лічыць гэта не выпадковасцю ў жыцці.

Намеснік старшыні СВК «Маяк-Заполле» па ідэалагічнай рабоце Вольга Грыгаровіч прызнаецца, што ў вялікім захапленні ад спартсменаў: яны не лічацца са сваім часам, а прымаюць актыўны ўдзел у спаборніцтвах не толькі на спартыўным свяце, але на працягу ўсяго года. «Нашы маякоўцы займаюць прызавыя месцы не толькі ў раённых, але ў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Неаднаразовы пераможца па гіравым спорце  Аляксандр Чужаўка. Гонар гаспадаркі ў такім відзе спорту, як тэст Купера, утрымлівае Ягор Качан, якому ў лістападзе споўніцца 70 гадоў», — апавядае ідэолаг. Вольга Яўгеньеўна адзначыла, што вельмі моцна любіць спорт, у школьныя гады была капітанам каманды па гандболе, а зараз адказная за арганізацыю спартыўна-масавай работы ў гаспадарцы з 2000 года. З задавальненнем назвала свайго першага трэнера Міхаіла Паўлавіча Бынду. Педагог падрыхтаваў не адно пакаленне спартсменаў, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у спорце на розных узроўнях.

Сям’ю Рамановіч з вёскі Малыя Жухавічы сустракаю на спартыўным свяце. Святлана расказвае: «Мы пастаянна ўдзельнічаем у мерапрыемствах раёна, вобласці, рэспублікі. Сёння прыехалі ўсёй сям’ёй: муж Аляксандр, дачка Алена, сыны Кірыл і Уладзіслаў. Будзем прымаць удзел у тэсце Купера, лёгкаатлетычнай эсафеце, падняцці гіры, гарадошным спорце. Спорт злучыў нас с мужам, пазнаёміліся на турзлёце ў Лузінаўцы, і спорт крочыць з намі па жыцці». Дачка Алена дадае: «Тата з мамай зараджаюць нас энергіяй. Мы глядзім на іх — і бяром прыклад. Спорт згуртоўвае сям’ю, мы — каманда».

Фізіятэрапеўт, старшыня прафкама ўстановы аховы здароўя «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца» Аляксандр Шашко адзначае, што перад камандай медустановы стаіць задача: паказаць свае аптымальныя вынікі, і каб іх спартыўныя нагрузкі не пашкодзілі здароўю. «Правядзенне спартыўнага свята накіравана на тое, каб людзі атрымалі эмацыянальны зарад, умацавалі сваё здароўе, і калі ў гэтым выпадку заваююць прызавыя месцы, будзе прыемным бонусам», — дадае старшыня прафкама.

» Калі мы вялі гутарку з Аляксандрам Чужаўка з вёскі Лясок Красненскага сельсавета, спартсмен паведаміў, што ўдзельнічаў у спаборніцтвах па падняцці гіры вагой 24 кілаграмы і падняў 181 раз. Пастаянна прымае ўдзел у спаборніцтвах і займае прызавыя месцы. Па яго меркаванні, спорт дае энергію і вынослівасць, павялічваецца працаздольнасць. Аляксандр Чужаўка працуе рабочым па рамонце пабудоў сельскагаспадарчага прызначэння ў СВК «Маяк-Заполле», спортам займаецца ўсё жыццё, захапленнем і працай задаволены.

Дзе, калі ні ў спорце, мужчына можа праявіць гібкасць розуму і прымаць хутка правільныя рашэнні», — разважае Іван Траяновіч з аграгарадка Цырын і апавядае аб тым, што ў спорце з дзяцінства. Займаўся ўсімі відамі, якія выкладалі ў школе. У дарослым жыцці прадаўжае падтрымліваць сяброўства: удзельнічае ў рознага роду спаборніцтвах і займае прызавыя месцы. Далей прызнаецца, што любіць гульнявыя віды, узаемадзеянне ў камандзе. Знаходзіць зносіны з людзьмі, і нават індывідуальныя віды спорту садзейнічаюць устанаўленню сяброўскіх адносін. «Вельмі прыемна займаць прызавыя месцы, але заўсёды трэба думаць, што хтосьці мацней за цябе. Фізкультура і спорт даюць магчымасць дасягнуць лепшых вынікаў і мабілізуюць да здаровага ладу жыцця», — рэзюмаваў Іван Траяновіч.

На думку старшыні Карэліцкага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Наталлі Галушкі, спартыўныя святы згуртоўваюць людзей ўсіх узростаў, даюць магчымасць раскрыцца і мець зносіны з людзьмі. «Спорт — актыўны лад жыцця, які дорыць добры настрой і радасць жыцця. Радуе тое, што на Карэліччыне шмат яго прыхільнікаў», — адзначае старшыня ФСК.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ 

1